Павал Севярынец сёмы раз сустракае новы год за кратамі
Шмат палітвязьняў сядзіць у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага: студэнты, журналісты, прадпрымальнікі, палітычныя актывісты. Сярод іх сустаршыня БХД Павал Севярынец. Паводле ягонай жонкі Вольгі, Павал ужо 7-ы раз будзе сустракаць Новы год за кратамі. 30 сьнежня Вольга аднесла мужу на «Валадарку» перадачу і падзялілася ўбачаным каля турмы.
«Вялікая чарга. Людзі нясуць перадачы, перажываюць, каб усё дазволілі. Бачыла, што перадаюць шмат мандарынаў, печыва, цукерак. Але тут залежыць яшчэ ад вагі харчовай перадачы, ці засталося што ад нормы на месяц. У нас засталося няшмат, таму змагла перадаць крыху шакаляду, арэхаў. У Паўла яшчэ і дзень народзінаў якраз сёньня, 30-га. То бок гэтым сямі Новым гадам за кратамі папярэднічалі 7 дзён народзінаў у зьняволеньні. Адзначаў іх і ў турме, і на „хіміі“, і на Акрэсьціна, як мінулым годам. Тут сядзіць у невялікай камэры на двух чалавек, і што ім дазволяць на Новы год, ня ведаю. Потым напіша ў лісьце. Але ведаю, што для яго гэта звычайны дзень», — расказала Вольга Севярынец.Паводле жонкі палітвязьня, Павал больш занепакоены прапагандысцкай кампаніяй, якая вядзецца супраць бел-чырвона-белага сьцяга ў дзяржаўных мэдыя.
«Чытае там „СБ-сегодня“ і абураецца, што топчуць наш сьцяг. Перадае, трэба падкрэсьліваць тое, што бел-чырвона-белы сьцяг — наш спрадвечны сымбаль перамогі над злом, уваскрэсеньня, сымбаль справядлівасьці і праўды. Вось гэтым ён заклапочаны найперш, а побытавыя рэчы для яго другаснае», — мяркуе Вольга Севярынец.
Днямі Паўла Севярынца на «Валадарцы» наведала адвакатка. Вользе стала вядома, што палітвязьні атрымліваюць шмат лістоў і навагодніх паштовак. Турэмная цэнзура не спраўляецца з колькасьцю пераднавагодняй пошты, зрабіла выснову Вольга.
Паводле вязьняў, якія пабывалі на «Валадарцы» пасьля Плошчы 2010 году, там на Новы год у некаторых камэрах удавалася накрываць сьвяточныя сталы, якія мала чым саступалі сталам на волі. Ці магчыма такое?
Былы палітвязень, гісторык Зьміцер Дрозд мяркуе, што парадкі на «Валадарцы» мала зьмяніліся за шмат гадоў.
«Звычайны распарадак дня ў турме — а 22 гадзіне адбой, і ўсе мусяць ляжаць на нарах, шум у камэры забаронены. Але сьвяточны стол можна накрыць і а 6-й, падчас вячэры. Шмат што залежыць ня толькі ад волі канваіра, але і ад фантазіі вязьня», — мяркуе Зьміцер Дрозд.
«Наўрад ці ім давядзецца выспацца»
Студэнтку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марыю Каленік і яе сукамэрніц на «Валадарцы» дакладна чакае на Новы год «салодкі стол», кажа яе сястра Паліна. Дзяўчына расказала, што 31 сьнежня маці панясе ў турму перадачу, у якой будуць прысмакі да навагодняга стала. А ці будзе стол накрыты дакладна ноччу, ня гэтак і важна, лічыць Паліна.
«Пра прыход Новага году яны даведаюцца ад грукату фаервэркаў. Гэта ж цэнтар гораду, у турме ўсё будзе чуваць. Наўрад ці ім давядзецца добра выспацца», — жартуе Паліна.
Дзяўчына паведаміла, што яе сястра і сама падумала пра тое, як Новы год сустрэнуць на волі яе родныя.
«Уявіце, ад Машы прыйшоў канвэрт, на якім напісана, каб раскрылі ў навагоднюю ноч. То бок яна разьлічыла, каб у гэты момант мы ў думках былі разам», — захапляецца сястрой Паліна.
Мікалай Статкевіч, верагодна, сустрэне Новы год у адзіночнай камэры
Дзясяткі адміністрацыйных вязьняў, асуджаных на суткі за пратэсты, яшчэ застаюцца ў ізалятарах на Акрэсьціна ў Менску, на вуліцы Брэсцкай у Баранавічах, на Савецкай у Жодзіне ды ў іншых месцах Беларусі. Тыя, хто пабываў пад арыштам і параўнаў перажытае з досьведам іншых, робяць выснову: магчыма, самы жорсткі паводле турэмных парадкаў — Жодзінскі ізалятар. Калі пра СІЗА ў Баранавічах кажуць як пра надзвычай старую вязьніцу, дык адносна Жодзінскага ізалятара адзначаюць надзвычай жорсткае стаўленьне канваіраў.
«Нас як прывезьлі, дык бягом, паўсагнутымі пагналі нейкімі падземнымі калідорамі, пры гэтым білі. Па сьпінах, па нагах гумовымі палкамі, берцамі. У камэры было месцаў удвая менш, чым нас. За дзень на ўсіх далі адзін бохан хлеба», — згадваў Дзьмітрый Н., які сядзеў у жодзінскім ізалятары ў канцы лістапада.
Бывала, прыносілі галінку каляднай ёлкі, а бывала, закрывалі ў карцары
Марына Адамовіч, жонка вядомага палітыка, палітвязьня Мікалая Статкевіча, сёньня адвозіла перадачу мужу ў Жодзіна.
«Тут шмат людзей, нясуць перадачы сваім родным. Але пра тое, якія ў іх там умовы, нічога ня кажуць, бо самі вязьні пра гэта пішуць мала. Мікола сядзіць адзін у камэры — вось і ўсё, што ведаю. І, відаць, на паслабленьне ў навагоднюю ноч не разьлічвае. Павіншаваў у апошнім лісьце з надыходзячым Новым годам, напісаў: «Вясна свабоды прыйдзе абавязкова», — расказала Марына Адамовіч.
З ранейшых расповедаў мужа Марына ведае, што ён 6 разоў сустракаў Новы год у вязьніцах і яшчэ два разы на «хіміі».
«Казаў, бывала па-рознаму. Бывала, як у магілёўскай турме, што сьвятар галінку каляднай ялінкі ў камэру прыносіў, якая потым стаяла да Новага году, не забаранялі. Ці нейкі сьвяточны стол можна было накрыць. Але бывала, што закрывалі ў адзіночку, усяляк абмяжоўвалі», — згадвае Марына.
Яна кажа, што змагла перадаць мужу печыва, мармэляд, зэфір.
«Ён любіць салодкае, — расказвае пра Міколу жонка. — Яшчэ перадала кавалак штолену — гэта такі нямецкі кекс, які традыцыйна выпякаюць на Каляды і Новы год. Важна, каб быў сьвяточны настрой, і ён гэты настрой стварае. Але як далей — няма інфармацыі. У Мікалая якраз скончыўся чарговы тэрмін. За кратамі ён ужо 7 месяцаў, але ўчора на волю ня выйшаў. Зь ліста даведаемся, ці ў карцар трапіў, ці што. Хутчэй за ўсё, яшчэ на 2 месяцы працягнулі крымінальную справу. Гэтыя справы на іх таму завялі, каб трымаць колькі заўгодна».
У сьледчай турме № 8 у Жодзіне і вядомы блогер Ігар Лосік, які на знак пратэсту ўжо палову месяца трымае галадоўку. «Сустрэну Новы год з бутэлькай мінэралкі», — напісаў у апошнім лісьце жонцы Ігар Лосік і павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам.
«Амэрыканка»
Не зарэгістраваны кандыдатам на прэзыдэнта экс-банкір Віктар Бабарыка, ягоны сын Эдуард, некаторыя сябры выбарчага штабу ды іншыя палітвязьні сядзяць у СІЗА КДБ на вуліцы Камсамольскай у Менску. Гэтую турму ў народзе клічуць «амэрыканка» — за круглую форму, скапіяваную з амэрыканскіх праектаў. Якія ўмовы чакаюць палітвязьняў «амэрыканкі» на Новы год?
Літаратар Аляксандар Фядута некалькі месяцаў сядзеў у «амэрыканцы» пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Не разьлічвае, што парадкі і ўмовы там сталі лепшымі.
«Здавалася б, турма КДБ, туды яшчэ трэба пастарацца, каб трапіць, але месцаў там заўсёды не хапала. У першай маёй камэры спаў на „верталёце“ — гэта такі пераносны ляжак, які на ноч укладваюць упоперак процілеглых нараў. А ў апошняй камэры дык спаў на падлозе. Ведаючы памер цяперашніх рэпрэсій, дык магу ўявіць, як там цяпер», — кажа Аляксандар Фядута.
Былы палітвязень згадаў, як з чатырма сукамэрнікамі сустракаў новы 2011 год.
«Сьвятло запаліць не дазволілі. Прычым нас маглі ў любы момант злавіць на парушэньні рэжыму, калі б заглянулі ў вочка, але мы не пабаяліся і ўсё ж неяк Новы год сустрэлі. Была бутэлька колы, мы яе разьлілі па кубках, чокнуліся. Закусілі мандарынкамі — а гэта зь дзяцінства сапраўдная навагодняя страва. Потым згадвалі сьмешныя навагоднія гісторыі, падымалі настрой, як маглі», — расказвае Аляксандар Фядута.
Паводле Аляксандра Фядуты, час надыходу Новага году падказалі званы катэдральнага сабору на плошчы Свабоды. Гэты звон будзе чуваць і ў апошнія сэкунды 2020 году.
«А за што мы пілі тады тую колу? Дакладна ўжо ня памятаю. Але што згадваць? За кратамі кожны думае, каб хутчэй выйсьці на волю», — мяркуе Аляксандар Фядута.