Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: маці і бабулю 4-гадовага дзіцяці затрымалі за ўдзел у пратэстах; грамадзянку Расеі — за «экстрэмісцкія» падпіскі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020 год
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020 год

Палітычны перасьлед беларусаў працягваецца.

Маці і бабулю 4-гадовага дзіцяці затрымалі за ўдзел у пратэстах

Сілавікі паведамілі, што затрымалі дзьвюх жанчын — маці і бабулю чатырохгадовага дзіцяці, якія разам зь ім удзельнічалі ў пратэстах 2020 году і трапілі на камэры дзяржаўнага тэлеканалу. З жанчынамі запісалі «пакаяльнае» відэа, якое зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, заўважыла выданьне «Люстэрка».

У роліку маладая жанчына кажа, што ў 2020 годзе выходзіла на маршы пратэсту разам зь дзіцем у калясцы (яму тады было 8 месяцаў) і бел-чырвона-белым сьцягам. Яе таксама прымусілі сказаць на камэру, што яна працуе дырэктарам кампаніі і атрымлівае высокі заробак. У відэа зьнялі і бабулю дзіцяці — паводле яе, яна суправаджала дачку і ўнука на акцыях. Пры гэтым сям’я трапіла на камэры тэлеканала АНТ, які вёў рэпартаж з пратэстаў.

Абедзьве жанчыны на відэа сілавікоў кажуць, што «бліжэйшыя сьвяты правядуць на Акрэсьціна». Як вынікае з паведамленьня сілавікоў, маці дзіцяці арыштавалі на 15 дзён.

Грамадзянку Расеі аштрафавалі за падпіску на тры «экстрэмісцкія» суполкі

У Віцебску грамадзянку Расеі, вядучага дзяржаўнага экспэрта Ніну Жураву аштрафавалі на 740 рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый, паведамляе «Віцебская вясна».

Прысуд агучыў судзьдзя Міхаіл Юрчанка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску.

У судовым паседжаньні было заяўлена, што Ніна, выкарыстоўваючы свой акаўнт у Instagram, стала падпісчыкам «экстрэмісцкіх» суполак «Радыё Свабода», «Люстэрка» і «Белсат». Журава сваёй віны не прызнала і адмаўляла намер распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы.

Судзьдзя ўбачыў у яе дзеяньнях правапарушэньне і на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП наклаў на яе штраф у 740 рублёў. Арышт на тэлефон, які належыць Журавай, судзьдзя пакінуў у сіле ў якасьці «забесьпячэньня выкананьня рашэньня».

Былога палітвязьня зноў асудзілі за камэнтары трохгадовай даўнасьці

Палітвязьня Ўладзімера Запольскіх, які раней адбыў тэрмін па «справе Зельцара», асудзілі другі раз — за абразу прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

22 сьнежня суд прызнаў Запольскіх вінаватым па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску Дзьмітры Карсюк прысудзіў яму 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Першы раз студэнта юрыдычнага факультэту БДУ судзілі па «справе Зельцара». Судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка пастанавіла прызнаць Уладзімера вінаватым і прысудзіла яму 2 гады калёніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 200 базавых велічынь.

Уладзімер Запольскіх адбыў тэрмін і напрыканцы студзеня 2023 году выйшаў на волю. У траўні 2023 году яго зноў затрымалі — за камэнтары 2020 году.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG