Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаяна і Вэнэсуэла дамовіліся не ваяваць за багаты на нафту спрэчны рэгіён


Прэзыдэнт Гаяны Ірфан Алі і прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура
Прэзыдэнт Гаяны Ірфан Алі і прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура

Гаяна і Вэнэсуэла дамовіліся не змагацца за багаты на нафту рэгіён Эсэкіба, які міжнародна прызнаны часткай Гаяны.

Згодна з сумеснай заявай дзьвюх краін, яны «ні пры якіх абставінах ня будуць пагражаць адзін аднаму сілай або ўжываць сілу» і «будуць устрымлівацца — словам або справай — ад эскаляцыі канфлікту або рознагалосьсяў».

У заяве таксама абвяшчаецца аб працягу перамоваў у наступныя тры месяцы і падкрэсьліваецца, што спрэчкі будуць вырашацца ў адпаведнасьці з міжнародным правам. Пры гэтым Гаяна настойвае на рашэньні Міжнароднага суду ААН, а Вэнэсуэла яго не прызнае.

14 снежня ў адбылася сустрэча прэзыдэнта Гаяны Ірфана Алі і прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура. У перамовах прынялі ўдзел прадстаўнікі ААН, Карыбскай супольнасьці, Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў, Бразыліі і Калюмбіі.

Алі надзеў на сустрэчу бранзалет з выявай Гаяны ў яе міжнародна прызнаных межах. Ён заявіў, што мяжа краіны не падлягае абмеркаваньню.

«Гаяна не імкнецца да вайны, але пакідае за сабой права працаваць з партнэрамі, каб забясьпечыць сваю абарону», — сказаў ён. Паводле яго, абодва бакі жадаюць, каб Эсекіба заставалася зонай міру.

6 снежня прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура абвясьціў аб анэксіі багатага на нафту рэгіёну Эсэкіба, разьмешчанага ў заходняй частцы суседняй незалежнай дзяржавы Гаяна. Пра гэта ён заявіў па выніках рэфэрэндуму аб прызнаньні сувэрэнітэту над Эсэкіба. Улады сьцьвярджаюць, што больш за 95% удзельнікаў рэфэрэндуму пагадзіліся з далучэньнем Эсэкіба. Аднак экспэрты ў выбарах і СМІ гавораць пра нізкую яўку і фальсыфікацыі.

Эсэкіба займае амаль тры чвэрці Гаяны. Вэнэсуэла прэтэндуе на рэгіён з 1811 году, калі яна стала незалежнай ад Гішпаніі, а Эсэкіба адышла да Вялікай Брытаніі, калёніяй якой стала Гаяна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG