Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое грамадзян Эстоніі знаходзяцца ў турмах Беларусі, — эстонскае МЗС


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Трое грамадзян Эстоніі па-ранейшаму знаходзяцца ў беларускіх турмах, заявіў 19 лістапада міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна на сумеснай прэс-канфэрэнцыі зь лідэркай дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, паведамляе Postimees.

«Мы ведаем, што яны там. Мы зь імі ў кантакце і імкнёмся іх падтрымліваць», — сказаў Цахкна, адказваючы на пытаньне Postimees пра магчымасьць вызваленьня грамадзян Эстоніі зь Беларусі.

Больш падрабязнай інфармацыі пра эстонцаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ў Беларусі, міністар не агучыў. Таксама ён не адказаў на пытаньне Postimees, ці можна лічыць кагосьці з арыштаваных рэжымам Лукашэнкі эстонцаў палітычнымі вязьнямі.

Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у Эстоніі на запрашэньне эстонскага МЗС. У яе заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду, кіраўнікамі міністэрстваў, парлямэнту Эстоніі і сябрамі парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Падчас сустрэчы з Маргусам Цахкнам Ціханоўская ўручыла яму ўзнагароду Аб’яднанага пераходнага кабінэта «Крыж добрасуседзтва» за ўнёсак у пабудову адносінаў з дэмакратычнай Беларусьсю.

  • Беларускія ўлады з палітычных матываў перасьледуюць ня толькі грамадзян сваёй краіны, пад рэпрэсіі трапляюць і замежнікі.
  • Паводле зьвестак праваабаронцаў на канец верасьня 2024 году, сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у Беларусі ў палітычных крымінальных справах. Зь іх 30 чалавек прызнаныя палітвязьнямі. Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады, паводле зьвестак праваабаронцаў, трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану. Грамадзяне Эстоніі ў апошняй справаздачы праваабаронцаў ня згадваліся, але зьвесткі праваабаронцаў могуць быць няпоўныя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG