Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня КДБ выказаўся пра беларуса, затрыманага за дывэрсію на БАМе, і сем беларускіх харугваў у Польшчы

абноўлена

Сяргей Нарышкін, Іван Тэртэль і Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Сяргей Нарышкін, Іван Тэртэль і Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Іван Тэртэль выказаўся пра затрыманага ў Расеі беларуса, пра беларускія харугвы у Польшчы і пагрозы тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі.

Пра затрыманага ФСБ Расеі

Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль выказаўся пра беларуса, якога затрымала ФСБ за дывэрсію на БАМе, піша БелТА:

«Я пацьвярджаю гэты факт. Гаворка ідзе пра нашага грамадзяніна, жыхара Віцебскага рэгіёну, былога работніка „Нафтану“, звольненага ў сьнежні 2020-га за дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці. Матывы перш за ўсё карысьлівыя. Яму выплацілі пэўныя сумы, яшчэ большыя былі абяцаныя».

Паводле Тэртэля, КДБ Беларусі бярэ ўдзел у сьледзтве. Ён таксама заявіў, што нібыта ўкраінскія спэцслужбы вэрбавалі затрыманага ў Расеі, як і некаторых іншых беларусаў, дыстанцыйным шляхам.

Беларуса Сяргея Ерамеева, якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМу, этапуюць у Іркуцк, піша тэлеграм-канал Baza.

Паводле тэлеграм-каналу, у знаёмых Сяргея Ерамеева ў Беларусі супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы, у іх сканфіскавалі тэлефоны і іншую тэхніку. Раней пра ператрусы ў Полацку, зьвязаныя з затрыманьнем Ерамеева, пісаў праваабарончы цэнтар «Вясна».

  • Сяргей Ерамееў — беларус, якога расейскія ўлады абвінавачваюць у падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі.
  • Вядома, што раней у Беларусі ён страціў працу за ўдзел у пратэстах 2020 году. Сяргей працаваў апэратарам прыладаў на «Нафтане» і ўдзельнічаў у страйку ў 2020 годзе.

Пра сем беларускіх харугваў у Польшчы

Беларусы ў Польшчы нібыта рыхтуюцца да захопу аб’ектаў і тэрарыстычных актаў у Беларусі, заявіў дзяржаўным СМІ старшыня КДБ Іван Тэртэль, піша БелТА.

«На тэрыторыі Польшчы зараз сем так званых харугваў рыхтуюцца да тэрактаў і захопу абʼектаў на беларускай тэрыторыі. Найбольш агрэсіўная харугва трэнуецца ў Беластоку на вуліцы Кардынала Вышынскага, 6а. Ёю кіруе наш грамадзянін Асадулаеў 1991 году нараджэньня, які калісьці вучыўся ў Вайсковай акадэміі і ўцёк за мяжу. Ён хаваецца пад псэўданімам „Шляхціц“. Гэта адна з найбольш агрэсіўных структураў», — сказаў Іван Тэртэль.

Тым часам расейская дэлегацыя на чале з дырэктарам Службы замежнай выведкі Сяргеем Нарышкіным прыбыла ў Менск для ўдзелу ў нарадзе кіраўнікоў органаў бясьпекі і службаў выведкі дзяржаваў – удзельніц СНД, піша БелТА.

У аэрапорце Менску Сяргея Нарышкіна сустрэў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль.

Як заявіў Тэртэль, кіраўнікі спэцслужбаў СНД будуць абмяркоўваць пытаньні, зьвязаныя з сумеснымі дзеяньнямі і абменам досьведам.

На сёньняшнім пасяджэньні старшыня КДБ Беларусі выказаўся аб заходніх санкцыях і аб працы спэцыялістаў замежнай выведкі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG