Вольга Залатар: «Ува мне гарыць каханьне. Любоў да маёй сям’і, а таксама ўсіх людзей, у тым ліку маіх крыўдзіцеляў»
Вольга Залатар — жыхарка Ждановічаў. Скончыла Ліцэй БДУ і Факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ. Вольгу называюць «маці-гераіня», бо ў сям’і пяцёра непаўналетніх дзяцей: чатыры дачкі і сын. Старэйшай дачцэ на момант затрыманьня бацькоў было 17 год, малодшаму — чатыры.
Вольга была назіральніцай на выбарах 2020 году. Займала актыўную пазыцыю ад самага пачатку пратэстаў. Яе тройчы затрымлівалі, правяла ў ЦІПе 5 дзён. Працавала валянтэркай ля Акрэсьціна.
У сям’і былі квіткі на самалёт на 19 сакавіка 2021 году — зьбіраліся адпачыць у Турэччыне. А 18 сакавіка раніцай Вольгу затрымалі, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Сілай выбівалі пароль ад тэлефона — адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках, шыі і ягадзіцах. У доме 10 супрацоўнікаў ГУБАЗіКа правялі ператрус. Сяргею Ганкевічу далі 10 сутак. На Вольгу завялі крыміналку.
Залатар абвінавацілі ў тым, што яна стварыла чаты «Ждановічы сёння», «Ждановичи 2020 — клуб любителей песен Цоя» (іх прызналі экстрэмісцкімі 22.10.2021, праз 7 месяцаў пасьля затрыманьня Вольгі). Яна нібыта «фармавала склад чатаў, фінансавала, разьмяркоўвала ролі, распаўсюджвала інфармацыю пра месцы збору, вяла кантроль па напаўненьні экстрэмісцкімі матэрыяламі, арганізоўвала вольны час».
Суд над Вольгай Залатар быў закрыты. Прысуд вынесла судзьдзя Анастасія Папко. Пракурорка Жанна Баранава прасіла суд прыгаварыць Залатар да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Далі чатыры.
У апошнім слове на судзе Вольга Залатар прамовіла: «Я тут, бо жыву па Божым запавеце. Я тут, бо я мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка я стаю на пазыцыі чалавечай годнасьці і духоўных каштоўнасьцяў. Усе мае дзеяньні і выказваньні падрыхтаваныя зь любоўю да людзей і зь нянавісьцю да хлусьні і гвалту...» І завяршыла апошняе слова яна цытатай з Уладзімера Караткевіча: «„На Беларусі Бог жыве“. Жыве Бог! Жыве вечна».
У адным зь лістоў Вольга расказала, што ў Гомельскай калёніі яна шые летнія курткі для міліцыянтаў. І што яе абмяжоўваюць у перапісцы — часта не аддаюць лісты.
Вольга таксама напісала родным: «Ува мне гарыць каханьне. Любоў да маёй сямʼі, а таксама ўсіх людзей, у тым ліку маіх крыўдзіцеляў».
Алена Маўшук: «Схільная да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праяўленьня агрэсіі»
Шматдзетную маці Алену Маўшук затрымалі ўначы 10 жніўня 2020 году ў Пінску. Паводле словаў міліцыянтаў, жанчына нібыта з палкай замахваліся на супрацоўнікаў міліцыі. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Муж Алены і дзеці ня ведалі пра яе месцазнаходжаньне і стан на працягу чатырох сутак. Пазьней зь імі зьвязалася сукамэрніца і расказала, што Алена ў камэры «голая, босая, зьбітая, уся ў сіняках».
Алену ў СІЗА паставілі на ўлік як «схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праяўленьня агрэсіі». Таксама жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў.
30 красавіка 2021 году Алену Маўшук асудзілі на 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Яе мужа Сяргея Маўшука асудзілі на 6,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду Алена напісала ў сшытку: «Я павешуся» і паказала прысутным у судовай залі. У тэлефанаваньнях з калёніі Алена паведамляла блізкім, што да яе ўжываюць фізычны і псыхалягічны гвалт, пазбавілі ўсіх перадач і спатканьняў, яна рэгулярна атрымлівае пакараньні і знаходзіцца ў прыгнечаным псыхалягічным стане. Алену Маўшук пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Усяго ў сям’і Алены і Сяргея пяцёра дзяцей: Юлія, Карына, Ангеліна, Вольга і Дзяніс. Двое непаўналетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасьня 2020 году забіралі ў сацыяльны прытулак са школы, хоць муж Алены быў яшчэ на свабодзе, але ён дзяўчынцы айчым. Потым апеку над Ангелінай аформіла хросная маці. Карыну таксама забіралі ў прытулак, цяпер яна ў Клецку ў сваякоў.
Алена Маўшук адбывае пакараньне ў Рэчыцкай жаночай калёніі.
«Багіня каляровых макіяжаў»
У Вольгі Томінай 560 тысяч падпісчыкаў у Інстаграм, студыя візажу і трое дзяцей — 13-гадовыя блізьняты-дочкі і 11-гадовы сын. У прафэсійных колах яе звалі «багіняй каляровых макіяжаў».
Вольга — заснавальніца студыі і школы макіяжу ANATOMIA. Яе майстар-класы праходзілі па ўсім сьвеце. Да таго як стаць візажыстам, Томіна скончыла эканамічны факультэт і вывучылася на графічнага дызайнэра.
Вольгу Томіну арыштавалі за ўдзел у маршах па фатаздымках з акцый 2020-га праз паўтара года, увесну 2022-га.
Затрымалі яе 9 сакавіка, якраз напярэдадні дня нараджэньня сына. Потым праўладныя тэлеграм-каналы з вялікім задавальненьнем і цынізмам абмяркоўвалі, што магла б сьвяткаваць, а апынулася на нарах.
«Пра гэтую дамачку аповед можна пачынаць са слоў «Жыла-была Оля». І далей — пра пасьпяховы бізнэс, траіх дзяцей, вялікія заробкі, добрую кватэру ў цэнтры. Увогуле, «усё гэта яна прамяняла на турэмныя нары, будзе зараз мэйкап сукамэрніцам рабіць», — пісалі тэлеграм-каналы сілавікоў.
Жанчыну прымусілі запісаць пакаяльнае відэа — нібыта ў абмен на свабоду. Аднак падманулі, а відэа разьмясьцілі на яе старонцы ў Інстаграм, узламаўшы акаўнт.
У СІЗА Вольга Томіна «наводзіла прыгажосьць» усім сукамэрніцам і давала майстар-класы: малявала стрэлкі і вусны, а яшчэ кожны дзень рабіла па 200 прысяданьняў і 200 «скручваньняў».
26 траўня 2022 году судзьдзя Ленінскага раёну сталіцы Юлія Шут прызнала палітзьняволеную шматдзетную маці Вольгу Томіну вінаватай і прызначыла ёй 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
«Датычная да тэрарыстычнай дзейнасьці»
Да дэкрэтаў Тоня Канавалава працавала дыспэтчарам у лягістычнай кампаніі, потым лягістам. Калі пачалася прэзыдэнцкая кампанія, шукала працы. Летам 2020 году пайшла ў каманду Ціханоўскай, стала даверанай асобай кандыдаткі на прэзыдэнта.
Антаніну затрымалі 6 верасьня 2020 году і аштрафавалі на 40 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Аднак пасьля суду на свабоду яна ня выйшла — завялі крыміналку. На пачатку кастрычніка 2020-га затрымалі мужа Антаніны Сяргея Ярашэвіча.
7 траўня 2021 году ў Менскім абласным судзе вынесьлі прысуды фігурантам справы па тэлеграм-канале «Армия с народом». Антаніну Канавалаву і Сяргея Ярашэвіча асудзілі на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
24 траўня 2022 году КДБ унёс Антаніну ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». У калёніі жанчына атрымала інваліднасьць па зроку.
У Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча двое дзяцей. Дачцэ Насьці 7 гадоў, сыну Івану 9. Дзеці з бабуляй Ганнай Канавалавай жывуць цяпер у Польшчы. Зрэдку дзеці размаўляюць з бацькамі празь відэасувязь. Па словах родных, яны ўжо разумеюць, што такое турма, у якой бацькі апынуліся за тое, што «хацелі пабудаваць краіну для жыцьця». І суцяшаюць маці, каб ня плакала.
6-гадовы сын у прытулку
Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык 19 верасьня 2022 году асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Судзьдзя Павел Клімаў правёў працэс у закрытым рэжыме.
Першы раз Алену Лазарчык затрымалі 17 верасьня 2020 году, калі яна выходзіла з офісу праваабарончага цэнтру «Вясна». Тады яе ні ў чым не вінавацілі, не складалі пратаколаў — проста пратрымалі ў аддзяленьні да 23 гадзіны. А шасьцігадовы сын-першакляшка Арцём у той дзень апынуўся ў прытулку. Фармальная прычына — маці не забрала сына з прадлёнкі. З бацькам Арцёма Алена даўно разышлася, але ў школе былі запісаныя тэлефоны яе блізкіх сваякоў: бацькоў і старэйшай паўналетняй дачкі Марыны. Замест таго каб патэлефанаваць родным і папрасіць забраць дзіця, яго адвезьлі ў прытулак.
Гісторыя хутка разьляцелася па сацыяльных сетках, і ў суботу 19 верасьня 2020 году каля прытулку Фрунзэнскага раёну Менску сабраліся сотні людзей — з падарункамі для Арцёма, з плякатамі «Не чапайце дзяцей!», якія павесілі на плот. Хлопчыка аддалі маці, людзі пайшлі на жаночы марш. На тым маршы пазьней затрымалі грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ і яшчэ дзьве сотні жанчын.
Алена Лазарчык працягвала хадзіць на ўсе акцыі пратэсту. Як і раней, яна працавала ў ЖЭС. 30 сьнежня 2021 году ў кватэру Алены ўварваліся сілавікі. Маці пасьпела разьвітацца з Арцёмам і паабяцаць яму, што хутка вернецца. Апеку над братам аформіла старэйшая дачка Марына. Спачатку, расказвала яна, у сямігадовага Арцёма былі гістэрыкі, ён адмаўляўся заходзіць у мамін пакой. Цяпер ён вучыцца ў чацьвёртай клясе і піша маці лісты ў турму. Калі яе вызваляць, Арцёму будзе 15.
12 кастрычніка праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што з моманту пераводу Алены ў Гомельскую калёнію (са студзеня 2023 году) да яе ні разу не дапусьцілі адваката. У жніўні перадача да яе не дайшла, апошні ліст ад жанчыны прыйшоў на пачатку верасьня. Верагодна, яе зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА альбо ПКТ. Алена асуджаная на 8 гадоў пазбаўленьня волі.