Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтныя кветкі для жонкі, самаробныя паштоўкі дзецям. Як палітвязьні віншуюць родных са сьвятамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Папірус», Lego, кветкі, вершы. Паразмаўлялі з былымі палітвязьнямі пра тое, як нават з-за кратаў можна падарыць родным сьвята.

Большасьць суразмоўцаў Свабоды тлумачылі, што з-за кратаў немагчыма павіншаваць блізкіх, бо няма сувязі, вязьні ізаляваныя. «Тата ніяк не віншуе, ён сядзіць у турме», — сьцісла адказала дачка аднаго з палітвязьняў. Аднак некалькі чалавек падзяліліся гісторыямі таго, як ім удавалася перадаваць віншаваньні і падарункі на волю.

Адзін са зьняволеных слаў блізкім вершы, якія пісаў сам, расказала ананімна Свабодзе ягоная сястра. А адна жонка палітвязьня падзялілася, што сама купляе падарункі дзецям ад імя бацькі. «Гэта вельмі цяжка», — кажа яна пра эмацыйны бок гэтай сытуацыі.

Паўла (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) асудзілі за пратэсты 2020 году. Спачатку ён сядзеў у СІЗА горадзенскай турмы.

«Гэта эмацыйна складаная тэма. У мяне двое дзяцей. Складана было ўпершыню сустракаць дні нараджэньня бязь іх», — адразу прызнаецца мужчына.

Каб павіншаваць сына з днём нараджэньня, ён набыў паслугу ў «бывалага зэка», які сядзеў за кратамі каля 20 гадоў. Заплаціў за яе досыць дорага па мерках турмы — адзін ці два пачкі нетыповых для гэтага месца цыгарэт. (Валютай у турме таксама служаць кава, гарбата і халва, якую складана дастаць.)

«Зэк браў два аркушы А4 і рабіў зь іх быццам бы стары папірус. Ён браў каву, гарбату, зьмешваў, потым націраў на аркуш. Рабіў яго візуальна старым. Вельмі акуратна абпальваў краі, потым сушыў. Два дні ён гэта рабіў. Потым праз камэры, „канём“ (гэта значыць праз туалеты) мне прыйшлі гэтыя 2-3 старонкі, клясна зробленыя. Вядома, усё было акуратна запакавана», — расказвае Павал.

На гэтым «папірусе» мужчына напісаў ліст сыну і адправіў звычайнай поштай.

«Тры дні, два пачкі цыгарэт, зэк працаваў — усё дзеля малога сына. Пачкі ішлі ў другую частку турмы, пакуль знайшлі мы гэтага крутога зэка. Паперу ён у іншым месцы браў. Давялося патузаць за нітачкі, каб гэта зрабіць. Усё, іншых падарункаў там няма», — кажа суразмоўца.

Каб павіншаваць жонку, Павал пісаў сваім знаёмым ліст, тлумачыў, дзе ўзяць грошы, і прасіў адправіць кветкі ягонай каханай. Прыкладаў тэкст, які прасіў напісаць на пасланьні да кветак. Жонка загадзя пра гэта ня ведала. Атрымліваўся сюрпрыз.

Беларус кажа, што з калёніі рабіць падарункі блізкім было складаней. Туды лісты або зусім не даходзілі, або даходзілі вельмі доўга, таму прасіць пра дапамогу знаёмых было цяжка. Адтуль ён не рабіў сюрпрызаў родным.

«Але з турмы атрымаць віншаваньне ў разы каштоўней, чым з калёніі. У цябе няма доступу да крамы, няма пакойчыка, як у калёніі, дзе ты можаш маляваць. У турме аловак, флямастар, папера каштоўнейшыя, бо іх цяжэй дастаць», — тлумачыць мужчына.

Павал з жонкай не прыдумлялі легенды для дзяцей, дзе знаходзіцца бацька. Маці разам з псыхолягам расказалі, што іх тата ў турме. Таму, мяркуе Павал, дзеці досыць добра перажылі пэрыяд ягонага зьняволеньня.

«Атрымаць ліст ад таты з турмы, ведаючы, як складана там гэта зрабіць, было дастаткова. Мы не прыдумлялі, што тата ў службовай выправе і перадаў адтуль падарунак», — кажа Павал.

«Я даведваўся, што сын пісаў у лісьце Дзеду Марозу»

Валянтэр штабу Бабарыкі Лявон Халатран атрымаў два гады абмежаваньня волі за пратэсты. Ён мяркуе, што віншаваць з «хіміі» прасьцей, чым зь СІЗА ці калёніі, бо дазволена карыстацца тэлефонам і інтэрнэтам, можна замаўляць падарункі онлайн і аплочваць пакупкі банкаўскай карткай. Сваёй маці Лявон замаўляў дастаўку кветак онлайн, іх прывозіў кур’ер. З падарункам сыну дапамагалі сябры.

Лявон Халатран. Архіўная фота
Лявон Халатран. Архіўная фота

«Я даведваўся ў жонкі, што хацеў сын у падарунак, прыкладам, што ён пісаў у лісьце Дзеду Марозу. Потым прасіў сяброў, каб яны купілі падарунак і прывезьлі сыну. Хутчэй за ўсё гэта быў канструктар Lego, але я кепска памятаю», — расказвае Лявон.

Палітвязень кажа, што тэарэтычна ён мог сабе дазволіць аддаць сябрам грошы за падарункі, але тыя самі адмаўляліся браць.

Магчымасьць купіць падарунак побач з «хіміяй» і адправіць родным поштай Лявон ацэньвае як горшы спосаб.

«Я знаходзіўся ў сельскай мясцовасьці. У краму ты адзін ня сходзіш, трэба, каб цябе адвезьлі. Там досыць бедны выбар. Але паехаць, выбраць, купіць і потым поштай адправіць цалкам рэальна. Але, па-мойму, нашмат прасьцей заказаць онлайн. У вязьняў на „хіміі“ ёсьць банкаўскія карткі „Беларусбанку“», — дадае ён.

Рабіў аплікацыі, маляваў

Палітвязьня Віктара Пархімчыка асудзілі за пратэсты на два гады «хіміі». Ён сядзеў у СІЗА, на «хіміі» і ў калёніі. Калі ён быў на «хіміі», жонка ад яго імя купляла падарункі дзецям. Таксама ён рабіў самаробныя паштоўкі для дзяцей, маляваў ім або рабіў аплікацыі. Высылаў віншаваньні поштай.

Віктар Пархімчык
Віктар Пархімчык

Асабліва Віктар запомніў, як сям’я прыехала да яго ў госьці на ягоны дзень нараджэньня. Гэта была выключная падзея, бо сваякі рэдка наведвалі мужчыну на «хіміі». У адзін бок трэба было праехаць 400 кілямэтраў. Да таго ж блізкіх не заўсёды магла прапусьціць адміністрацыя ўстановы, нават калі яны ўжо прыехалі.

«Я запомніў, што былі пірожныя. Мы змаглі пасядзець за столікам, папіць гарбаты. Гэта было некалькі гадзін», — успомніў ён.

З жодзінскага СІЗА ён пісаў блізкім лісты. З калёніі таксама дазвалялі тэлефанаваньні па 7 хвілін раз на нейкі пэрыяд. Аднак з гэтых установаў мужчына сваякоў нейкім асаблівым чынам са сьвятамі не віншаваў. Ён адзначае, што яму і іншым вязьням было вельмі важна самім атрымліваць лісты з волі. Яны моцна падтрымлівалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG