Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы: «8 з 10 беларусаў у краіне — эканамічныя мігранты»


Дарус Яўнішкіс
Дарус Яўнішкіс

На думку кіраўніка літоўскай спэцслужбы, толькі нязначная колькасьць беларусаў у Літве — рэальныя праціўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Астатнія пераехалі ў краіну з эканамічных прычынаў.

Кіраўнік ДДБ Літвы Дарус Яўнішкіс выступіў за ўніфікацыю ўмоваў міграцыі беларусаў і расейцаў. Гэтая тэма не сыходзіць зь першых старонак літоўскіх СМІ і зьяўляецца востра дыскусійнай. Пра ўніфікацыю прадстаўнік спэцслужбаў расказаў LRT.

У прыватнасьці, Яўнішкіс адзначыў, што абсалютная бальшыня беларусаў, якія пераехалі ў Літву апошнім часам — эканамічныя мігранты, а не палітычныя апанэнты Лукашэнкі ці тыя, хто зьяўляецца пагрозай для дзейных уладаў там.

«Канешне, у іх [старой апазыцыі — заўв.Свабоды] не было такога ўплыву і падтрымкі ў сьвеце, якія ёсьць у гэтай апазыцыі. І, канешне, тут, у Літве, іх было мала. Што мы бачым зараз? Беларуская дыяспара стала значна большай. На дадзены момант у Літве ўжо знаходзіцца больш за 60 тысяч грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства або нейкую працоўную візу. За год прыяжджае каля 17 тысяч чалавек.

Хачу падкрэсьліць, што восем зь дзесяці ўсё ж такі зьяўляюцца эканамічнымі мігрантамі. Гэта не прадстаўнікі апазыцыі. Прадстаўнікі апазыцыі, якія актыўна апануюць рэжыму Лукашэнкі, складаюць толькі невялікую частку.

Мы павінны зьвярнуць на гэта ўвагу, бо ў гэтым корань сур’ёзных пагроз».

Яўнішкіс мяркуе, што паколькі вялікая частка беларусаў наведвае сваю радзіму, працуючы ў Літве, гэта стварае ўмовы для вэрбаваньня іх беларускімі спэцслужбамі.

«Частка гэтых людзей езьдзіць зь Літвы ў Беларусь, потым зь Беларусі ў Літву. Канешне, у іх там ёсьць сваякі і пэўныя інтарэсы, тым больш, што ў іх ёсьць беларускія пашпарты. Але гэта, без сумневу, стварае беларускім спэцслужбам пэўныя магчымасьці для вэрбоўкі, аказаньня ўплыву, збору інфармацыі аб працэсах у Літве».

Яўнішкіс дадаў, што беларускі КДБ вэрбуе на мяжы грамадзян Літвы, вымае з іхных тэлефонаў інфармацыю, лічбавыя файлы. Але збольшага вэрбаваць спрабуюць усё ж грамадзян Беларусі, якія актыўна перамяшчаюцца з краіны ў краіну.

Ня сьпяць і расейскія спэцслужбы, хоць па іх нядаўна нанесьлі сур’ёзны ўдар.

«Я хацеў бы падкрэсьліць адну важную рэч, якая адбылася за апошнія гады. Расейскім выведкам быў нанесены вельмі моцны ўдар. Па бягучых ацэнках, каля 400 расейскіх шпіёнаў, якія знаходзіліся пад дыпляматычным прыкрыцьцём, былі высланы з розных краін Эўразьвязу і краін NATO. Словам, гэта было вялікім ударам, але мы бачым, як яны пераходзяць да іншых мэтадаў.

Гэта беспрэцэдэнтныя інфармацыйныя напады на Літву, якія адбываюцца апошнім часам. І яны датычацца ня толькі Літвы, тое ж тычыцца і Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Там назіраюцца тыя ж дзеяньні».

Напрыклад, гэта нядаўнія званкі аб мінаваньні школ і іншых устаноў у Літве, якія аказаліся ілжывымі.

Акрамя таго, Дарус Яўнішкіс дапускае і тое, што сярод тых, хто жыве ў Літве, ёсьць і пэўны адсотак украінцаў, якія прайшлі фільтрацыйныя лягеры расейскіх акупантаў на ўкраінскай тэрыторыі, і пагадзіліся супрацоўнічаць з расейскай ФСБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG