У распараджэньні The Insider апынуліся дакумэнты, якія сьведчаць пра пляны і некаторыя вынікі працы Адміністрацыі прэзыдэнта Расіі на беларускім напрамку. Гэтыя дакумэнты атрыманыя з упраўленьня прэзыдэнта па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі, якое ўзначальвае генэрал Службы зьнешняй выведкі Расеі Уладзімір Чарноў.
Чарноў нядаўна апынуўся ў цэнтры скандалу пасьля публікацый цэнтру «Досье», які атрымаў доступ да яго перапіскі і апублікаваў сэрыю расьсьледаваньняў аб умяшаньні Крамля ва ўнутраныя справы Армэніі, Грузіі, Малдовы, краінаў Балтыі і іншых постсавецкіх краін.
Як удалося высьветліць дзякуючы атрыманым дакумэнтам, у падзеі ў Беларусі Крэмль уцягнуты ня менш актыўна. У гэтыя дні ў АП вядуць энэргічную працу зь беларускім «актывам» для стварэньня новай партыі з рабочай назвай «Право народа», якая будзе выступаць супраць Лукашэнкі, але за інтэграцыю з Расеяй.
Першы з гэтых дакумэнтаў названы «Стратэгія працы ў Рэспубліцы Беларусь» і падрыхтаваны ў верасьні 2020 году. У стратэгіі сярод іншага сьцьвярджаецца, што «для захаваньня ўплыву ў Беларусі неабходна:
1. Атрымаць ўплыў над максымальнай колькасьцю палітычных сілаў, што фармуюцца у Беларусі (увайсьці ў кіраўнічыя органы ўсіх апазыцыйных структур);
2. Стварыць рэсурсную базу для фармаваньня будучага грамадзка-палітычнага руху, палітычнай партыі - пошук і падрыхтоўка да 1200 кандыдатаў для далейшага ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах;
3. Сфармаваць інфармацыйную інфраструктуру для захаваньня грамадзка-палітычнага ўплыву пры любым сцэнары:
3.1. Свае каналы распаўсюду інфармацыі (СМІ, сацыяльныя сеткі, сетка Telegram-каналаў і сетка каналаў YouTube).
3.2. Свае грамадзкія арганізацыі і сетку мясцовых лідэраў грамадзкай думкі.
У стратэгіі таксама пералічаныя некаторыя рэсурсы, якія ўжо кантралююцца Крамлём.
Другі дакумэнт — выступ генэрала Чарнова па пытаньні ўрэгуляваньня сытуацыі ў Беларусі, падрыхтаваны 3 кастрычніка (дзе менавіта выступаў Чарноў — незразумела, мяркуючы з усяго, гэта была адна з нарадаў у Крамлі). Чарноў прызнае, што «ў краіне расьце масавае і глыбіннае непрыманьне прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое ўсё мацней захоплівае адміністрацыйныя пласты».
Генэрал настойвае на неабходнасьці ў найбліжэйшым часе правесьці канстытуцыйную рэформу і перадачу ўлады парлямэнту, дзе да ўлады мусяць прыйсьці сілы ляяльныя Маскве: «Крытычна неабходна, у прыватнасьці, даць магчымасьць выбарнікам, крытычна настроеным да ўлады і пазытыўна — да Расеі (гэта большасьць!), атрымаць палітычнае прадстаўніцтва і нават большасьць у парлямэнце РБ, што зробіць ўнутраную і вонкавую палітыку краіны больш вызначанай».
Урэшце самы сьвежы дакумэнт — ўстаноўчая праграма марыянэткавай партыі, якую ў Крамлі назвалі «Право народа». Афіцыйна аб партыі яшчэ не абвясьцілі, але паводле яе праграмы можна многае сказаць пра пляны Крамля.
Па-першае, мяркуючы з праграмы, Крэмль разьлічвае каналізаваць незадаволенасьць у бок «канстытуцыйных рэформаў», спадзеючыся, што гэта адцягне ўвагу беларусаў ад барацьбы супраць скрадзеных выбараў. «Мы не прыхільнікі гвалтоўных рэвалюцый і рэвалюцыйных пераўтварэньняў, — абвяшчае праграма. — Мы прыхільнікі рашучых рэформаў, якія сфармуюць трывалыя ўмовы і мэханізмы для рэалізацыі годнасьці грамадзян і годнасьці Рэспублікі Беларусь».
Па-другое, з праграмы ясна, што Крэмль плянуе пераход Беларусі да парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі.
Па-трэцяе, праграма прапануе маштабную прыватызацыю дзяржаўнага сэктару.