Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КДБ можа любога разыграць „уцёмную“». Экс-алмазавец Макар пра заявы Тэртэля, сваркі апазыцыі і затрыманага ФСБ беларуса


Іван Тэртэль, Ігар Макар. Каляж
Іван Тэртэль, Ігар Макар. Каляж

Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль выказаўся пра беларуса, якога затрымала ФСБ за дывэрсію на БАМ і заявіў, што ягонае ведамства бярэ ўдзел у сьледзтве. Тэртэль таксама расказаў пра тое, што ў Польшчы рыхтуюцца тэракты ў Беларусі.

Госьць эфіру «Свабода Premium» — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар.

Глядзіце інтэрвію цалкам у відэафармаце.

«КДБ выкарыстоўвае ўсё тую ж практыку і працу, якая вялася і раней. Мы жывём у часы інфармацыйнай вайны, і гэта эфэктыўна дзейнічае на людзей. КДБ можа любога разыграць „уцёмную“, каб іншыя не варухнуліся, каб ня думалі на такое ісьці. А пасьля гэта пакажуць у фільме з усімі падрабязнасьцямі. Чалавек будзе раскайвацца, плакаць. І гэта ўсё накіравана на тое, каб у краіне не было такіх тэндэнцый, каб нельга было нічога зрабіць для зьмены ўлады. Я і раней казаў, што ў дзяржавы заўсёды на адзін патрон больш, у яе заўсёды больш магчымасьцяў. КДБ з 2001 ці 2006 году мэтанакіравана вядзе так барацьбу з апазыцыяй: праз інфармацыю, запалохваньні, пасадкі ў турму, выезд з краіны. Я вас запэўніваю, што ня ўсе па сваёй волі і жаданьні выехалі за мяжу. Многія былі вымушаныя, ім не давалі жыць спакойна. Але КДБ наўмысна даваў ім магчымасьць выехаць», — кажа Ігар Макар.

Таксама Тэртэль заявіў, што на тэрыторыі Польшчы зараз «сем так званых харугваў рыхтуюцца да тэрактаў і захопу абʼектаў на беларускай тэрыторыі». На думку былога алмазаўца, любая інфармацыя, якая можа пагражаць нацыянальнай бясьпецы ці дзяржаве, ніколі ня будзе раскрывацца і абнародавацца.

«Калі б харугвы сапраўды пагражалі нацыянальнай бясьпецы Беларусі, гэтага б не агучвалі. Быў бы створаны апэратыўны штаб, былі б пастаўлены задачы, і была дакладна зроблена праца на зьнішчэньне гэтых харугваў, на дэзынфармацыю і інфармацыйную вайну», — гаворыць Ігар Макар.

Тым часам расейская дэлегацыя на чале з дырэктарам Службы замежнай выведкі Сяргеем Нарышкіным прыбыла ў Менск для ўдзелу ў нарадзе кіраўнікоў органаў бясьпекі і службаў выведкі дзяржаваў – удзельніц СНД, піша БелТА.

У аэрапорце Менску Сяргея Нарышкіна сустрэў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль.

Як заявіў Тэртэль, кіраўнікі спэцслужбаў СНД будуць абмяркоўваць пытаньні, зьвязаныя з сумеснымі дзеяньнямі і абменам досьведам.

На сёньняшнім пасяджэньні старшыня КДБ Беларусі выказаўся аб заходніх санкцыях і аб працы спэцыялістаў замежнай выведкі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG