На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае палітычны аналітык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандар Марозаў.
Сьцісла
- На прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі тэма паглыбленьня інтэграцыі зь Беларусьсю гучаць ня будзе.
- За тры месяцы, што засталіся да выбараў у Расеі, немагчыма інфармацыйна і паліттэхналягічна забясьпечыць далучэньне Беларусі да РФ.
- У Крамля тры «чырвоныя лініі» для постсавецкіх краінаў: не пераглядаць ролю СССР у Другой сусьветнай вайне; не фліртаваць з Захадам; не чапаць расейцаў і расейскую мову.
- Паводле крамлёўскіх крымінальных «понятий», Лукашэнка добра «трымае свае ларкі».
- Апераджальным індыкатарам наяўнасьці сур’ёзнага расейскага праекту адносна Беларусі будзе правядзеньне ў ёй сацыялягічных дасьледаваньняў на замову Крамля.
— У сакавіку наступнага году ў Расеі павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Уладзімір Пуцін ужо заявіў, што будзе балятавацца. Ці можа Беларусь, інтэграцыя зь ёю стаць тэмай гэтых выбараў? Ці магчыма, што ў Пуціна ўзьнікне спакуса пад сваё пераабраньне зрабіць «падарунак» выбарнікам у выглядзе далучэньня Беларусі да РФ?
— З вынікаў 2023 году складваецца ўражаньне, што пытаньне Беларусі для Крамля ня ёсьць колькі — небудзь важным зараз. І яно ня стане ані тэмаю выбарчай кампаніі, ані наагул важнаю тэмаю палітыкі 2024 году. З гледзішча Крамля Лукашэнка «абараніў свой пэрымэтар».
У «понятиях» Крамля гэта высока цэніцца, гэта такая паўкрымінальная лёгіка — няважна як, якімі сродкамі чалавек улады яе пасьпяхова абараніў. І на гэтым грунтуюцца цяперашнія адносіны Пуціна і Лукашэнкі.
Другі важны момант палягае ў тым, што Беларусь з гледзішча Крамля павінна заставацца ўмоўна незалежнай дзяржавай. Нягледзячы на наяўнасьць «саюзнай дзяржавы», у Беларусі застаецца пэўны дзяржаўны сувэрэнітэт, прызнаваны і ў міжнароднай палітыцы. Гэта істотна для Крамля, у тым ліку і для падтрыманьня геапалітычнага балянсу ва Ўсходняй Эўропе, Гэта таксама важна для абыходу санкцыяў. Існуюць карысныя эканамічныя сувязі, асабліва карысныя менавіта ў той форме, у якой яны склаліся.
Гэта ўсё задавальняе Пуціна, і ніякай інтэнсыфікацыі «саюзнай дзяржавы» на сёньня мы ня бачым. Камэртонам новай кадэнцыі Пуціна будзе барацьба з Захадам праз галовы краінаў— суседзяў. Мне здаецца, што Беларусь і Казахстан у гэтым сэнсе ў меншай небясьпецы, чым іншыя краіны рэгіёну, пакуль выконваюцца тры крытэры Пуціна.
— А што гэта за крытэры?
— Першы пункт — гэта не пераглядаць бачаньня Другой сусьветнай вайны. Перагляд — любыя спробы пераасэнсаваць лёс тых, хто супраціўляўся НКВД, і любых іншых аспэктаў і вынікаў той вайны.
Другі пункт — гэта тое, што ў тэрміналёгіі Пуціна называецца «пранікненьнем амэрыканцаў». Зьяўленьне гэтага чыньніка робіць барацьбу бескампраміснай. У гэтым сэнсе вельмі ўразьлівая Малдова. І можна прагназаваць, што Малдова стане абʼектам ціску Пуціна ў яго наступную кадэнцыю. Менавіта таму, што яна робіць крокі ў кірунку інтэграцыі з Захадам.
Трэці пункт — каб ніхто не чапаў уяўленьні пра расейскае насельніцтва і расейскую мову, якія склаліся ў галаве Пуціна. Як толькі адзін з крытэраў нейкай краінай парушаецца, Крэмль пачынае дзейнічаць жорстка.
У Беларусі Лукашэнкі ўсе гэтыя крытэры выконваюцца. І ня думаю, што гэтая сытуацыя зьменіцца заўтра. У 2019 і першай палове 2020 году Крэмль абдумваў пэрспэктыву нейкага ўплыву на палітычныя працэсы ў Беларусі, што магло б прывесьці да адхіленьня ад улады Лукашэнкі і замены яго на лягчэйшага партнэра для Пуціна. Гэтага з розных прычынаў не адбылося.
У жніўні 2020 году, у першы тыдзень пратэстаў у Беларусі, Крэмль да іх ставіўся з разуменьнем, гэта было бачна ў паводзінах крамлёўскіх мэдыя. Але потым Пуцін зьмяніў сваю пазыцыю і надалей пасьлядоўна падтрымліваў Лукашэнку. Пры тым, што Лукашэнка — цяжкі партнэр для Пуціна.
— Патлумачце: у чым гэтая цяжкасьць, асабліва зараз? Здавалася б, і раней рэсурсаў, козыраў у Лукашэнкі ў гэтым партнэрстве не было, а зараз і пагатоў. Эканамісты кажуць пра залежнасьць у гандлі — на 90%. Расейскія войскі то прыходзяць у Беларусь, то сыходзяць, не пытаючыся ў Лукашэнкі. Менавіта зараз збольшага сышлі, але што ім перашкодзіць прыйсьці заўтра?
З кастрычніка 2022 году Ўкраіну зь Беларусі не абстрэльваюць. А заўтра пачнуць ізноў. Хіба Лукашэнка забароніць? Чаму нельга грукнуць кулаком па стале ў Крамлі і загадаць: з заўтрашняга дня Беларусь — гэта частка, рэгіён РФ з трыкалёрам над Менскам, Берасьцем і іншымі гарадамі Беларусі?
— Сапраўды, на мапе сьвету, якая ёсьць у галаве ў Пуціна, Лукашэнка — нехта кшталту Кадырава. Дакладней, кшталту колішніх гаспадароў сваіх рэгіёнаў Амана Тулеева і Юрыя Лужкова. У мінулым Пуцін іх усіх выціснуў. Лукашэнка для яго — такі постсавецкі вэтэран. І ўсе пералічаныя пэрсанажы былі для Пуціна цяжкімі, як цяжкі для яго сёньня Рамзан Кадыраў. Сыстэма ўлады Пуціна збудаваная на складаным лявіраваньні, а зусім не на простым цэнтралізаваным адміністраваньні.
Лукашэнку для Пуціна можна параўнаць з кіраўніком аднаго з буйных крамлёўскіх кланаў, скажам, з алігархам Кавальчуком. Ці самастойны Кавальчук? Да пэўнай ступені так. Ён мае свае рэсурсы, у тым ліку і кадравыя. Але пры гэтым ён — частка сыстэмы Пуціна. Пры гэтым ёсьць пэўныя дзеяньні Кавальчука, якія не падабаюцца Пуціну, але ён на іх ніяк не рэагуе. У гэтым сэнсе Лукашэнка — вялікая фігура ў пуцінскім сьвеце.
Спосаб камунікацыі Пуціна ўвесь час сутыкаецца з прынцыпова іншым спосабам камунікацыі, якім карыстаецца Лукашэнка. Ён знайшоў свой ключ да Пуціна. З майго гледзішча, Лукашэнка даволі пасьпяхова маніпуляваў Пуціным у нейкія моманты, прынамсі, высьлізгваў з выкананьня некаторых жорсткіх прапановаў Крамля. У атачэньні Пуціна Лукашэнку лічаць вельмі хітрым, падступным князем. Дробным, але вельмі складаным.
— Гэта такія фэадальныя адносіны?
— Хутчэй крымінальныя. Паводле іхных «понятий» «Лукашэнка трымае свае шапікі». Яны, зразумела, ува ўяўленьні крамлёўскіх — іхныя, але і ягоныя — у пэўным сэнсе і ў пэўнай ступені. Калі чалавек паказаў, што ён можа «трымаць свае шапікі», то ўсё ў парадку, зь ім можна працаваць. Так, ён нязручны мужык, псыхаваны, дзіўны. Але ён такі ж, як мы.
— А як такое стаўленьне суадносіцца з ідэалягічнымі пасыламі Пуціна? У сваім знакамітым артыкуле 2021 году ён спрабаваў даказаць, што расейцы і ўкраінцы — адзін народ. Пра тое, што расейцы адзін народ і зь беларусамі, у ім сказана ледзь не на палях, маўляў, адзінства з украінцамі трэба даводзіць, а зь беларусамі і так усё зразумела. І пазьней шмат разоў ён казаў пра недарэчнасьць дзяржаўнасьці ўсіх постсавецкіх краін, Беларусі ў тым ліку. Усе яны, паводле Пуціна — «гістарычная Расея». Чаму адносна Беларусі, паводле вас, няма нават імкненьня зьліквідаваць «гістарычную недарэчнасьць»?
— Бачаньне Пуціна збліжаецца з поглядам Салжаніцына, паводле якога тры славянскія народы павінны ў гісторыі застацца ў межах адной дзяржавы. У гістарычнай пэрспэктыве можна ўявіць сабе перамогу Пуціна ў рэгіёне, у выніку якой ён абʼядноўвае ў адну дзяржаву і Беларусь, і Ўкраіну. Але гэта цяжка сабе ўявіць цягам бліжэйшых 5–10 гадоў.
Украіна ўжо не ўбудавалася ў гэтую схему. Беларусь у яе можа быць убудаваная Пуціным, але ня шляхам ваеннага гвалту. Пуцін хацеў бы, каб беларусы, абраўшы сабе іншага прэзыдэнта, самі папрасіліся ў склад Расеі. На такіх умовах Пуцін быў бы рады. Але зараз ён у кепскім становішчы. Зараз факт — правал бліцкрыгу і беспрэцэдэнтны супраціў Украіны.
Нягледзячы на ўсе зьмены ў Беларусі пасьля 2020 году, у Крамлі існуе ўяўленьне, што ў Беларусі можна спрабаваць нешта зрабіць толькі гібрыдным спосабам. У 2022 годзе Пуціну гаварылі, што як толькі мы ўвойдзем у Кіеў, Зяленскі зьляціць, там паўстане больш спрыяльная да нас улада — і мы пачнём працэс натуральнага абʼяднаньня. Пуцін жа хоча ня столькі скарыць некага, колькі атрымліваць асалоду ад удзячнасьці «данбаскага народу». Гэта ўвесь час паказвае расейская тэлевізія — як данбасцы дзякуюць Пуціну за тое, што «адчыніў ім дзьверы ў Расею».
Беларусы пакуль ніякага жаданьня ўліцца ў Расею не дэманструюць. Яны ў значнай ступені застаюцца постсавецкім народам, ладнай часткай карыстаюцца расейскай мовай, вельмі асьцярожна і акуратна нарошчваюць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. Але намеру ўліцца ў Расею ў іх няма.
Я думаю, што ў практычным сэнсе вынікам няўдачаў Расеі на фронце стане прапанова ня толькі Лукашэнку, але і лідэрам цэнтральнаазіяцкіх краінаў зьняць для іхных грамадзянаў абмежаваньні на наймы па кантракце ў расейскую армію.
— Аляксандар, вы ў свой час былі паліттэхнолягам, працавалі разам з Глебам Паўлоўскім — колішнім «архітэктарам» крамлёўскім палітыкі. А калі вы ня маеце рацыі ў прагнозах намераў Пуціна наконт Беларусі? Колькі патрабуецца часу, каб паліттэхналягічна і інфармацыйна забясьпечыць праект далучэньня Беларусі да Расеі? Да выбараў у РФ — тры месцы. Гэтага часу хопіць?
— Калі прыгадаць, якія паліттэхналёгіі Крэмль выкарыстоўваў з 2000 году, то можна сказаць, што на падрыхтоўку далучэньня Беларусі да РФ трох месяцаў відавочна недастаткова, У 2019 годзе ішлі размовы пра далучэньне Беларусі цалкам. Прынамсі, у некаторых колах крамлёўскіх мэнэджараў. Тады на нарадзе ў Сяргея Кірыенкі, намесьніка кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі, адзін паліттэхноляг сказаў, што гэта магчымы плян, але на яго трэба гады тры. Мы пазьней бачылі сьляды гэтай замовы. Упраўленьне міжнародных сувязяў адміністрацыі Пуціна замаўляла крамлёўскім аналітыкам падрабязны пакрокавы плян дасягненьня гэтай мэты.
— Размова ідзе пра так званыя «паперы Чарнова», якія абнародаваў Insider?
— Так, менавіта. Гэты дакумэнт пісаў адзін з тагачасных прыгожынскіх паліттэхнолягаў. Зараз ён (Аляксандар Сяравін. — РС) віцэ-губэрнатар Пскоўскай вобласьці. Потым гэты плян паклалі ў шуфляду. Але я гэта да таго, што за тры месяцы рэалізаваць такі паліттэхналягічны праект немагчыма.
Апераджальным індыкатарам таго, што такі праект спрабуюць рэалізаваць, стане правядзеньне ў Беларусі на замову Крамля сацыялягічных апытаньняў. Усе падобныя рашэньні ў адміністрацыі прэзыдэнта РФ пачынаюцца з сацыялёгіі, прычым незалежна ад даверу да яе. Самыя вынікі апытаньняў служаць аргумэнтам ва ўнутрыапаратнай дыскусіі. Вы ня можаце прапаноўваць пачаць маштабную палітычную апэрацыю, якая каштуе сотні мільёнаў эўра, калі ня можаце прадʼявіць сацыялёгію. І вынікі ня толькі апытаньняў, але і фокус-групаў.
Я ня бачу, каб Крэмль зараз праводзіў нейкія апытаньні ў Беларусі. Хаця ў 2019 годзе такія дасьледаваньні ў Беларусі праводзіліся на замову Крамля.
— Ці можа Крэмль неяк скарыстацца беларускімі выбарамі 2024 году і фармаваньнем Усебеларускага народнага сходу? У 2020–2021 гадах было шмат размоваў пра тое, што Крэмль, скарыстаўшыся палітычным аслабленьнем Лукашэнкі з прычыны пратэстаў, паспрабуе зьмяніць палітычны дызайн Беларусі, завесьці ў органы ўлады шмат выразна прарасейскіх палітыкаў, якія выступаюць за абʼяднаньне з РФ. З гэтага ажыцьцявіць удалося няшмат. Новая Канстытуцыя Беларусі, прынятая на рэфэрэндуме ў лютым 2022 году, нейкіх асаблівых магчымасьцяў для гэтага не дае.
Аднак, напрыклад, адзін зь лідэраў дэмакратычных сілаў Беларусі Павал Латушка лічыць, што Масква зьбіраецца скарыстаць парлямэнцкія выбары ў Беларусі для ўмацаваньня свайго палітычнага ўплыву. Зьбіраецца? Скарыстаецца?
— Я зараз гэтага ня бачу. Крамлёўская палітыка вельмі рэактыўная. За ўвесь час кіраваньня Пуціна яго адміністрацыя пачынала рабіць нейкія рэзкія дзеяньні адносна Беларусі толькі тады, калі парушаўся адзін з трох крытэраў, пра якія я казаў. Лукашэнка пачынае фліртаваць з Захадам — імгненна пачынаецца рэакцыя. Тады ўключаліся і інфармацыйныя, і палітычныя тэхналёгіі, эканамічны ціск, адмова ў крэдытах, шантаж. Ці пачынаецца заляцаньне з нацыянальным адраджэньнем і перагляд бачаньня Другой сусьветнай вайны. Тады таксама ўключаецца шырокі спэктар мераў узьдзеяньня. Калі нічога гэтага няма (а зараз гэтага няма), то Крэмль нічога не фарсуе. Таму я ня думаю, што Крэмль зжарэ Беларусь зараз.
Але думаю, што і зараз у Крамлі ляжаць пляны, падрыхтаваныя на выпадак раптоўнай сьмерці Лукашэнкі. І там напісана, якая фігура павінна апынуцца на яго месцы. І калі гэта адбудзецца, у Пуціна можа ўзьнікнуць ідэя зрабіць рэзкі крок дзеля «ўратаваньня» Беларусі — іншымі словамі, захопу Беларусі.
— А як вы мяркуеце, гэты «кастынг пераемніка» Лукашэнкі — ён у Крамлі ўжо завяршыўся? Там засталося адно прозьвішча ці іх некалькі?
— Мяркую, што там дагэтуль сьпіс, бо Лукашэнка ўсё ж энэргічны і не такі стары. Ды гэта і палітычна неразумна — рабіць стаўку на нейкую адну асобу. Ёсьць 10–12 беларускіх чыноўнікаў, якія маюць пэўныя рэсурсы і здольнасьці і могуць быць фігурамі, якія збудуюць постлукашэнкаўскую ўладную кааліцыю. І за імі ў Крамлі ўважліва назіраюць. І там перакладаюць і карэктуюць гэты пасьянс. Вось Іван Пятровіч, скажам, быў усім добры. Але, на жаль, сьпіўся. І Пётра Іванавіч таксама някепскі — у дэсанце служыў, ангельскую ведае. Але нешта пачаў засынаць на нарадах. Вось прыблізна такі кастынг ідзе.
Але варта дадаць, што Крэмль шмат разоў памыляўся ў падобных разьліках ў многіх постсавецкіх краінах. Адна з самых катастрафічных памылак — гэта Януковіч. Ня менш яскравая — Плахатнюк у Малдове.
Тут трэба ўлічваць, што, акрамя Пуціна, у Крамлі і вакол яго ёсьць некалькі ўплывовых гульцоў, некаторыя зь якіх маюць асаблівыя інтарэсы ў постсавецкіх краінах. Маю адчуваньне, што гэты беларускі сьпіс у Крамлі складаецца з асобаў, нечым абавязаных нейкім людзям у Маскве. Можа, нават тым, якія там ужо страцілі ўплыў. Але сьпіс ад гэтага не мяняецца.