Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка Наста Кудасава: «Беларусам вельмі самотна ва ўсіх кутках сьвету. Нам не хапае цеплыні і надзеі»


Наста Кудасава
Наста Кудасава

Беларускі літаратурны фэстываль «Прадмова» прайшоў у Батумі і Варшаве, 14–15 кастрычніка працягвае маратон у Вільні, а 27–29 кастрычніка фінішуе ў Беластоку. Пагаварылі пра яго з паэткай Настай Кудасавай, якая за кнігу «Побач» атрымала ў Варшаве прэмію Таварыства вольных літаратараў «Гліняны Вялес».

«Удзельнічаю, бо дзе і калі яшчэ пабачымся»

— На шматлікіх імпрэзах сёлетняй «Прадмовы» 6–9 кастрычніка ў Варшаве вы былі адной з самых актыўных удзельніц. Чым прывабілі вас арганізатары? І чым, думаеце, вы іх прывабілі?

— Тут насамрэч усё прасьцей. Заяўку на мой удзел у фэсьце ў Варшаве падаваў каардынатар Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш, каб уручыць мне «Глінянага Вялеса». А паколькі я ўжо там апынулася, дык мяне заадно запрасілі выступіць зь вершамі на «Ночы паэзіі» і на прэзэнтацыі кніг выдавецтва hochroth, пагатоў я адна зь яго аўтарак. Мяне ж асабіста прывабіў гэты фэстываль вялікай колькасьцю родных людзей, якіх там патэнцыйна можна было пабачыць. Дзеля гэтага я ў падобных мерапрыемствах і бяру ўдзел пераважна, бо дзе і калі мы яшчэ пабачымся...

«Доўгую дарогу дадому» па-польску раскупілі ў першы ж дзень"

— Вы ж разьвіталіся з Варшавай не з пустымі рукамі? Якія кнігі вам там захацелася купіць і прачытаць? Якія новыя імёны адкрылі для сябе? Ці мо хто вас моцна ўразіў сваімі творамі?

—- Мне вельмі хацелася купіць «Доўгую дарогу дадому» Васіля Быкава па-польску ў перакладзе Яаны Бернатовіч, зь якой асабіста нарэшце пазнаёмілася на фэсьце. Але кніга хутка скончылася, ужо ў першы дзень, мне не хапіла. Буду «паляваць» на яе далей. З другога боку, гэта добры знак, я радая, што такое ўвогуле магчыма. Значыць, ёсьць попыт на беларускую літаратуру.

А ўразіў найбольш, як заўсёды, Дзьмітры Строцаў. Гэта сапраўдны цуд, што ён ёсьць у нас. Пасьля кожнага супольнага чытаньня зь ім у мяне заўжды адчуваньне, што мой сусьвет наноў гарманізуецца і вяртае страчаныя сэнсы.

— Вы ж яшчэ і «Глінянага Вялеса» павезьлі з Варшавы ў Гдыню, дзе цяпер жывяце. Як ён там, ля мора?

— «Гліняны Вялес» дужа спадабаўся маім дзецям. Яны як мастакі зацанілі ягоную прыгажосьць. Фігурка і праўда выглядае надзвычай выкшталцона і натхняльна. Безумоўна, такая ўзнагарода, такая адзнака любому аўтару вельмі прыемныя, было б дарэмным какецтвам казаць, што гэта ня так. Ён у мяне цяпер стаіць на пачэсным месцы ў кухні і заахвочвае пісаць далей. А яно і пішацца пакрысе ўжо, расьце.

«Фэст сыгналізуе, што мы ёсьць»

— А ўвогуле зь пяці «Прадмоваў» у колькіх вы чыталі вершы, прэзэнтавалі свае кнігі, дыскутавалі пра літаратурныя творчыя (і ня толькі) праблемы?

— Здаецца, гэта была першая. Я насамрэч не аматар такіх шматлюдных падзеяў, хутка ад іх стамляюся і зьбягаю. Але я разумею, што гэта важна для аўтара — прэзэнтаваць свае кнігі, зьяўляцца ў публічным полі. Таму часам даводзіцца прымушаць сябе выпаўзаць з утульнай ракавінкі самадастатковасьці.

— Што вам асабіста як творчай натуры даюць літаратурныя фэсты? І якія імпульсы і дывідэнды, па-вашаму атрымлівае ад іх беларуская літаратура? Асабліва з увагі на іх цяперашнюю замежную лякацыю, куды беларускім чытачам ня трапіць.

— Гэта пункт збору людзей, найперш. Безумоўна, далёка ня ўсіх, але ён прынамсі сыгналізуе, што мы ёсьць. Многіх старых знаёмых я пабачыла ўпершыню за шмат гадоў акурат на гэтым фэсьце. Ужо адно гэта азначае, што ён не дарэмны.

«Пісьменьніцкая супольнасьць даволі разасобленая, кожны сам сабе самотнік»

— А што б вы зьмянілі, зрабілі інакш ці якіх бы іншых творцаў запрасілі на наступную «Прадмову»? Ці мо зусім бы адмянілі гэты штогадовы літаратурны фэст, а ўклалі б выдаткаваныя грошы ў, напрыклад, выданьне кніг маладых літаратараў ці творчыя стыпэндыі для іх, ці дапамогу сталым творцам, ці яшчэ нешта такое?

— Адмяняць дакладна ня варта, бо нам важна зьбірацца, каб пабыць разам. Такое насамрэч ня часта здараецца. Пісьменьніцкая супольнасьць даволі разасобленая, кожны сам сабе самотнік. А кніг выходзіць і так нямала, выдаўцоў у нас ужо дастаткова. Таму я б пакінула, як ёсьць.

А што да складу выступоўцаў, гэта ў любым разе заўжды суб’ектыўная рэч. Хтосьці ня можа прыехаць, хтосьці ня хоча, так што лічыць такія падзеі за рэпрэзэнтатыўныя даволі наіўна. Тым ня менш любы «варушняк» цяпер каштоўны, бо беларусам вельмі самотна ва ўсіх кутках сьвету. Нам не хапае цеплыні і надзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG