Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мемориал» прызнаў палітзьняволенай журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву


Алсу Курмашава, 2018
Алсу Курмашава, 2018

«Мемориал» прызнаў палітычнай зьняволенай журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву, якая была затрымана ў Расеі 18 кастрычніка 2023 года і ўжо амаль паўтара месяца знаходзіцца ў СІЗА.

Пра гэта ў чацьвер, 30 лістапада, паведамляюць «Idel.Реалии».

«Сам па сабе перасьлед паводле часткі 3 артыкула 330.1 Крымінальнага кодэксу Расеі мы лічым незаконным па сваёй прыродзе. Сам гэты артыкул, інстытут „іншаземнага агенцтва“ ў цэлым, а таксама сувязь з так званым „зборам вайскова-тэхнічнай інфармацыі“ мы лічым неправамернымі», — пракамэнтаваў рашэньне прызнаць Курмашаву палітзьняволенай кіраўнік праваабарончага праекту «Падтрымка палітвязьняў. Мэмарыял» Сяргей Давідзіс.

«Неправамернасьць гэтай нормы зьвязана з тым, што фактычна пакараньне мяркуецца не за недэкляраваньне, а за ажыцьцяўленьне законнай дзейнасьці. Тыя зьвесткі, аб зборы якіх ідзе гаворка, не зьяўляюцца дзяржаўнай тайнай. Іх збор не забаронены, — тлумачыць Давідзіс. — Пры гэтым загадам ФСБ, якое расшыфроўвае паняцьці гэтых зьвестак, гэтае кола вызначана вельмі шырока: туды падпадае абсалютна ўсё, што хоць нейкім бокам адносіцца да сфэры бясьпекі, абараназдольнасьці, ваеннай дзейнасьці, гэта грамадзка значныя пытаньні, якія павінны і могуць абмяркоўвацца цалкам бесьперашкодна ў дэмакратычным грамадзтве. Зразумела, што ў Расеі грамадзтва зараз недэмакратычнае, але пагадзіцца з гэтым і лічыць гэта нормай мы ня можам».


Канструкцыю абвінавачаньня супраць Алсу Курмашовай Давідзіс назваў «штучнай» і адзначыў, што палітычная матываванасьць справы бачная нават у тым, як расейскія ўлады перасьледавалі Алсу — спачатку ня даўшы выехаць з краіны ў траўні, а затым пасадзіўшы ў СІЗА:

«Першапачатковае затрыманьне і прысуд па дэклярацыі другога грамадзянства і толькі пасьля гэтага — пасьля відавочных роздумаў і пошукаў нагоды — крымінальны перасьлед вось паводле гэтага новага артыкулу».

Перасьлед Алсу Курмашавай

Курмашава, дасьведчаная журналістка, якая каля 25 гадоў працавала на татара-башкірскай службе Радыё Свабода, у сярэдзіне траўня паехала ў Расею дзеля сямейных справаў.

Алсу часова затрымалі, калі яна чакала зваротнага рэйсу 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані. У яе канфіскавалі пашпарты і тэлефон.

Пасьля пяці месяцаў чаканьня рашэньня ў справе, якую Буторын назваў «бессэнсоўнай», Курмашаву аштрафавалі на 10 000 рублёў (103 даляры) за тое, што яна не зарэгістравала свой амэрыканскі пашпарт у расейскіх органах улады.

Курмашова чакала вяртаньня пашпартоў, калі яе зноў затрымалі 18 кастрычніка і абвінавацілі гэтым разам, што яна не зарэгістравалася як «іншаземны агент» (юрыдычнае азначэньне, якое Расея выкарыстоўвае з 2012 году, каб караць тых, хто крытыкуе палітыку ўраду). Ёй пагражае пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Ад моманту арышту Курмашава, якая таксама мае расейскае грамадзянства, ня мела зносін зь сям’ёй.

Затрыманьне Расеяй Курмашавай, другога прадстаўніка амэрыканскіх СМІ, якога Масква арыштавала сёлета, выклікала хвалю крытыкі з боку праваабарончых груп і палітыкаў. Яны заявілі, што гэты крок сьведчыць пра новы ўзровень цэнзуры ваеннага часу.

  • Расею абвінавачваюць у затрыманьні амэрыканцаў для выкарыстаньня ў абмене на расейцаў, зьняволеных у Злучаных Штатах.
  • Камітэт абароны журналістаў (CPJ) і «Рэпартэры бязь межаў» запатрабавалі неадкладна вызваліць Курмашаву. Патрабаваньне вызваліць журналістку таксама выказалі ў праваабарончай арганізацыі PEN America і ў Офісе правоў чалавека ААН.
  • Затрыманьне і арышт журналісткі пракамэнтавалі і асудзілі прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў, Эўразьвяз.
  • На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG