Абяцаньне Нікаляса Мадуры дазволіць асваеньне радовішчаў вакол ракі Эсэкіба прагучала пасьля рэфэрэндуму, як яго ўрад правёў у мінулыя выходныя. Удзельнікі адхілілі юрысдыкцыю Міжнароднага суду (МС) над тэрытарыяльнымі рознагалосьсямі і падтрымалі стварэньне новага штату на гэтай тэрыторыі.
Нягледзячы на тое, што Мадура не аднойчы заяўляў пра абавязковы характар рэфэрэндуму, Міжнародны суд (чыё агульнае рашэньне ў гэтай справе можа быць прынята праз гады) на мінулым тыдні забараніў Вэнэсуэле прымаць захады, якія мяняюць статус-кво ў багатым нафтай рэгіёне, піша Reuters.
Дзяржаўная нафтавая кампанія PDVSA і дзяржаўны вытворца жалеза і сталі CVG створаць падразьдзелы для працы ў Эсэкіба, 24-м штаце Вэнэсуэлы, аб'явіў Мадура.
Дзяржаўныя кампаніі «неадкладна прыступяць да стварэньня падразьдзелаў PDVSA Esequibo і CVG Esequibo, і мы неадкладна прыступім да выдачы апэрацыйных ліцэнзій на выведку і эксплюатацыю нафты, газу і шахтаў у нашай Гаяне Эсэкіба», — сказаў ён у дзяржаўнай тэлевізіі.
Таксама ён прадэманстраваў новую мапу Вэнэсуэлы, якую цяпер будзе выкарыстоўваць урад дзяржавы.
Мадура таксама сказаў, што прапанаваў заканадаўчаму органу закон аб стварэньні новага штату, і ў кампаніяў, якія ўжо працуюць у водах гэтага раёну, будзе тры месяцы, каб яго пакінуць.
Рэакцыя Гаяны
Прэзыдэнт Гаяны Ірфаан Алі заявіў, што Мадура дэманструе «абуральную непавагу» да рашэньня МС.
«Гаяна паведаміць пра гэта раніцай. Мы напішам у Раду Бясьпекі ААН і ў суд», — сказаў Алі ў нацыянальным этэры. «Сілы абароны Гаяны ў стане падвышанай гатоўнасьці... Вэнэсуэла відавочна абвясьціла сябе краінай па-за законам».
Алі дадаў, што ўжо размаўляў зь генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам.
Вэнэсуэла аднавіла старыя прэтэнзіі на тэрыторыю плошчай 160 000 квадратных кілямэтраў у апошнія гады пасьля адкрыцьця марскіх радовішчаў нафты і газу. Спрэчная і марская мяжа паміж дзьвюма краінамі.
Кансорцыюм пад кіраўніцтвам Exxon Mobil пачаў здабываць нафту ля ўзьбярэжжа Гаяны ў канцы 2019 году, а экспарт пачаўся ў 2020 годзе.
Гаяна, якая цяпер здабывае каля 400 000 барэляў нафты і газу ў дзень, сёлета атрымала заяўкі на новыя малаводныя і глыбакаводныя блёкі ад мясцовых і замежных кампаніяў у першым міжнародным раўндзе таргоў. Ліцэнзіі на выведку гэтых тэрыторыяў не падпісаныя.
Алі сказаў, што інвэстарам у Гаяне няма пра што турбавацца.
«Наша паведамленьне вельмі дакладнае, вашыя інвэстыцыі ў бясьпецы», — сказаў ён. «Нашыя міжнародныя партнэры і міжнародная супольнасьць гатовыя, і яны запэўнілі нас у сваёй падтрымцы».
Аналітыкі кажуць, што галасаваньне на рэфэрэндуме было яшчэ і спробай Мадуры ацаніць падтрымку свайго ўраду перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2024 годзе. 95% тых, хто ўдзельнічаў у рэфэрэндуме, пагадзіўся з прэтэнзіямі дзяржавы на рэгіён Гаяны.