Крэмль апублікаваў артыкул прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна пад назвай «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў» 12 ліпеня. У ім гаворыцца, што «сучасная Ўкраіна — цалкам дзецішча савецкай эпохі», а краіна «ў значнай ступені стваралася за кошт гістарычнай Расеі».
Акрамя агульных разважаньняў на тэму гісторыі Ўкраіны, Пуцін шмат часу удзяліў пытаньню ўтварэньня сучасных межаў дзяржавы і напісаў, што «Кіеву Данбас проста не патрэбен».
Зробленыя ім высновы ён тлумачыў так: «Чаму? Таму што, па-першае, жыхары гэтых рэгіёнаў ніколі ня прымуць тых парадкаў, якія ім спрабавалі і спрабуюць навязаць сілай, блякадай, пагрозамі. І па-другое, вынікі і Менску-1, і Менску-2, якія даюць рэальны шанец мірна аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, проста дамовіўшыся з ДНР і ЛНР пры пасярэдніцтве Расеі, Нямеччыны і Францыі, супярэчаць ўсёй лёгіцы праекту „анты-Расея“. А ён можа трымацца толькі на пастаянным культываваньні вобразу ўнутранага і вонкавага ворага. І дадам — пад пратэктаратам, кантролем з боку заходніх дзяржаў».
Што азначаюць выказваньні Пуціна аб тэрытарыяльных прэтэнзіях да Ўкраіны, каму адрасаваны гэты артыкул і ці можна чакаць нейкіх наступстваў, у эфіры «Настоящее время» расказаў першы намесьнік дырэктара цэнтру «Новая Эўропа» Сяргей Салодкі.
Далейшыя спробы украінцаў выбрацца з-пад уплыву Масквы Пуцін зьвязаў выключна з вонкавым ціскам Захаду, які, на думку кіраўніка Расеі, «заўсёды імкнуўся да падрыву нашага адзінства». У артыкуле расейскі прэзыдэнт заявіў, што сёньняшняя Ўкраіна цалкам аддадзена «пад вонкавае кіраваньне», з прычыны чаго яна ператварылася, як лічыць прэзыдэнт Расеі, «у бедную краіну Эўропы», у якой расейскамоўнае насельніцтва падвяргаюць «прымусовай зьмене ідэнтычнасьці» і «гвалтоўнай асыміляцыі».
Артыкул выклікаў ва Ўкраіне неадназначную рэакцыю. Тым ня менш прэзыдэнт краіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы абмеркаваць яго з Уладзімірам Пуціным пры асабістай сустрэчы.