Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да спробаў вызваленьня палітвязьняў падключалі Аўстрыю і Швэйцарыю — дарадца Ціханоўскай


Прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Белен і Сьвятлана Ціханоўская, чэрвень 2023 году.
Прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Белен і Сьвятлана Ціханоўская, чэрвень 2023 году.

Да спробаў вызваленьня палітвязьняў прыцягнулі замежныя арганізацыі і краіны, у прыватнасьці, Аўстрыю і Швэйцарыю, аднак безвынікова. Пра гэта заявіў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас слуханьняў, якія праходзяць 2-3 сьнежня ў Каардынацыйнай радзе.

Ён выказаў шкадаваньне, што на сёньня не ўдалося дабіцца вызваленьня палітвязьняў і рэжым не дэманструе «ніякай гатоўнасьці» да іх вызваленьня.

«Для нас з вамі палітвязьні зьяўляюцца праблемай. Для Захаду зьяўляюцца, але меншымі. Для Лукашэнкі сёньня гэта не галоўная праблема. І ён ня ставіць і ня лічыць, што гэтым вызваленьнем ён можа дасягнуць нейкіх палітычных мэт. Плюс ёсьць моцны эмацыйны складнік, калі ён проста помсьціць за падзеі 2020 году. Наша задача зрабіць, каб гэта стала для яго таксама праблемай», — заявіў Вячорка.

З інструмэнтаў ціску Франак Вячорка назваў Алімпійскія гульні, санкцыі, пагрозу закрыцьця транзыту на гандаль, Міжнародную арганізацыю працы, званкі замежных лідэраў, тэма палітвязьняў, якая ўплывае на грамадзтвы ў заходніх краінах.

«Цяпер у Нямеччыне мы шмат размаўлялі пра тое, што нямецкія прадпрыемствы купляюць прадукцыю зь Беларусі, якая вырабленая беларускімі зьняволенымі, у тым ліку палітычнымі. І калі мы паставім пытаньне ў такім ключы, што яны ня проста не спрыяюць вызваленьню, а фінансуюць гэтыя рэпрэсіі і знаходжаньне палітвязьняў у турмах, то гэта, магчыма, прымусіць іх рабіць больш патрабаваньняў і прымаць наймацнейшыя крокі па ціску на рэжым», — растлумачыў старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай.

У 2020-м годзе інструмэнтам, паводле яго слоў, таксама была вуліца.

«І вуліца — гэта тое, што магло вызваліць палітвязьняў, і Марш вызваленьня мог вызваліць палітвязьняў. Не даціснулі, вуліца скончылася. Цяпер у нас акрамя сакцый застаецца ня так шмат моцных перамоўных пазыцый», — адзначыў Франак Вчорка.

Ён сказаў, што дэмсілы могуць уплываць на санкцыі, каб, у тым ліку, яны ўводзіліся за рэпрэсіі, за палітвязьняў.

«Больш за паўтара года не было ніякіх моцных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Апошні пакет у жніўні — ён проста зачыняў тыя прадпрыемствы, якія ўжо былі пад санкцыямі, паўтарагадовай даўнасьці, і маюць сымбалічны характар. І больш за два гады не было санкцый за рэпрэсіі і за палітвязьняў. Таму наша задача, каб пытаньне палітвязьняў ставілася перад заходнімі партнэрамі, у тым ліку як аргумэнтацыя ў санкцыйнай палітыцы», — мяркуе ён.

Паводле слоў Вячоркі, дэмакратычныя сілы спрабуюць выбудаваць дыялёг з рэжымам.

«Але трэба адрозьніваць дыялёг і перамовы, таму што мы перашкаджаем усё ў адно. Дыялёг — гэта тое, што ўключае ў сябе размовы, у тым ліку аб вызваленьні палітвязьняў. І на кожнай канфэрэнцыі, кожнай сустрэчы я асабіста, у тым ліку, падыходжу да любога лукашэнкаўскага чыноўніка. І ні разу не ўпускаў гэтай магчымасьці. Лавіў з па закутках, лавіў на канфэрэнцыі АБСЭ. У 20-м годзе мы мелі дзьве сустрэчы-відэазванка з [Андрэем] Савіных, дэпутатам. І на кожнай з сустрэч яны адказваюць, што гэта не палітвязьні, гэта тэрарысты, гэта злачынцы і ім месца сядзець у турме і гарэць у пекле. Гэта даслоўная цытата», — сказаў ён.

Па словах Вячоркі, дэмакратычныя сілы падключалі замежныя краіны, у прыватнасьці, Аўстрыю і Швэйцарыю.

«Мы падключалі замежныя арганізацыі. У прыватнасьці, — я думаю, што можна называць — гэта Аўстрыя і Швэйцарыя, якія займаюць адносна нэўтральныя пазыцыі, у прынцыпе заўсёды спрабавалі шукаць нейкія пункты судакрананьня з рэжымам. Але ні ў тым, ні ў іншым выпадку гэта не дало плёну, хаця яны прыклалі вельмі шмат намаганьняў для гэтага. Падключалі і Міжнародны Чырвоны крыж, але зараз мы бачым, як Чырвоны крыж міжнародны разышоўся з Чырвоным крыжам беларускім, як у моры караблі. І нават спрабавалі, верылі, што гуманітарны дыялёг, які працуе ў Менску, можа дапамагчы. (...) Але Гуманітарны дыялёг проста зросься з МЗС Лукашэнкі і стаў паўтараць, што гэта не палітвязьні, а тэрарысты», — сказаў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай.

«Па нашай просьбе былы фінскі міністар замежных спраў неаднаразова пісаў [Уладзіміру] Макею і пра палітвязьняў і іншыя нашы агульныя пазыцыі перадаваў. Пісаў прэзыдэнт парлямэнцкай асамблеі АБСЭ — і Макею, і іншым. Адказ быў, што яны злачынцы і ніякага вызваленьня ня будзе», — распавёў Вячорка.

Ён запэўніў, што каналаў камунікацыі з прадстаўнікамі беларускіх уладаў «хапае».

«Гэтыя каналы ёсьць ва ўсіх дыпляматычных місіях, якія знаходзяцца ў Беларусі. І для гэтага прысутнасьць амбасадараў не патрэбная, ніяк яна на гэта не ўплывае. Але перамовы, нават калі яны адбываюцца, размовы — яны любяць цішыню. Таму калі гэта не гучыць у публічным дыскурсе або справаздачах пасьля сустрэч Святланы Ціханоўскай, гэта ня значыць, што спробаў пагаварыць аб гуманітарным сьпісе, аб вызваленьні палітвязьняў не было», — падкрэсьліў ён.

Паводле слоў Франака Вячоркі, на гэтым тыдні ён кантактаваў з адным з «патэнцыйных мэдыятараў».

«Ня ведаю, што з гэтым будзе, якія будуць наступныя крокі, але гэта новы канал», — сказаў ён.

Аргумэнт «калі б ня санкцыі, то палітвязьняў ужо даўно пачалі б вызваляць», на думку Франака Вячоркі, не працуе.

«Калі б гэта была пазыцыя, мы б чулі ўмовы ад рэжыму», — адзначыў ён.

  • Паводле стану на канец лістапада ў Беларусі было 1452 палітвязьні, прызнаных праваабарончай супольнасьцю (паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай).
  • Акрамя таго, па стане на канец кастрычніка яшчэ каля 1300 палітвязьняў з 2020 году ўжо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьмяненьнем меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, або ў сувязі з памілаваньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG