Праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што з 23 студзеня пад масавыя затрыманьні трапілі больш за 200 чалавек. Большасьць зь іх — за атрыманьне дапамогі праз гуманітарны праект IneedHelpBy. Гэта ініцыятыва беларусаў замежжа, якія дапамагалі сваякам рэпрэсаваных прадуктамі. На волю пасьля допытаў і ператрусаў выйшлі ня ўсе. Паводле праваабаронцаў, на некаторых затрыманых завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Некаторых асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў.
Як стала вядома Свабодзе зь некалькіх крыніц, пасьля арыштаў 23 студзеня прынамсі ў некалькіх выпадках сілавікі завялі крымінальныя справы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-2 Крымінальнага кодэксу).
Гаворка ідзе пра дапамогу зь перадачамі ў СІЗА для затрыманых паводле палітычных артыкулаў. Людзей, якія дапамагалі зьняволеным зь перадачамі, палохаюць крымінальнай адказнасьцю. Па словах суразмоўцаў, пракуратура рассылае людзям адпаведныя лісты. Адзін зь іх ёсьць у рэдакцыі Свабоды. Прадстаўнік пракуратуры піша, што «намі ўстаноўлена, што вы ў 2021-2023 гадах перадавалі перадачы ў СІЗА людзям, абвінавачаным паводле артыкулаў у тым ліку за экстрэмісцкую дзейнасьць, артыкул 361-1». Таксама ліст зьмяшчае папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Па словах суразмоўцаў, якія на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся расказаць пра дэталі падзей, сілавікі не пакідаюць у спакоі і сваякоў тых, каго затрымалі 23 студзеня.
«Майго сябра затрымалі 23 студзеня, далі 15 сутак нібыта за нейкую спасылку на „экстрэмізм“. Цяпер міліцыя чэпіцца да мяне. Прыходзілі, выпытвалі, ці ён атрымліваў дапамогу ад фондаў, за што мы ўвогуле жывём. Паводзілі сябе вельмі нахабна, пагражалі і мне таксама», — расказала Свабодзе сяброўка аднаго з затрыманых.
Раней СК адмаўляўся прызнаць перадачы ў СІЗА «фінансаваньнем экстрэмізму»
У канцы верасьня 2021 году ў так званай «справе Зельцара» затрымалі гомельскага актывіста і валянтэра Ільлю Міронава. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці (артыкул 361-2 КК). Пад фінансаваньнем сьледчыя мелі на ўвазе перадачы зьняволеным у СІЗА, якія рабіў Ільля Міронаў. Але да суду абвінавачаньне не дайшло, яго зь Міронава зьнялі.
З пастановы вынікала, што органы падазравалі валянтэра ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» таму, што ён на сваёй старонцы ў Facebook заклікаў прыносіць яму харчы і рэчы для перадачы асуджаным у СІЗА.
Праверка паказала, што Міронаў сапраўды перадаваў прадукты і сродкі гігіены ў СІЗА. Але «зьвестак пра тое, што на тэрыторыі СІЗА існуе экстрэмісцкае фармаваньне зь ліку асоб, якія там утрымліваюцца, не атрымана». Пры гэтым «прадукты харчаваньня і сродкі гігіены ня могуць быць выкарыстаныя для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці».
«Улічваючы абмежаваньне правоў асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, занятак імі экстрэмісцкай дзейнасьцю ва ўмовах СІЗА ня можа ажыцьцяўляцца», — напісалі сьледчыя ў пастанове. У выніку крымінальную справу спынілі «праз адсутнасьць складу злачынства».
Дзейнічаюць не па законе, а па «мэтазгоднасьці»
Праваабаронца Леанід Судаленка адбыў у калёніі тры гады, у тым ліку за салідарнасьць. Адно з абвінавачаньняў палягала ў тым, што Судаленка заклікаў карыстальнікаў Facebook дапамагчы шматдзетнай маці купіць дровы на зіму. Сьледзтва расцаніла гэта як «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Падставай стала тое, што муж шматдзетнай жанчыны быў затрыманы за «масавыя беспарадкі».
«Калі мяне затрымалі і кінулі ў СІЗА, мне ў віну ставілі дапамогу шматдзетнай сям’і дровамі! Гэта проста за мяжой здаровага сэнсу, бо няма закону, які забараняе ахвяраваньні. Паводле Грамадзянскага кодэксу (артыкул 553) кожны мае права ахвяраваць у агульнакарысных мэтах. Мне на судзе пракурор даводзіў, што дровы шматдзетнай сям’і, бацька якіх затрыманы за масавыя беспарадкі, не зьяўляюцца агульнакарыснай мэтай. На гэта я яму адказаў: «Паслухайце, калі для вас дзеці, якія замярзаюць, не зьяўляюцца агульнакарыснай мэтай, гэта вашы праблемы, а ў мяне іншае меркаваньне», — пракамэнтаваў Леанід Судаленка.
Ён лічыць, што сёньняшнія дзеяньні ўлады безумоўна супярэчаць Грамадзянскаму кодэксу, артыкулу аб ахвяраваньнях.
«Але ж мы бачым, што цяпер яны дзейнічаюць не па законе, а па „мэтазгоднасьці“. А мэта адна — любой цаной задушыць салідарнасьць. Я ў турме перачытаў Салжаніцына. Там быў эпізод, як рабацягу з маскоўскага заводу на 10 гадоў у лягер адправілі. А калі ягоныя калегі жонцы з траімі дзецьмі хто крупамі, хто капейкамі сабралі дапамогу, іх таксама залічылі ў ворагі народу. На жаль, наша любімая краіна скочваецца ў найгоршыя практыкі сталінскіх рэпрэсій», — зазначыў Судаленка.