Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведамляе, што за апошнія 24 гадзіны колькасьць легкавога аўтатранспарту, які чакае ўезду на тэрыторыю краін ЭЗ зь Беларусі, павялічылася ў 2,4 раза, з 225 да 545.
Як сьцьвярджае ДПК, памежнікі краін ЭЗ нібыта зноў працуюць марудна.
На раніцу 4 студзеня на пункце пропуску Берасьце — Тарэспаль знаходзілася 200 машын, на пункце пропуску Каменны Лог — Меднікі — 90, на пераходзе Катлоўка — Лаварышкі стаяла 80 легкавых аўта.
Рост чэргаў зьвязваюць зь вяртаньнем беларусаў, якія прыяджалі на радзіму з краінаў Эўразьвязу.
Перад сьвятамі, 24 сьнежня, чарга легкавых аўтамабіляў на памежным пераходзе Тарэспаль — Берасьце складала 12 кілямэтраў, легкавікі стаялі па два дні, аўтобусы праходзілі мяжу таксама марудна.
Цяпер такіх вялікіх чэргаў няма.