Дакумэнт распрацавалі прадстаўнікі офіса Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінэта, Каардынацыйнай рады, арганізацый грамадзянскай супольнасьці, аналітычных цэнтраў у сфэры эканомікі, палітыкі, стратэгічнай камунікацыі, права, міжнародных адносін. Мэта стратэгіі заключаецца ў «транзыце ўлады і ўсталяваньні дэмакратычнай сыстэмы, у якой немагчымае зьяўленьне новай дыктатуры».
Старшыня Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў заявіў, што галоўнымі мэтамі Стратэгіі пераходнага пэрыяду ёсьць транзыт улады і пераход да ўстойлівай дэмакратычнай сыстэмы.
«Пераходны пэрыяд — вельмі складаны час. У Беларусі быў падобны пасьля распаду Савецкага Саюзу і аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Гэта быў пэрыяд высокай турбулентнасьці. Беларусам патрэбна ня проста зьмена ўлады, а такі пераходны пэрыяд, які прывядзе да ўсталяваньня ўстойлівай дэмакратычнай сыстэмы», — сказаў Андрэй Ягораў, прэзэнтуючы дакумэнт у Вільні разам зь іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.
Паводле яго, стратэгія вызначае першыя крокі пасьля зьнікненьня дыктатуры, якія забясьпечаць аднаўленьне ў Беларусі законнасьці і эканамічнай стабільнасьці.
«Стратэгія будзе дапамагаць каардынаваць дзеяньні розных групаў і забясьпечыць адзінае бачаньне будучыні нашай краіны», — дадаў ён.
Андрэй Ягораў паведаміў, што грамадзкае абмеркаваньне плянуецца завяршыць да лютага 2024 году, а канчатковы варыянт стратэгіі — абмеркаваць і зацьвердзіць на форуме.
«Абмеркаваньне — гэта магчымасьць крытыкі, рэвізіі тых палажэньняў, якія прэзэнтуюцца сёньня, але гэтая крытыка неабходная, каб зрабіць такія дакумэнты лепшымі», — дадаў старшыня Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.
Што прадугледжвае Стратэгія
Стратэгія пераходу да Новай Беларусі мае восем разьдзелаў, яны прысьвечаныя наступным мэтам:
- аднаўленьне канстытуцыйнага ладу;
- правядзеньне дэмакратычных выбараў;
- пераход да парлямэцкай рэспублікі;
- вяртаньне аднапалатнага парлямэнту;
- выбары кіраўнікоў мясцовай улады;
- наданьне прэзыдэнту толькі прадстаўнічых функцый;
- забесьпячэньне працы сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня і наданьня паслуг насельніцтву;
- аднаўленьне законнасьці і справядлівасьці;
- замежная палітыка і выкананьне міжнародных абавязаньняў;
- забесьпячэньне эканамічнага разьвіцьця;
- аднаўленьне ўмоваў для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і палітычнага плюралізму;
- нацыянальнае адраджэньне і пашырэньне сфэраў выкарыстаньня беларускай мовы;
- забесьпячэньне грамадзкай падтрымкі рэформаў у пераходны пэрыяд.
Пераходны пэрыяд
Пераходны пэрыяд зойме ня больш за 6 гадоў і ахопіць два выбарчыя цыклі.
Першы этап — транзыт улады. Ён працягнецца да 180 дзён. У гэты час будзе дзейнічаць урад пераходнага пэрыяду. Ягоныя задачы — вырашыць пытаньне з Канстытуцыяй (які яе варыянт лічыць легітымным) і правесьці пазачарговыя выбары.
Да правядзеньня выбараў вызваляць палітвязьняў, адновяць рэгістрацыю партый і грамадзкіх арганізацыяў, здымуць блякаваньне зь незалежных мэдыя.
Матэрыяльная, фізычная і маральная шкода, нанесеная грамадзянам, якія пацярпелі ад парушэньня іх правоў, будзе кампэнсаваная.
Выбары ці зьмена Канстытуцыі, што спачатку? Тры варыянты
Першы — палітычная сіла, якая дамінуе ў пераходны пэрыяд, прызнае легітымным адзін з варыянтаў тэксту Канстытуцыі і праводзіць выбары ў адпаведнасьці зь ёй.
Другі варыянт — канстытуцыйная рэформа раней за выбары. Спачатку праводзіцца рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі, а потым выбары ў органы ўлады.
Трэці — выбары раней за канстытуцыйную рэформу. Аднаўляецца дзеяньне канстытуцыйнага закону — Дэклярацыі «Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь», праводзяць выбары ў Вярхоўную Раду Рэспублікі Беларусь як адзіны прадстаўнічы орган беларускага народу. Вярхоўная Рада праводзіць канстытуцыйную рэформу.
Палітычны лад
Пераход ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы кіраваньня, пры якой урад павінен быць падсправаздачны і несьці адказнасьць перад парлямэнтам. Прэм’ер-міністар прызначаецца парлямэнцкай большасьцю.
За прэзыдэнтам застаюцца прадстаўнічыя функцыі кіраўніка дзяржавы.
Прапануецца вярнуцца да аднапалатнага парлямэнту, дзе будзе 200-250 дэпутатаў.
Лёс карных структураў сучаснага рэжыму
Такія падразьдзяленьні МУС, як ГУБАЗіК і АМАП, а таксама КДБ, расфармуюць. Іх функцыі, не зьвязаныя з палітычна матываванымі рэпрэсіямі, перададуць існым ці створаным спэцыялізаваным структурам.
Судзьдзяў пераатэстуе незалежны орган з удзелам міжнародных экспэртаў.
Лёс чыноўнікаў
Усе дзяржаўныя службоўцы змогуць працягваць працаваць у адпаведнасьці са сваімі кантрактамі, калі ў дачыненьні да іх ня прымуць іншых рашэньняў згодна з законам.
Забараніць займаць высокія пасады ў органах улады могуць толькі паводле рашэньняў судоў у дачыненьні да тых, хто вінаваты ў грубым парушэньні правоў грамадзянаў.
Замежная палітыка
У пераходны пэрыяд ацэняць міжнародныя дамовы, падпісаныя, пачынаючы з 20 ліпеня 1994 году, ці яны не абмяжоўваюць дзяржаўны сувэрэнітэт і ці адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Адбудзецца поўны вывад расейскіх войскаў зь Беларусі.
Будзе ініцыяваны працэс выхаду з саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, перагледжаны ўдзел у АДКБ і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Падпісаньне Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве з Эўразьвязам з наступным заключэньнем Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ.
Моўная палітыка
Спыніць дыскрымінацыю беларускай мовы і культуры.
Правесьці шырокую інфармацыйную кампанію пра неабходнасьць падтрымкі беларускай мовы і культуры, з тлумачэньнем, што не плянуецца ніякага прымусу пераходзіць з расейскай мовы на беларускую. Веданьне беларускай мовы стане абавязковым толькі для дзяржаўных службоўцаў, якія мусяць ведаць усе дзяржаўныя мовы.
Прыняць дзяржаўную праграму разьвіцьця беларускай культуры і пашырэньня сфэры ўжываньня беларускай мовы на 25 гадоў.