«Мы крыкнулі ў калідор: „Жыве Беларусь!“»
Арцём Быстрык сустрэў Новы год у Жодзінскай турме.
Яго затрымалі 20 сьнежня на раённым маршы ў Менску. З Заводзкага РУУС адвезьлі на Акрэсьціна, а на наступны дзень быў суд па двух пратаколах паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.
Супраць Арцёма сьведчыў засакрэчаны супрацоўнік міліцыі «Макідонскі» (менавіта праз «і»). Судзьдзя прысудзіла 15 сутак, і Арцём выйшаў на волю ўжо ў 2021 годзе — 4 студзеня. Арцём сказаў, што ўжо падчас затрыманьня супрацоўнікі паабяцалі, што ён будзе сустракаць Новы год «з жалезнай ялінкай».
Паводле Арцёма, у камэры было 8 чалавек, і амаль усе «нашыя» людзі. Хаця некаторых затрымалі выпадкова: той, што атрымаў 12 сутак, ішоў у краму па хлеб, а другі, якому далі 14 сутак, выходзіў з пад’езду ў таксоўку.
«На Каляды асаблівага сьвяткаваньня не было. Я ўсіх павіншаваў, сказаў, што павінна быць 12 страваў, мы пасьмяяліся, бо там місак было 12, а ня страваў, — кажа Андрэй. — А на Новы год час нам ніхто не абвяшчаў. Трэба было некалькі разоў спытацца ў ахоўнікаў, колькі часу, бо хацелі пачаць сьвяткаваць у 23.34. А 10-й вечара ў нас быў адбой, але мы займаліся сваімі справамі».
Арцём кажа, што вязьні даведаліся пра Новы год, калі за вакном пачуліся выбухі пэтардаў. Радыё ў гэтую ноч наогул не ўключалі. Гэта была адзіная ноч, калі ўсе былі крыху разьняволеныя: і вязьні, і ахоўнікі.
«Мы крыкнулі ў калідор „Жыве Беларусь!“, нехта зь іншых камэраў адказаў „Жыве!“, потым нібыта ўсім паверхам крычалі „Сыходзь!“, — кажа Андрэй. — Напярэдадні, у сераду, нам амаль усім перадалі перадачы, таму было адчуваньне сьвяточнага стала. Ахоўнік трапіўся больш-менш добразычлівы, магчыма, падпіў ці што, казаў нам: „Вас падманула звычайная кухарка“. Гэта выклікала сьмех, бо вядома было, хто падмануў яго».
Андрэй назваў турму «брудным хостэлам, дзе чамусьці не выпускаюць з пакоя».
«Тое, што ўсіх пазбавілі сямейных сьвятаў, гэта асабліва цынічна. Гэтыя запужваньні маюць адваротны вынік. Мы там толькі з хлопцамі кансалідаваліся, пасябравалі, дамовіліся, што іншага шляху няма і трэба змагацца да перамогі».
«Зьелі па мандарынцы»
Актывіста зь Берасьця Андрэя Шарэнду затрымалі 29 сьнежня за бел-чырвона-белы сьцяг на гаўбцы. 1 студзеня, калі ён павінен быў выйсьці на волю, яго затрымалі паўторна за ўдзел у акцыі ў Менску 8 лістапада. 4 студзеня яго адпусьцілі, але суд працягнецца.
«Новы год сустрэлі ў камэры ўдвох, зь дзьвюма мандарынкамі. Па фаервэрках за сьценамі мы зразумелі, што Новы год ужо прыйшоў. Зьелі па мандарынцы і так адзначылі. У ахоўнікаў быў улучаны тэлефон, ці што, і чуўся толькі пачатак выступу Лукашэнкі, але мы яго ня слухалі. Яго потым ці то выключылі, ці то прыглушылі. Нас ніхто не папярэджваў, што ўжо Новы год».
Паводле Андрэя, у сувязі са сьвятам не было ніякага паслабленьня, а ў мэню буракі замянілі на шаткаваную капусту. Падчас праверкі 1 студзеня ён павіншаваў усіх з Новым годам.
«На праверцы ўсіх ставяць тварам да сьцяны, робяць шмон у камэры. І калі супрацоўнікі ІЧУ спыталі, якія ёсьць пытаньні, я павіншаваў іх з Новым годам. Яны сказалі: «Вас таксама».
Андрэй лічыць, што асноўнай мэтай пераднавагодняга затрыманьня было «сарваць сьвята, зрабіць кепска за грамадзянскую пазыцыю». Калі ён выйшаў з ІЧУ, то даведаўся, што дома зрабілі ператрус і затрымалі яго жонку Паліну. Яе ў кайданках адвезьлі ў ІЧУ Берасьця. Паліну затрымалі па адміністрацыйнай справе, таксама праводзіцца праверка па крымінальнай — нібыта за зьнявагу супрацоўніка пры затрыманьні Андрэя. Больш інфармацыі будзе заўтра пасьля суду, кажа Андрэй.
«Малодшаму сыну 4 гады, і ён цяжка гэта ўспрымае. Калі прыйшлі з вобшукам, Паліна не адчыняла дзьверы, і іх выбілі нейкай кувалдай. У гэты час яна была з сынам у іншым пакоі. У сына стрэс, і ён пытаецца, дзе мама, — кажа Андрэй. — Пасьля ІЧУ ў мяне невялікая тэмпэратура, і асабліва няма на каго пакінуць дзяцей. Будзем спадзявацца, што Паліну выпусьцяць».