З чым зьвязаны рост курсу даляра і ці будзе гэтая тэндэнцыя працягвацца? Адказваюць старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc, эканамістка Анастасія Лузгіна, а таксама эканамічны блогер і прадпрымальнік Аляксандар Кныровіч.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Анастасія Лузгіна: Трэба разумець, што на сёньняшні дзень Нацыянальны банк прытрымліваецца рыначнага курсу. Ён не фіксуе курс, курс усталёўваецца рынкам. Адпаведна, зыходзячы з гэтага, на падставе попыту і прапановы мы і бачым сёньняшні ўсталяваны курс. Зьмена курсу можа быць абумоўленая дзьвюма групамі фактараў. Гэта могуць быць унутранаэканамічныя, зьвязаныя з эканомікай Беларусі, ці вонкавыя фактары. На сёньня асноўны ўплыў на дынаміку курсу беларускага рубля ў адносінах да даляра аказвае, безумоўна, дынаміка расейскага рубля ў адносінах да даляра і паводзіны амэрыканскай валюты на сусьветным рынку. Мы бачым, што апошнія дні амэрыканская валюта ўмацоўвалася ў адносінах да замежных валют. Курс расейскага рубля падаў ня толькі таму, што зьмены курсу даляра на сусьветнай арэне адбыліся, але і праз тое, што адбываліся пэўныя зьмены ў расейскай эканоміцы ў пляне пагаршэньня сальда гандлёвага балянсу.
Аляксандар Кныровіч: З аднаго боку, трэба казаць, што трэнд у нас адзіны — у бок павышэньня цаны даляра ў Беларусі. Няма ніякіх падставаў меркаваць, што будзе нейкі адскок на 3,10 ці 3,05, якія мы бачылі сёлета і летась. Такіх меркаваньняў быць ня можа, таму трэнд у нас адзін — павышэньне цаны даляра. Але і прадбачыць нейкі крызіс, які выходзіць за рамкі 10% дэвальвацыі, таксама няма ніякіх падставаў. Сёньняшнія ваганьні — гэта найперш вынік выбараў Трампа ў ЗША, як ні дзіўна пра гэта казаць, але гэта менавіта так. Абралі Трампа — даляр стаў трохі мацнейшы, чым быў раней. Няма ніякіх падставаў прапаноўваць беларусам бегчы ў абменьнікі, таму што іх грошы ў выглядзе беларускіх рублёў раптам на 30% абваляцца. Але калі мы гаворым пра вялікія сумы, якія могуць ляжаць у кагосьці на дэпазытах, то я б хваляваўся. І сёньня менавіта я трымаў бы грошы ў тых самых далярах, а не ў беларускіх рублях на дэпазытах.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум