Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хлусі. Не крадзі. Не забівай». Турэмныя вершы беларускіх палітвязьняў 


Палітвязьні Максім Знак, Павал Севярынец, Павал Белавус, Андрэй Кузьнечык, Рыгор Кастусёў. Каляж
Палітвязьні Максім Знак, Павал Севярынец, Павал Белавус, Андрэй Кузьнечык, Рыгор Кастусёў. Каляж

Сабралі нізку вершаў, якія цяперашнія беларускія палітвязьні напісалі за кратамі. 

29 кастрычніка беларусы па ўсім сьвеце адзначаюць Ноч (не)расстралянай паэзіі. У гэтую ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску, як мяркуецца, ва ўрочышчы Курапаты, савецкая ўлада расстраляла 108 беларускіх інтэлігентаў — дзяржаўных, культурных дзеячоў, навукоўцаў, настаўнікаў. Сярод іх былі 22 літаратары: Юры Таўбін, Алесь Дудар, Міхась Чарот, Валеры Маракоў, Юрка Лявонны, Ізі Харык, Мойшэ Кульбак і іншыя.

Гэты расстрэл стаў самым трагічным момантам хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Яна доўжылася з 1929 па 1938 год і закранула больш за 500 дзеячоў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек выслалі за межы Беларусі, некалькі соцень расстралялі, дзясяткі загінулі ў ГУЛАГу.

Амаль праз сто гадоў у беларускіх турмах знаходзяцца паўтары тысячы толькі вядомых праваабаронцам палітвязьняў. Пасьля 2020 году ў Беларусі праз палітычныя арышты прайшлі дзясяткі тысяч чалавек. Многія зь іх — прадстаўнікі інтэлігенцыі, дзеячы культуры, навукі, палітыкі, грамадзкія актывісты.

Павал Севярынец

Палітык, пісьменьнік, адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту», адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Паўлу 46 гадоў, жанаты, мае малога сына. Асуджаны на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму. Гэта трэцяе пазбаўленьне волі беларускага дзеяча. Ён за кратамі ўжо 3 гады і 4 месяцы. Падчас зьняволеньня ў Паўла памёр бацька, разьвітацца не адпусьцілі.

Павал Севярынец у судзе. Архіўнае фота
Павал Севярынец у судзе. Архіўнае фота

***

Сястры Ганьне

Ён не сказаў, што будзе лёгка,

Ён абяцаўся быць з табой,

І Ён заўсёды недалёка:

Захочаш — і убачыць вока,

Паверыш — і кранеш рукой.

Ён не сказаў: «Папросіш цуду —

Зраблю табе, як фокус, цуд».

Я проста буду. Побач буду.

Забудзеш ты — я не забуду.

Ты ў брудзе — я з табой у бруд.

Ты плачаш? Ён з табою плача.

Сьмяесься? — Сьмешна і Яму.

Ён не дае табе задачаў,

Не прымушае жыць іначай,

Што хоча Ён? Цябе саму.

Схаваўся у віне ды хлебе,

Ў тваёй душы — і угары.

З табою — у любой патрэбе:

Ты хочаш вечна жыць на небе?

Я заплаціў. Тваё. Бяры.

Калі адчыненыя дзьверцы —

Ён прывядзе у твой пакой

Анёлаў і адзінаверцаў,

Як толькі адгукнецца сэрца

На ціхі шэпт: «Ідзі за мной».

12 кастрычніка 2023 году, горадзенская турма

* * *

Беларуская — мова любові.

Ненавідзець — ня ў нашай крыві.

Бо сказана у нашай мове:

«Пачынаецца ўсё з любві».

Беларуская — мова любові.

Толькі сэрцам магчыма пачуць:

Тут крыніцы бруяць у размове

І над кветкамі пчолы гудуць.

Беларуская — мова любові,

І, каб бліжні бяз клопату жыў,

Мы і родным у шчасьці адмовім,

І сябе аддадзім на крыжы.

Беларуская — мова любові.

Гэтай мовы у нас не адняць:

Мы і храмы, і замкі адновім,

Каб маліцца, сьпяваць і кахаць!

Беларуская — мова любові,

І калі ты яе зьбярог,

Нават у адзінюткім слове

Цябе ў вусны цалуе Бог.

Беларуская — мова любові:

Хрысьціянаў з усіх краёў

У Самім Хрысьце як аснове

Беларусь яднае наноў.

Адгукнецца ў Менску і Шклове:

«Не хлусі. Не крадзі. Не забі».

Беларуская — мова любові.

Калі ты беларус — любі.

5 лютага 2023 году, шклоўская калёнія

Андрэй Кузьнечык

Журналіст беларускай службы Радыё Свабода, роварны актывіст. Андрэю 44 гады, жанаты, мае дваіх малых дзяцей. Яго асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за працу журналістам. За кратамі ўжо амаль два гады. Працуе ў калёніі на лесапілцы. У зьняволеньні пачаў пісаць вершы для сваіх дзяцей, але стварае ня толькі дзіцячыя вершы.

Андрэй Кузьнечык. Архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык. Архіўнае фота

***

Хоць да неба мур — за сэрца не вышэй.

За гадамі дом — а душы ўсё бліжэй.

Хоць на сьвята мне з гасьцінцам не прыйсьці,

Не бяды — я зачарую канфэці.

Зь пілавіньня і любові канфэці,

Узьвіхурся і да родных паляці,

Тры жаданьні ўрэчаісьні, тузін мрой,

Затулі ад ліха роспачнай парой;

Блісьні іскрамі нязломнасьці ў вачах,

Каб разьвеяўся задушлівы адчай;

Стань на лёсцы лёсу зьнічкаю, каб той

З мора змроку шчасьце выцягнуў вудой.

І ў расе, сьняжынках, квецені, лісьці —

Блізіні маёй часьцінкай-канфэці.

(Толькі свой заклён разьвеяць не магу

Ў пазачасьсі на чароўным тартаку).

22 кастрычніка 2023 году, наваполацкая калёнія

Уладзімер Гундар

Актывіст, краязнаўца. Інвалід другой групы, ня мае нагі. Уладзімеру 63 гады. Яго асудзілі на 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за падрыхтоўку тэракту. За кратамі амаль тры гады. У зьняволеньні часткова страціў слых.

Уладзімер Гундар. Архіўнае фота
Уладзімер Гундар. Архіўнае фота

* * *

У сьвеце, якім бы ён ні быў, чалавек шукае справядлівасьць.

І ў жыцьці чалавек любові да справядлівасьці імкнецца.

Але ў сьвеце, дзе людзі зло актыўна культывуюць,

Справядлівым цяжка чалавеку заставацца.

Калі ў чалавека несправядліва адымаюць свабоду,

Яму цяжка ў няволі перажываць сваю бяду,

Заставацца непераможаным злом чалавеку.

І як справядлівасьцю і дараваньнем напоўніць сэрца?

Замест таго каб сілы на помсту траціць,

Сэрца будзем напаўняць, як апостал Пётра вучыць:

«Не аддавайце злом на зло і злозычэньню ня зычце злога».

Дабраслаўляйце, вы пакліканы дабраслаўленьне ўспадкаеміць.

Мы будзем дараваць і жадаць дабра

Тым, хто, не разумеючы, зло людзям творыць,

Не апраўдваючы іх злых учынкаў, будзем выказваць

Ім недасягальную Ласку і Божую міласьць.

На крыжы Ісус за нашы грахі цярпеў,

Каб мы атрымалі Божую ласку

І дзяліліся ёю, нават з тымі,

Хто нам боль, зьдзек і зло чыніў.

Сакавік 2023 году, горадзенская турма

Павал Белавус

Культурны мэнэджар, заснавальнік пляцоўкі «Арт Сядзіба», стваральнік крамы тавараў з нацыянальнай сымболікай Symbal.by, адзін з арганізатараў сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР у Менску. Паўлу 36 гадоў, жанаты, мае двое малых дзяцей. Яго асудзілі на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за ягоную грамадзкую дзейнасьць. За кратамі ўжо амаль два гады. У зьняволеньні пачаў пісаць вершы для сваіх дзяцей. Ягоныя вершы можна знайсьці ў сеціве па хэштэгу #вершыбелавуса.

Павал Белавус у судзе. Архіўнае фота
Павал Белавус у судзе. Архіўнае фота

* * *

Тут няма ні сваіх, ні чужых,

Як праклён кожны носіць свой боль,

Як удар, што патрапіў пад дых,

Памнажаючы праўду на ноль.

Тут надзея, як грукат трамвая,

Што бяжыць праз штодзённы палон:

Ці дарога дадому чакае,

Ці на рэйках расплюшчыць вагон.

Не схаваць тут свайго недаверу,

Не убачыць пяшчоты ў вачах,

Бо адныя будуюць кар’еру,

А другія рыхтуюць замах.

Тут сяброўства, як дым цыгарэты.

Дым зьнікае, бычок — у вядро.

Тут ня варта расказваць сакрэты

І даверліва верыць ў дабро.

Грэе кубачак цёплай гарбаты,

Шум з вакна на сустрэчу заве.

Калі шлях да свабоды закрыты,

Пабудуй гэты шлях у галаве.

13 лютага 2022 году, СІЗА № 1 Менску

Рыгор Кастусёў

Старшыня партыі БНФ. Яму 66 гадоў. У зьняволеньні ў яго выявілі анкалягічнае захворваньне. Рыгора Кастусёва асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта «змову з мэтай захопу ўлады». Ён за кратамі ўжо 2,5 года.

Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота
Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота

***

Валадарка, Валадарка,

Колькі ў назьве той тугі.

Дзе жыцьцё ідзе ня шпарка,

Быццам бы «на паўнагі».

Тут даўно усё зьмяшалась:

Час вякоў, што не забыт,

Лёсы ўсіх, каму дасталась

Паспытаць мясцовы быт.

Ў сьценах гэтых гістарычных

Дух пакут ад даўніны.

Дуніна — часоў трагічных,

Коласа — начныя сны.

Ці прадставіць мог Пішчалаў,

Як тут доўгія гады

Ўсіх карала і зьнішчала

Сіла зла, людзкой бяды.

Два стагодзьдзі ўсё бязь зьменаў

Адбываецца працэс.

І ў наш дзень да гэтых сьценаў

Не дайшоў людзкі прагрэс.

Ды надзеі не губляе

Годны люд, што тут сядзіць.

Волі сьцяг шчэ залунае,

Каб свабодзе, праўдзе быць.

Лістапад 2022 году, СІЗА № 1 Менску

Андрэй Аляксандраў

Журналіст, мэдыямэнэджар, паэт, футбольны заўзятар. Андрэю 45 гадоў. Яго асудзілі на 14 гадоў калёніі агульнага рэжыму за тое, што дапамагаў беларусам выплачваць штрафы, прысуджаныя з палітычных прычынаў. Разам зь ім затрымалі і асудзілі на 9 гадоў калёніі ягоную нявесту Ірыну Злобіну. Пара ўзяла шлюб у турме пасьля прысуду. Андрэй за кратамі ўжо 2 гады і 9 месяцаў. Працуе ў калёніі на дрэваапрацоўцы, зьбівае скрыні і паддоны.

Андрэй Аляксандраў. Архіўнае фота
Андрэй Аляксандраў. Архіўнае фота

* * *

#

Калі на неба глядзіш праз краты,

ня бачыш кратаў, а бачыш неба.

Учорашні хлеб пахне цьвільлю і стратай,

а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.

Ты кажаш: неба — падман аптычны.

Але падман — гэта краты, вер мне!

Бо краты — толькі хэштэг,

як звычка,

А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.

Ды справы няма да хэштэгаў небу,

пра трэнды неба зусім ня ў курсе,

яно пад нагамі ня чуе глебы,

ня лічыць стагодзьдзяў і хлебных лустаў.

І неба цягне аблокаў вату

над часам — адзінае, што жыве.

І неба таксама ня бачыць кратаў,

калі ўглядаецца ў неба ўва мне.

21 ліпеня 2021 году, СІЗА № 1 Менску

* * *

Тут лета. І пекла. Жыцьцё ў адпачынку.
Навіны прыходзяць хутчэй за лісты.
Любоў у лістах, у навінах — Навінкі.
Зрываюцца пляны. Зрывае балты.

Кіно пра вайну. Батальёны на маршы.
Ляціць самалёт. Камісар кліча ў бой.
Тут пекла і так — але вораг наш страшны.
Палонных ня браць! Мы ваюем з сабой.

Сядай, калі ласка. Сядзі. Будзь як дома.
Такая сьпякота! Сядзі, пачакай.
Адпусьціць вайна і пякельная стома —
І шляхам адвечным пацягнемся ў рай.

Лета 2021 году, СІЗА № 1 Менску

Дзьмітры Семчанка

Вядоўца тэлеканалу АНТ, звольніўся ў жніўні 2020 году на знак пратэсту супраць гвалту над пратэстоўцамі. Яму 40 гадоў. Дзьмітрыя асудзілі на тры гады калёніі. За кратамі больш як год.

* * *

Тры крокі да дзьвярэй — такі шпацыр.

Ну, а далей да шконкі толькі бокам.

А колькі да вачэй тваіх ісьці?

А колькі гэта будзе маіх крокаў?

Ня ведаю, але раблю заўжды

Тры крокі, потым зноў тры крокі,

І мой упарты рух туды-сюды

Ня спыніцца, пакуль трымаюць ногі.

Забараняюць легчы — не бяда,

Калі даюць зрабіць тры крокі.

Тут моляцца амаль усім багам:

Алаху, Крышну, Езусу і Локі.

Я веру ў тое, што іду туды,

Дзе нашы ўрэшце сыдуцца дарогі.

Двух лёсаў, цесна сплеценых, шляхі

Яшчэ бліжэй праз кожныя тры крокі.

Люты 2023 году, СІЗА № 1 Менску

Максім Знак

Адвакат, заснавальнік юрыдычнай фірмы, удзельнік штабу Віктара Бабарыкі, трыятляніст, музыка, паэт. Максіму 42 гады, жанаты, ёсьць сын. Яго асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта «змову з мэтай захопу ўлады». За кратамі ўжо больш як 3 гады. У апошнія 8 месяцаў блізкія ня маюць ніякай інфармацыі, што адбываецца з Максімам, сувязь зь ім зьнікла. Напісаў у зьняволеньні некалькі кніг прозы.

Максім Знак. Архіўнае фота
Максім Знак. Архіўнае фота

* * *

Бульба

Яны думалі — нас пахавалі...

А мы — бульба! Як нас пахаваць?

Мы зялёным зямлю прабівалі,

Спрабавалі да неба дастаць.

Яны рэзалі нас на кавалкі,

Але кожны прарваўся наверх.

Стала болей нас! Неспадзяванка!

Вось! Трымайце яшчэ адзін мех!

Яны ў цемры мяхі пакідалі,

Яны думалі, гэта адказ.

Але мы прарасталі ў падвале!

Мы — жывыя! Ня зьнішчыце нас!

18 верасьня 2020 году, СІЗА № 1 Менску

Сяргей Ціханоўскі

Блогер, аўтар youtube-каналу «Страна для жизни», муж беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. Сяргею 45 гадоў, у сям’і двое дзяцей. Ціханоўскага асудзілі на 19,5 года калёніі строгага рэжыму за тое, што хацеў стаць прэзыдэнтам. За кратамі 3 гады і 5 месяцаў. Некалькі разоў хтосьці распаўсюджваў чуткі, нібыта Ціханоўскі памёр у турме, пазьней іх зьняпраўджвалі.

Сяргей Ціханоўскі. Архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі. Архіўнае фота

***

Кто мы?

Мы могли бы построить мосты,

Но построили стены вокруг.

В мире радости жить, а не лжи,

Там, где нет ни рабов и ни слуг.

Мы могли бы детей нарожать,

Чтобы множилась наша страна.

Но заставили нас уезжать:

Тридцать лет утекли в никуда.

Мы могли бы остаться людьми,

И никто бы не крал голоса:

Никогда ведь не видели мы,

Чтобы честно решалась судьба.

Мы могли бы начать доверять,

На доверии строить дела.

А тогда и других поддержать

Мы не дрогнули бы никогда.

Мы могли бы себя уважать,

Понимать, что у нас есть права.

Но наш выбор — терпеть продолжать,

Повторяя: «Абы не вайна!»

Но теперь дожились до войны.

И весь мир уже видит, кто мы.

Красавік 2022 году

Дзьмітры Юртаеў

Дзіцячы паэт, празаік, выкладчык. Дзьмітрыю 45 гадоў. Падчас затрыманьня сілавікі прымусілі яго чытаць вершы на камэру. Яго асудзілі на 2 гады калёніі. Дзьмітры за кратамі больш як год.

Дзьмітры Юртаеў. Архіўнае фота
Дзьмітры Юртаеў. Архіўнае фота

* * *

Мы встретимся там, где нет темноты,

Где пахнут, как мёд, полевые цветы,

Где солнце встаёт в лесных берегах

И лодка плывёт по воде в облаках.

Мы встретимся там, где нету обид,

От глаз ледяных на душе не знобит,

Где взгляды не лгут, а манят светлом,

И даже в мороз согревают теплом.

Мы встретимся там, где мир и покой,

Где полдень стоит над притихшей рекой

И бриз заплутал в твоих волосах,

И времени нет вообще на часах.

Мы встретимся там, где в прошлом весь страх,

Тревога и боль растворятся в стихах,

Где к дому в траве тропинка бежит,

Как тонкая нить под названием жизнь.

Травень 2023 году, СІЗА № 1 Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG