Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выдавецтве «Вясна» выйшлі «кніга № 1 у рэйтынгах літоўскай літаратуры» па-беларуску, а таксама «Беларускі брыкалаж» пра падзеі 2020 году


Дырэктарка выдавецтва Весна Вашко і рэдактар, перакладчык Сяргей Шупа. Архіўнае фота.
Дырэктарка выдавецтва Весна Вашко і рэдактар, перакладчык Сяргей Шупа. Архіўнае фота.

Праскае выдавецтва «Вясна» выпусьціла дзьве новыя кнігі да свайго пяцігодзьдзя.

Гэта раман літоўскага пісьменьніка Антанаса Шкемы «Белы саван» у перакладзе Сяргея Шупы.

Як адзначае выдавецтва на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, «мы радыя адкрыць гэтай кнігай сэрыю перакладаў літоўскай літаратуры, пра якую пераважная большасьць беларускіх чытачоў ведае вельмі мала, калі ведае наагул. А гаворка ж пра найбліжэйшых суседзяў.».

І пачынае «Вясна» «кнігай № 1 у самых розных рэйтынгах літоўскай літаратуры ўсіх часоў. Кніга эмігранта Антанаса Шкемы з зразумелых прычын аж да канца 1980-х гадоў не была даступная і шырэйшаму літоўскаму чытачу. Але пасьля вяртаньня ў Літву гэтая кніга стала там сапраўды любімай і фактычна культавай».

Як напісаў перакладчык твору Сяргей Шупа, «мала якую зь „вясновых“ кніг я чакаў так, як гэтую. Неяк так выйшла, што зь літоўскіх мае самыя-самыя пісьменьнікі — эмігранты: празаік Антанас Шкема і паэт Генрыкас Радаўскас... Свой доўг перад літоўскай літаратурай я адчуваў апошніх гадоў дваццаць, але ніяк ня мог вызваліцца ад іншых справаў, якія падаваліся больш важнымі... І вось вяртаюся. І гэта не апошняя падзея ў гэтай сэрыі. Будуць і іншыя, ня менш (а можа і больш) захапляльныя».

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч быў адным зь першых чытачоў гэтага раману ў перакладзе на беларускую мову. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён назваў выхад кнігі сапраўднай падзеяй.

— Раман «Белы саван», «Balta drobule» — кніга, якая зачаравала зь першых старонак. Кніга джойсавай сілы, кніга літоўскай пявучасьці, кніга эўрапейскай тугі, кніга, сатканая з такіх болю і жарсьці, што робіцца страшна за нас усіх. Мадэрнісцкая, як хмарачос, зь вокнаў якога ліецца народная песьня, паэтычная, як адзін трапяткі вэрлібр, балючая, як рана, і складаная, якой і мусіць быць сапраўдная літаратура. Кніга, дзе і праўда вядзецца пра Эрас і Танатас. Бо яна пра Літву і каханьне, пра вар’яцтва і творчасьць, пра Амэрыку і эміграцыю, пра ХХ стагодзьдзе і пра Мову. Пра жанчыну і мужчыну і іх таямніцу... Антанас Шкема нарадзіўся ў Лодзі ў 1911 і загінуў выгнаньнікам у 1961 у Пэнсыльваніі, у аўтакатастрофе. «Белы саван» — ягоны адзіны вядомы раман. Усяго паўстагодзьдзя жыцьця — але аўтарам былі перажытыя манархія, рэвалюцыя, незалежнасьць, дыктатура, акупацыя, таталітарызм, нацызм, экзыль, амэрыканская дэмакратыя зь яе марай. Пры ўсім гэтым ён да канца застаўся літоўскім пісьменьнікам. І пісаў пра сваё».

Другая кніга выдвецтва «Вясна» — Генрыха Кіршбаўма «Беларускі брыкалаж». Пераклад Яраславы Ананкі з арыгінальнага выданьня: Kirschbaum H. Revolution der Geduld: Eine belarussische Bricolage. Berlin, Matthes & Seitz, 2022.

Як адзначае выдавецтва, гэта філялягічна-філязофскія эсэ пра тое, што адбылося ў 2020 годзе. Рэфлексіі чалавека, якога адносна беларускай сытуацыі можна лічыць адначасна і інсайдэрам і аўтсайдэрам. Гэтая ўнікальная пэрспэктыва дазваляе беларусам паразважаць на тэму «што гэта было» і як быць з гэтым далей, адзачаецца на старонцы выдавецтва.

Генрых Кіршбаўм — філёлаг, паэт, перакладчык. Прафэсар інстытуту славістыкі Гумбальдзкага ўнівэрсытэту (Бэрлін). Аўтар шматлікіх паэтычных і літаратуразнаўчых публікацый. Член нямецкага ПЭН-Клюбу. Ляўрэат конкурсу перакладаў Чэслава Мілаша (Польскі Інстытут Кнігі, 2011).

  • «Vesna Books/Выдавецтва Вясна» — незалежнае выдавецтва, задуманае як працяг — хай сабе і сьціплы — слаўнай традыцыі беларускага кнігадрукаваньня ў Празе. Як адзначаюць дырэктарка выдавецтва Весна Вашко і рэдактар, перакладчык Сяргей Шупа, яны стараюцца выдаваць літаратуру высокай якасьці, як арыгінальную, гэтак і перакладную.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG