У Беларусі ўсё яшчэ застаюцца расейскія войскі, але гэта пераважна сувязісты і пэрсанал на аэрадромах.
«Расейскія войскі надалей знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі ў цяперашні момант у невялікай колькасьці. Гэта асабовы склад некалькіх перадавальных вузлоў сувязі і аэрадромная абслуга.
Што да пяхотных і танкавых падразьдзелаў, г. зн. частак і падразьдзелаў, якія могуць несьці рэальную ваенную пагрозу для Ўкраіны, фармаваньня такіх падразьдзелаў цяпер ня выявілі», — сказаў сьпікер Аб’яднанага прэсавага цэнтру Сілаў абароны паўночнага кірунку Юры Поўх у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў паміж краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі супраць Беларусі.
- Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.