Вярхоўны суд Татарстану пакінуў журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву пад вартай, пішуць «Idel.Реалии».
Адвакат журналісткі настойваў на зьмене меры стрыманьня на не зьвязаную з пазбаўленьнем волі. Вярхоўны суд адмовіў у хадайніцтве, пакінуўшы ранейшае рашэньне аднаго з судоў. У той жа час суд скараціў тэрмін утрыманьня Курмашавай пад вартай на адзін дзень, да 4 лютага 2024 году.
На журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву завялі трэцюю крымінальную справу, аб распаўсюджваньні «фэйкаў» аб расейскай арміі — за яе кнігу «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну». Пра гэта паведамляе дзяржаўнае інфарм-агенцтва «Татар-інфарм».
Кніга, якая стала падставай для новай справы супраць Курмашавай, была выдадзеная татара-башкірскай службай Радыё Свабода ў лістападзе 2022 году. Яна складаецца з 40 апавяданьняў жыхароў рэгіёнаў Паволжа, якія выступілі супраць вайны з Украінай з самага яе пачатку. Зборнік падрыхтаваны на аснове інтэрвію, якія выходзілі на сайце «Idel.Реалии» з сакавіка па канец жніўня 2022 году.
Па вэрсіі сьледзтва, Алсу Курмашава нібыта датычная да распаўсюджваньня кнігі.
1 сьнежня Савецкі раённы суд Казані падоўжыў арышт журналістцы Радыё Свабода Алсу Курмашавай на два месяцы — да 5 лютага 2024 году.
Яе абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкулу 330.1 КК РФ («Невыкананьне вызначанага заканадаўствам РФ абавязку падаваць ва ўпаўнаважаны орган дакумэнты, неабходныя для ўключэньня ў рэестар іншаземных агентаў, учыненае асобай, якая ажыцьцяўляе мэтанакіраваны збор зьвестак у галіне вайсковай, вайскова-тэхнічнай дзейнасьці РФ, якія пры іх атрыманьні замежнымі крыніцамі могуць быць скарыстаныя супраць бясьпекі РФ»).
Такім чынам, сілавікі лічаць, што Алсу Курмашава з уласнай ініцыятывы мусіла падаць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар «іншаземных агентаў». У той жа час Міністэрства юстыцыі Расеі з сваёй ініцыятывы не ўключала Алсу ў рэестар. Гэта першая крымінальная справа паводле гэтага артыкулу ў Расеі, якую распачалі супраць журналіста. Курмашава не прызнае віны.
«Алсу правяла 45 дзён за кратамі ў Расеі, і сёньня яе несправядлівае, палітычна матываванае зьняволеньне было падоўжана, — заявіў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэфры Гедмін. — Мы заклікаем расейскія ўлады неадкладна даць да Алсу консульскі доступ, гэта яе права як грамадзянкі ЗША. Алсу неабходна вызваліць і даць ёй аб’яднацца з сваёй сямʼёй».
«Мемориал» прызнаў палітычнай зьняволенай журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву, якая была затрымана ў Расеі 18 кастрычніка 2023 года і ўжо амаль паўтара месяца знаходзіцца ў СІЗА. Пра гэта ў чацьвер, 30 лістапада, паведамляюць «Idel.Реалии».
«Сам па сабе перасьлед паводле часткі 3 артыкулу 330.1 Крымінальнага кодэксу Расеі мы лічым незаконным у яго прыродзе. Сам гэты артыкул, інстытут „іншаземнага агенцтва“ ў цэлым, а таксама сувязь з так званым „зборам вайскова-тэхнічнай інфармацыі“ мы лічым неправамернымі», — пракамэнтаваў рашэньне прызнаць Курмашаву палітзьняволенай кіраўнік праваабарончага праекту «Падтрымка палітвязьняў. Мэмарыял» Сяргей Давідзіс.
«Неправамернасьць гэтай нормы зьвязаная з тым, што фактычна пакараньне мяркуецца не за недэкляраваньне, а за законную дзейнасьць. Тыя зьвесткі, аб зборы якіх ідзецца, ня ёсьць дзяржаўнай тайнай. Іх збор не забаронены, — тлумачыць Давідзіс. — Пры гэтым загадам ФСБ, дзе расшыфроўваецца паняцьце гэтых зьвестак, іх кола вызначана вельмі шырока: туды трапляе абсалютна ўсё, што хоць нейкім бокам адносіцца да сфэры бясьпекі, абараназдольнасьці, вайсковай дзейнасьці, гэта грамадзка значныя пытаньні, якія павінны і могуць абмяркоўвацца цалкам бесьперашкодна ў дэмакратычным грамадзтве. Зразумела, што ў Расеі грамадзтва зараз недэмакратычнае, але пагадзіцца з гэтым і лічыць гэта нормай мы ня можам».
Канструкцыю абвінавачаньня супраць Алсу Курмашавай Давідзіс назваў «штучнай» і адзначыў, што палітычная матываванасьць справы відаць нават у тым, як расейскія ўлады перасьледавалі Алсу — спачатку ня даўшы выехаць з краіны ў траўні, а затым пасадзіўшы ў СІЗА:
«Першапачатковае затрыманьне і прысуд у справе дэклярацыі другога грамадзянства і толькі пасьля гэтага — пасьля відавочных роздумаў і пошукаў нагоды — крымінальны перасьлед вось паводле гэтага новага артыкулу».
Перасьлед Алсу Курмашавай
Курмашава, дасьведчаная журналістка, якая каля 25 гадоў працавала на татара-башкірскай службе Радыё Свабода, у сярэдзіне траўня паехала ў Расею ў сямейных справах.
Алсу часова затрымалі, калі яна чакала зваротнага рэйсу 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані. У яе сканфіскавалі пашпарты і тэлефон.
Пасьля пяці месяцаў чаканьня рашэньня ў справе, якую яе муж Павел Буторын, рэдактар тэлеканалу «Настоящее время», назваў «бессэнсоўнай», Курмашаву аштрафавалі на 10 000 рублёў (103 даляры) за тое, што яна не зарэгістравала свой амэрыканскі пашпарт у расейскіх органах улады.
Курмашава чакала вяртаньня пашпартоў, калі яе зноў затрымалі 18 кастрычніка і абвінавацілі гэтым разам, што яна не зарэгістравалася як «іншаземны агент» (юрыдычнае азначэньне, якое Расея выкарыстоўвае з 2012 году, каб караць тых, хто крытыкуе палітыку ўраду). Ёй пагражае пакараньне 5 гадамі пазбаўленьня волі.
Ад моманту арышту Курмашава, якая мае таксама расейскае грамадзянства, ня мела зносін зь сям’ёй.
Затрыманьне Расеяй Курмашавай, другога прадстаўніка амэрыканскіх СМІ, якога Масква арыштавала сёлета, выклікала хвалю крытыкі з боку праваабарончых групаў і палітыкаў. Яны заявілі, што гэты крок сьведчыць пра новы ўзровень цэнзуры ваеннага часу.
- Расею абвінавачваюць у затрыманьні амэрыканцаў для выкарыстаньня ў абмене на расейцаў, зьняволеных у Злучаных Штатах.
- Камітэт абароны журналістаў (CPJ) і «Рэпартэры бязь межаў» запатрабавалі неадкладна вызваліць Курмашаву. Патрабаваньне вызваліць журналістку таксама выказалі ў праваабарончай арганізацыі PEN America і ў Офісе правоў чалавека ААН.
- Затрыманьне і арышт журналісткі пракамэнтавалі і асудзілі прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў, Эўразьвяз.
- На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.