Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юля Цімафеева: «Быць шчасьлівымі — гэта і выбар. Варта сабе яго дазваляць хоць зрэдку, нават у змрочны час, каб выжыць»


Юля Цімафеева
Юля Цімафеева

Перадсьвяточнае інтэрвію з паэткай Юляй Цімафеевай. Паразмаўлялі пра дом, сям’ю, род і Каляды, якія яна з мужам Альгердам Бахарэвічам ужо ў чацьвёрты раз будзе сустракаць на чужыне.

«Цяпер мой дом — гэта маленькі ціхі пакой зь відам на сад і паліцаю шматмоўнай паэзіі ў мяне ўнутры»

— Вашы вершы апошніх гадоў паказваюць, як моцна вы прывязаныя ў сваёй творчасьці да спадчыннай памяці. Вянок цыбулі на шуле бабулінай хаты, падмурак зьнішчанай прадзедавай сядзібы, пракаветныя словы, значэньняў якіх ня ведаюць ужо гарадзкія гадаванцы, ды шмат што яшчэ ў вашых творах паказвае глыбінную сувязь з папярэднімі пакаленьнямі. Чым ёсьць для вас сям’я, дом, род?

— Сям’я для мяне — гэта любоў і сіла, якія дапамагаюць рухацца далей, жыць і ствараць, нават у цёмныя часы. Так было не заўжды, але так стала цяпер.

Дом я страчвала ўжо ня раз: пасьля Чарнобыльскай катастрофы, калі вёска, у якой нарадзілася, апынулася ў зоне адчужэньня; калі зьехала ў вялікі горад; калі была вымушаная пакінуць Беларусь у 2020-м, а яшчэ інтэрнаты, здымныя пакоі і кватэры... Цягам апошніх трох гадоў мы з маім мужам Альгердам Бахарэвіча пажылі ў трох краінах, пабывалі ў некалькіх дзясятках гарадоў, усьведамляючы, што нідзе з гэтых месцаў ня зможам застацца надоўга.

Цяпер мой дом — гэта маленькі ціхі пакой зь відам на сад і паліцаю шматмоўнай паэзіі ў мяне ўнутры. Аднойчы туды адчыніліся дзьверы і я ўвайшла, а потым выйшла. А пасьля зноў увайшла. І стала ясна, што на дадзены момант гэта мой дом. Спадзяюся, у нас з Альгердам неяк зьявіцца яго фізычнае ўвасабленьне, але пакуль у кожным гатэлі я пачуваюся як дома, калі адчыняю дзьверы ў самую сябе і раскрываю кнігу паэзіі. Людзі па ўсім сьвеце шукалі і шукаюць, як гаварыць пра прыгожае, страшнае і важнае. Вершы даюць мне апору.

А мой род — гэта крыніца майго натхненьня, тое, пра што я пішу і пакуль не магу напісацца. Некалі мне хацелася адарвацца ад таго месца, у якім я нарадзілася, але пазьней я зразумела, што я ўцякала, як дрэва, якое імкнецца прэч ад зямлі, адрошчваючы камель і выпростваючы гольле. Карані ж трымаюць дрэва на сабе.

«У пачатку 2000-х мы, бывала, налічвалі да дваццаці кампаній вясёлых валачобнікаў, якія грукаліся ў дзьверы»

— Недзе ў вашай памяці жыве, пэўна, і сямейнае каляднае сьвята. Калі і як апошні раз на радзіме вы сьвяткавалі Каляды з бацькамі, бабулямі, дзядулямі?

-— Наша сям’я праваслаўная (хоць я не асабліва рэлігійны чалавек) і адзначаць зімовыя сьвяты пачынала звычайна з Новага году. Недзе 30 сьнежня бацька ставіў ялінку, якую мы, дзеці, любілі ўпрыгожваць. Пасьля Новага году ішло Раство. Увечары 6 студзеня на стол ставілі пачастункі для сябе і для продкаў. 7 студзеня адзначалі дзень нараджэньня майго дзеда, пасьля мой.

Але самым вясёлым было заканчэньне Калядаў — вечар напярэдадні «Старога новага году». У нас на Гомельшчыне было прынята калядаваць менавіта ў гэты вечар. У пачатку 2000-х мы, бывала, налічвалі да дваццаці кампаній вясёлых валачобнікаў, якія грукаліся ў дзьверы, сьпявалі песьні, чыталі вершы, танчылі і прасілі пачастунку. Сама я ня так часта хадзіла калядаваць, бо саромелася. А яшчэ з наступнага дня дазвалялася рэзаць, шыць, вышываць, бо цягам двух тыдняў у нас існавала забарона на такога кшталту працу. Хоць, вядома, для малых дзяўчат гэта былі проста забаўкі, каб не памерці ад нуды доўгімі зімовымі вечарамі.

«У той год яшчэ ня ведалі, што так надоўга затрымаемся за мяжой, і не адчувалі сябе эмігрантамі»

— Апынуўшыся больш за тры гады таму далёка ад радзімы, як вы зладзілі свае першыя эмігранцкія Каляды? Якія былі ў вас тады пачуцьці, думкі? Наступныя пасьвяткуем дома?

— Шчыра кажучы, так склалася, што я не асаблівая аматарка сьвяткаваньняў. За зімовыя сьвяты ў нас «адказвае» Альгерд. Гэта ён дбае пра тое, каб стаяла ўпрыгожаная ялінка, каб на стале былі смачныя стравы, каб гучала пранікнёная музыка, каб мы хадзілі на калядныя кірмашы, вельмі папулярныя ў Аўстрыі і Германіі. І я вельмі ўдзячная яму. Менавіта ён паклапаціўся, каб у Грацы мы мелі хоць нейкія атрыбуты Калядаў у той год, калі яшчэ ня ведалі, што так надоўга затрымаемся за мяжой, і не адчувалі сябе эмігрантамі.

Наступныя зімовыя сьвяты былі азмрочаныя прысудам майму брату і ягонай жонцы. Каб неяк супакоіцца, мы з Альгердам хадзілі на сьвяточную імшу ў мясцовы касьцёл, слухалі арганную музыку і казань аўстрыйскага сьвятара. Няхай і не зразумелая нам да канца, яна давала надзею.

«Так, мы чакалі міру як цуду... Але, на жаль, сёлета ён ня здарыўся»

— А як і дзе было вам на Каляды-2022? Мо чакалі якіх цудаў?

— У 2022 годзе на Каляды мы ўсё яшчэ былі ў аўстрыйскім Грацы. Нашы ўкраінскія сябры — маладая пара з Харкава, да якіх у лютым таго ж году прыехалі іхныя бацькі, ратуючыся ад вайны, запрасілі нас у госьці. За сталом, дзе стаялі ўкраінскія, аўстрыйскія і габрэйскія стравы, мы падымалі келіхі за перамогу для Ўкраіны і новай Беларусі, за сьвятло і мір, гаварылі пра мастацтва і літаратуру. Так, мы чакалі міру як цуду... Але, на жаль, сёлета ён ня здарыўся.

— Ці загадвалі на Каляды-2023 нешта на будучыню? І як яна адказала вам цяпер, пры канцы году?

— Галоўныя нашы жаданьні цяпер — гэта захаваньне здароўя і свабоды для блізкіх, вызваленьне беларускіх палітвязьняў і краіны, спыненьне войнаў. Штосьці з гэтага сьпісу збываецца, а з чымсьці — наадварот.

«Я шчасьлівая, што на чужыне я не адна, а разам з Альгердам, што і ў замежжы мы сустракаем добрых і разумных людзей, блізкіх нам па духу»

— Неўзабаве вы будзеце сьвяткаваць ужо чацьвёртыя Каляды на чужыне. За гэты час што з спадчынных традыцый вам удалося захаваць, а што проста немагчымае ў новым жыцьці?

— На жаль, як я ўжо сказала, я ня той чалавек, які захоўвае традыцыі сьвяткаваньня, у нашай сям’і гэта робіць Альгерд. Але я вельмі люблю падпісваць і дасылаць паштоўкі, гэта мой абавязковы рытуал. Віншаваньні сям’і і сябрам у далёкіх краінах мы ўжо кінулі ў паштовую скрыню. Сёньня ці заўтра зоймемся паштоўкамі для тых, хто жыве крыху бліжэй.

— А якія яны, па-вашаму, шчасьлівыя Каляды на чужыне? Ці магчымыя яны ў прынцыпе?

— Мне падаецца, можна жыць у тым месцы, дзе нарадзіўся, і адчуваць сябе вельмі няшчасным чалавекам, нават на Каляды быць чужой ці чужым сярод уласных суайчыньнікаў ці нават ува ўласнай сям’і. Гэта не заўжды залежыць ад месца, але, як на мяне, часта залежыць ад людзей побач.

Я шчасьлівая, што на чужыне я не адна, а разам з Альгердам, што і ў замежжы мы сустракаем добрых і разумных людзей, блізкіх нам па духу. І, вядома, на гэтыя сьвяты мы пастараемся, прынамсі празь відэасувязь, зьвязацца з сваімі роднымі, павіншаваць, пажартаваць, падтрымаць, абмяняцца цяплом, радасьцю і надзеяй. Я думаю, быць шчасьлівымі — гэта ў тым ліку выбар. Варта сабе яго дазваляць хоць зрэдку, нават у змрочны час, каб выжыць.

«Людзі працягваюць гаварыць нямою зімоваю моваю ў «Цэнтральным»

— Ці можаце падзяліцца з нашымі чытачамі сваімі новымі вершамі, якія, хоць бы ўмоўна, можна назваць сьвяточна-каляднымі?

— Няхай гэта будуць тры вершы з кнігі «ROT» (2020).

На Каляды

Людзі разяўляюць раты
ў яркім акварыюме кавярні,
гавораць паветрам,
глытаюць эклеры,
у кубках мяшаюць
сьнег і цукар.

Мігцяць
сьвяточныя водарасьці, людзі,
пуховыя рыбы —
скалярыі, гупі, самы —

паволі плывуць,
разносячы п’яныя водары
піва і кавы.

Зьвесіўшы ногі, сьвятыя,
як крошкі,
кідаюць у акварыюм
падарункі:
абы што і абы каму,
людзі глытаюць,
ня гледзячы. Людзі
працягваюць гаварыць
нямою зімоваю моваю
ў «Цэнтральным».

Зімовая чытанка

штогод
перачытваю гэтую кнігу:
па белых і вузкіх радках вуліц
бягуць чарнаногія пешаходы — вылітыя
літары Х (холад), Л (лёд) і Н (ноч),
цягнуць на санках дзяцей: Ш-ш (шоргае
жалеза), пыхаюць зычна дарослыя
і галосна малыя,
у вільготнай смузе
ярка фыркаюць дыфтонгі
фараў

пункціры крокаў дапаўняюць сьнег
хвалістыя сьляды палозьзя
азначаюць тратуары,
пры якіх акалічнасьцях
адступіць маркота?

М(ост) над ракой пачынае
новы абзац,
жоўты аўтобус цягнецца
ад сказа да сказа.

На апошнім прыпынку —
апошняя кропка: ты
чакаеш мяне
з новай кнігай.

Костачка

Мае мёртвыя,
усё б вам пагрукаць
у маю дзявочую галаву!
В. Морт

ружовай вадой
размоклым хлебам
мы кормім мы поім
сваіх памерлых

каб ня грукалі дзюбамі
да нас у вокны
каб ціха дыхалі
і маўчалі што

з маіх валасоў
на тым сьвеце
хтосьці калыша калыску

маёй месячнай крывёй
на тым сьвеце
хтосьці арашае
месяцовыя палеткі

з маіх чорных думак
на тым сьвеце
хтосьці шые
аксамітныя футаралы
для вострых лёзаў
маланак

а мае белыя думкі
як рушнікі
вышывае крыжыкам
на крыжы будучым душам
(нявышытыя
сьцеле пад ногі
душам колішнім)

маёй сьлінай
на тым сьвеце
змазваюць грымучыя колы
цягнікоў, пад завязку запоўненых
зямнымі жаданьнямі
яны выпадаюць дарогай
але ніхто іх ня ловіць

нашы памерлыя
дзюбамі
п’юць ружовую ваду
нашы памерлыя
бяззубымі дзяснамі
жуюць мокры хлеб
салодкія кроплі
сьцякаюць па падбародзьдзі
нашы памерлыя
моўчкі ківаюць
і дзякуюць нам

а я дзякую ім


у чырвонай гліне
свайго сэрца
я выкапала ямку
і пахавала ў ёй
сінюю костачку
яна прарасла
па той бок зямлі
на здароўе
есьце зь яе
круглыя плады
маіх слоў
мае памерлыя

жывіце
я ваша костачка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG