Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камандзе Ціханоўскай расказалі, на якім этапе знаходзіцца праца над «пашпартам новай Беларусі»


Узор «пашпарту новай Беларусі», прэзэнтаваны на кангрэсе дэмакратычных сілаў, Варшава, жнівень 2023 году
Узор «пашпарту новай Беларусі», прэзэнтаваны на кангрэсе дэмакратычных сілаў, Варшава, жнівень 2023 году

У рамках праекту «пашпарта новай Беларусі» цяпер вырашаюцца арганізацыйныя пытаньні, паведаміў агенцтву «Позірк» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у замежных справах Валер Кавалеўскі.

«Зараз мы працуем над заснаваньнем органа выдачы «пашпарта новай Беларусі», — сказаў ён. — Трэба думаць пра напісаньне працэдур, пра пэўныя ўнутраныя працэсы, якія зробяць гэты орган сапраўдным. То бок зараз такая арганізацыйная праца ідзе».

Паводле яго, таксама працягваюцца кансультацыі зь міжнароднымі партнэрамі, «каб паціху набліжацца да прызнаньня дакумэнта».

«Некалькі тыдняў таму мы разьмясьцілі заказ на матэрыялы для вырабу ўзораў „пашпарта новай Беларусі“, месяцы тры пойдзе на тое, каб іх даставіць — адмысловую паперу, усе кампанэнты для вытворчасьці. Пасьля мы зробім узоры і адразу будзем зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці з просьбай аб прызнаньні», — сказаў Кавалеўскі.

  • Раніцай 13 сьнежня невядомыя пачалі рассылаць паведамленьні быццам бы ад імя Офісу Святланы Ціханоўскай з заклікам да беларусаў дасылаць свае пэрсанальныя зьвесткі ў мэтах запісу на атрыманьне «пашпарта новай Беларусі». У прэс-службе Ціханоўскай назвалі гэта фэйкам і, «імаверна, правакацыяй карнікаў рэжыму з мэтаю збору дадзеных беларусаў», як і старонку «Нацыянальны Пашпарт Беларусі» ў Фэйсбуку, дзе яшчэ 6 сьнежня разьмясьцілі абвестку пра збор заяваў на атрыманьне новага пашпарта.
  • У Аб'яднаным пераходным кабінэце адзначылі, што «зьбіраць дадзеныя беларусаў і ствараць нейкія чэргі на выдачы заўчасна», заклікала не паддавацца на правакацыі і сачыць «толькі за афіцыйнымі каналамі» інстытутаў дэмакратычных сілаў.
  • Аб праекце«пашпарта новай Беларусі» стала вядома сёлета ў лютым. Беларускія дэмакратычныя сілы пачалі распрацоўваць альтэрнатыўны дакумэнт на фоне ўнясеньня паправак у закон аб грамадзянстве, якія даюць уладам магчымасьць пазбаўляць грамадзянства, атрыманага ў тым ліку на падставе права нараджэньня, беларусаў, асуджаных за «экстрэмізм», якія зьехалі за мяжу. Адкарэктаваная адпаведным чынам рэдакцыя закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» набыла моц у ліпені.
  • 4 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG