Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пісаць пачынала па-польску». Размова з Ганнай Кандрацюк, якая атрымала прэмію Гедройця


Пераможцы літаратурнай прэміі імя Гедройця 2023 году: Сьцяпан Стурэйка, Ганна Кандрацюк, Сяргей Лескець. Гданськ, 25 лістапада 2023
Пераможцы літаратурнай прэміі імя Гедройця 2023 году: Сьцяпан Стурэйка, Ганна Кандрацюк, Сяргей Лескець. Гданськ, 25 лістапада 2023

Пераможцай прэміі імя Гедройця сёлета прызналі Ганну Кандрацюк за кнігу «У прысьценку старога лесу. Гісторыі людзей зь Белавескай пушчы». Пагаварылі зь ляўрэаткай, чым яе так заваражылі пушчанцы і лес, які яна называе храмам.

Як выказалася сябра журы, пісьменьніца Сьвятлана Курс, прэмію Ганна Кандрацюк атрымала «за добра ўдакумэнтаваны цуд». Паэт Уладзімер Някляеў прысьвяціў ляўрэатцы верш «Храм Ганны».

Пачынала пісаць па-польску, але ўжо больш за 30 гадоў піша па-беларуску

— Спадарыня Ганна, пра вашу кнігу цёпла і пранікнёна выказаўся і Ўладзімер Арлоў, зазначыўшы, што ваша слова «заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой зямлі». Адкуль у вас такая шыкоўная вясковая беларуская мова?

— Я карэнная жыхарка Падляшша, нарадзілася ў вёсцы Катлоўка, дзе ў радыюсе 20 км ніхто не гаварыў па-польску. І пакуль я не пайшла ў школу, я гаварыла толькі на сваёй мове. Мы захоўвалі беларускасьць і, думаю, гэта мяне накіравала ісьці сваім шляхам. Але сур’ёзна вывучаць літаратурную беларускую мову я пачала, калі мне было 20 гадоў.

Першыя мае спробы пісаць былі на польскай мове, але калі я ўжо мела пэўны досьвед і веды, я зразумела, што няма іншага выбару, як пачаць пісаць па-беларуску. Бо гэта наш шлях, наша дарога, каб наш беларускі дух захаваўся. І вось ужо 30 гадоў працую ў гэтым кірунку. Але ня толькі на Падляшшы.

Ганна Кандрацюк, архіўнае фота
Ганна Кандрацюк, архіўнае фота

Для мяне своеасаблівым вакном была і Беларусь, куды я рэгулярна езьдзіла. Але пасьля 2004 году езьдзіць туды як журналісту стала вельмі небясьпечна. Ня тое каб хтосьці мяне перасьледаваў, але заўсёды за мной быў нейкі «хвост», і я часам баялася за людзей, зь якімі сустракалася.

Пасьля нейкім натхненьнем для мяне была Ўкраіна, бо там было пачуцьцё свабоды. Калі чалавек жыве ў польскамоўным моры, паедзе на Ўкраіну і пачуе гэта шматгалосьсе, штосьці ў ім адкрываецца.

Але мяне вельмі цешыць сам творчы працэс, калі пішу па-беларуску, калі даношу свае гісторыі людзям, калі людзі мне хочуць нешта расказаць, нават самі запрашаюць паразмаўляць зь імі.

«Для нас лес — гэта храм»

— Што для вас пушча? Мяркуючы па вашай кнізе, гэта ня проста лес.

— Лес — гэта ня толькі дрэвы. У мяне такое адчуваньне, што пушча — гэта старажытны храм. Бо мы, людзі, што жывём у гэтым падлескім прысьценку, гаворым, што жывём пад лесам. Для нас лес — гэта храм, гэта сфэра свабоды, а таксама сфэра бясьпекі. Бо калі былі нейкія катаклізмы, войны, людзі хаваліся ў лесе, як і ў фільме «Ідзі і глядзі» паводле сцэнару Алеся Адамовіча. У маёй вёсцы падчас вайны людзі таксама ўцякалі ў лес і пэўны час там хаваліся. Таму ў тутэйшых людзей захавалася любоў да лесу, людзі ёсьць эколягамі. І мы любім праяўляць сябе ў мастацкім, творчым кірунку: у нашай рэдакцыі «Нівы» ўсе людзі, якія працуюць, родам альбо з пушчы, альбо з навакольля. Мы, нават калі далёка зьяжджаем, знаходзімся пад уплывам пушчы. І гэтае прыцягненьне настолькі магутнае! І гэта натхняе!

«Мы былі адным народам»

— Хто яны, «людзі з пушчы», героі вашых рэпартажаў?

— Расповед у мяне атрымаўся зь гістарычным падтэкстам: ня толькі пра тое, што адбываецца цяпер і зараз. Я мэтанакіравана спалучыла беларускую частку, Камянеччыну, і польскую, Гайнаўшчыну. Знайшла людзей, якія нарадзіліся ў канцы 1920-х гадоў — на пачатку 1930-х, якія памяталі яшчэ той час, калі не было мяжы. І ў гэтай кніжцы ёсьць пра тое, што было адзінства — нягледзячы на ўсе муры і межы, мы былі адным народам. Я хацела гэта зафіксаваць, бо цяпер незразумела, як будзе далей.

Кніга Ганны Кандрацюк «У прысьценку старога лесу»
Кніга Ганны Кандрацюк «У прысьценку старога лесу»

Пра пушчу часьцяком пішуць людзі, якія прыяжджаюць звонку. Яны едуць на кароткі час і апісваюць свае ўражаньні, апавядаюць, што бачаць сваімі вачыма. А я пішу ад сябе, ад асобы, якая там вырасла, уключаю свае рэтраспэкцыі. Я пішу ад імя дзіцяці пушчы, сталай жыхаркі пушчы. І адкрываю гэтыя таямніцы. Людзі, якія прыяжджаюць, пішуць аб прыродзе, аб зьвярах, аб прыгажосьці, а да людзей часьцяком баяцца падысьці.

Іншая справа, што людзі пушчы толькі на першы погляд адкрытыя, гасьцінныя, але яны ня скажуць чужому ўсяго, не паведамяць пра свае таямніцы. А мне хопіць і паўслова, каб пабачыць, адчуць, прыгадаць. Мова іх жэстаў і нават маўчаньня для мяне больш зразумелая. Таму я хацела ўсё гэта паказаць вачыма аўтахтонкі.

— Пушча па розныя бакі мяжы, з польскага і беларускага бакоў, — яна адрозьніваецца? Што тычыцца і прыроды, краявідаў, і мэнтальнасьці людзей?

— Сам лес вельмі падобны. І нават аднолькавая колькасьць зуброў жыве па абодва бакі мяжы.

Але што да мэнтальнасьці, для пакаленьня маіх дзядоў і бацькоў пушча была адзінай прасторай, бязь межаў. Мы пушчанскія. І нават дарогу, што ідзе зь беларускага Каменца да польскага Бельска, і па сёньняшні дзень называюць Гайнаўскай дарогай.

У рэдакцыі беластоцкай «Нівы»: Яўген Мірановіч і Ганна Кандрацюк, 1990-я гады
У рэдакцыі беластоцкай «Нівы»: Яўген Мірановіч і Ганна Кандрацюк, 1990-я гады

Што да мэнталітэту, у нас сёньня ўсё мяняецца. У пушчу прыяжджаюць людзі з Варшавы, купляюць дамы, лецішчы, нават займаюцца агратурызмам. А мясцовыя выяжджаюць у пошуках працы ў вялікія гарады.

Тое самае і ў Беларусі. У вёсках застаюцца толькі старыя людзі. Маладыя едуць у Берасьце, у Менск. А ў пушчу прыяжджаюць нават з Масквы, скупляюць дамы. Сытуацыя падобная. Маем два розныя сьветы.

«Трэба, каб чалавек быў зьвязаны зь зямлёй, зь месцам, дзе ён жыве»

— Ці ёсьць шанец захаваць аўтэнтыку, мову, традыцыі рэгіёну? Што для гэтага трэба рабіць?

— Мы стараемся, робім, што можам. Людзі аб’ядноўваюцца, самі арганізоўваюцца, праводзяць майстар-клясы, зьвязаныя з рукадзельлем, іншымі традыцыямі, каб перадаць іх моладзі. Трэба працаваць, штосьці рабіць. Ёсьць нейкія цэнтры пры Дамах культуры (як і ў вас пры сельсаветах). Зьяўляюцца і навуковыя манаграфіі, адбываюцца іх прэзэнтацыі Але будучыня непрадказальная. У жыцьці трэба быць памяркоўным аптымістам. Інакш ніяк.

Была неяк у вёсцы Навіцкавічы каля Каменца ў Беларусі. Дзяўчаты працуюць у мясцовым Доме культуры, там адбываецца «прыгоншчына». Падразаюць крылы ў энтузіястаў. Тут патрэбна ня толькі сьвядомасьць, але і падтрымка дзяржавы, каб гэта выратаваць і захаваць прыгожасьць месца. Бо тыя, хто прыяжджае, яны ня будуць ўсяго гэтага захоўваць. Тут праблема яшчэ і ў адукацыі.

Трэба прывучаць з малых гадоў, каб чалавек быў зьвязаны зь зямлёй, зь месцам, дзе ён жыве, каб ён быў адказны за гэтае месца, за атмасфэру дабрасуседзтва. Бо ад таго, якая там атмасфэра, залежыць, застануцца людзі там жыць або зьедуць.

«У сьвеце сёньня няма падзелу на мастацкую літаратуру і нон-фікшн»

— Але вернемся да літаратуры. Ваша кніга — гэта нон-фікшн, дакумэнталістыка альбо мастацкая літаратура? Што цяпер у трэндзе; што, на ваш погляд, больш запатрабаванае?

— У сьвеце сёньня няма дакладнага, строгага падзелу на мастацкую літаратуру і нон-фікшн. Бо кожны час мае свой стыль выказваньня. Тое, што мы зьвяртаемся да дакумэнтацыі, ня тое што да дакумэнтальнай літаратуры, гэта наша рэакцыя на будучую, скажам так, «штучную інтэлігенцыю». Бо тая «штучная інтэлігенцыя» сама ня пойдзе да той бабулі і не распытае пра яе таямніцы.

Сёньня ніхто ў сьвеце ўжо ня піша рамантычных твораў. Усе жанры пераходзяць адзін у адзін, яны мутуюць, разьвіваюцца ў сваіх напрамках. Я думаю, што гэта пошукі такога прызямленьня. У той віртуальшчыне чалавек мусіць крочыць па зямлі і быць на сваім месцы.

— Ці спадзяваліся вы, што атрымаеце такую прэстыжную літаратурную прэмію?

— Усё жыцьцё я пішу рэпартажы пра іншыя імпрэзы, пра чужыя ўзнагароды. Аб прэміях, прызах за сваю працу ніколі ня думала. Але адчула радасьць. А як журналістка я мушу глядзець на іншых, пісаць, служыць людзям, бо гэта этыка нашай прафэсіі.

  • Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Сьвярубская) нарадзілася ў Катлоўцы на польскім Падляшшы.
  • З 1993 году працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва».
  • Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і ангельскую мовы.
  • Крыху раней Ганна Кандрацюк была ўганараваная прэміяй імя Алеся Адамовіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG