«Ордэн Маці — толькі для ўзорных беларусак», — паведамляе дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны». З 6 студзеня дня набываюць моц папраўкі да закону «Аб зьмяненьні законаў», якія былі прынятыя ў лістападзе мінулага году.
Згодна зь імі, больш жорсткімі становяцца парабаваньні да судзімасьцяў шматдзетнай маці.
«Калі раней ордэнам нельга было ўганараваць тых, хто меў судзімасьць, не беручы да ўвагі зьнятую альбо пагашаную, то цяпер будзе ўлічвацца любая, нават даўно пагашаная. Мінулы варыянт закону дазваляў даваць ордэн маці, якія два ці болей разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне грамадзкага парадку і паводле некаторых іншых артыкулаў КаАП, калі тэрмін пакараньня выйшаў, але цяпер тэрмін ролі ня грае», — паведамляе дзяржаўнае агенцтва.
У беларускіх пратэстах актыўна ўдзельнічалі шматдзетныя жанчыны. Правабарончаму цэнтру «Вясна» вядома як мінімум пра чатырох шматдзетных маці, якія па выніках пратэстаў апынуліся за кратамі ў крымінальных справах.
Вядомыя таксама выпадкі пакараньня шматдзетных маці ў палітычна матываваных адміністрацыйных справах.