Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 лістапада: затрымалі выкладчыцу Інстытуту бізнэсу БДУ; мужчыну асудзілі за абразу Лукашэнкі ў TikTok

абноўлена

Затрыманая выкладчыца Інстытуту бізнэсу БДУ Сьвятлана Яскевіч, архіўнае фота
Затрыманая выкладчыца Інстытуту бізнэсу БДУ Сьвятлана Яскевіч, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Перасьлед зазнаюць людзі розных прафэсій.

Берасьцейца затрымалі за камэнтары ў Telegram

У відэа, запісаным сілавікамі, затрыманы прадстаўляецца Сяргеем Вальевічам, піша «Вясна» з спасылкай на праўладны тэлеграм-канал.

Затрыманы кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а таксама пакінуў у Telegram больш за 1000 камэнтароў.

У апісаньні пад відэа паведамляецца, што мужчыну зьмясьцілі ў ІЧУ.

Стала вядома дата апэляцыі на вырак Паліне Шарэндзе-Панасюк

Судзьдзя Станіслаў Іванюценка 9 кастрычніка прызнаў Паліну вінаватай у «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411 КК) і прызначыў ёй яшчэ 1 год калёніі на дадатак да трох гадоў. На першым судовым паседжаньні яна заявіла пра зьбіваньні ў зарачанскай калёніі — быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы.

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадзкая актывістка зь Берасьця, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўналетніх сыноў асудзілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У канцы лютага 2022 году на палітзьняволеную завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК, а пазьней ёй прысудзілі яшчэ адзін год калёніі.

Па інфармацыі «Берасьцейскай Вясны», Гомельскі абласны суд 15 сьнежня разгледзіць апэляцыйную скаргу палітзьняволенай.

Затрымалі выкладчыцу Інстытуту бізнэсу БДУ

У відэа, запісаным сілавікамі, Сьвятлана Яскевіч расказвае, што «разьмяшчала ў сацсетках пратэставую сымболіку, абмяркоўвала ў дваровых чатах магчымасьць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах».

Праўладныя каналы паведамілі, што Сьвятлану затрымалі пасьля скаргаў у бот.

Сьвятлана Яскевіч — магістарка пэдагагічных навук, экспэрт і практык з 15-гадовым досьведам у галіне інфармацыйных тэхналёгій, электроннага навучаньня, пэдагагічнага дызайну, web-дызайну, кампутарнай графікі, UX-UI-праектаваньня. Актыўную пэдагагічную дзейнасьць яна вядзе з 1994 году, а ў Інстытуце бізнэсу БДУ працуе з 2006-га.

Хапун у Гомлі

Сілавікі затрымалі сама меней 5 чалавек за інтэрнэт-камэнтары і падпіскі ў сацсетках на «экстрэмісцкія» старонкі. «Пакаяльнае» відэа зь імі зьявілася ў праўладным тэлеграм-канале, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

2 гады турмы за ТыкТок

У Магілёве за відэа ў сацыяльнай сетцы ТыкТок мужчыну асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі.

Як стала вядома праваабарончай ініцыятыве Mayday team, суд Ленінскага раёну Магілёва 1 лістапада вынес прысуд мясцоваму 48-гадоваму жыхару Дзьмітрыю Пашыну. Яго прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі.

Пашын у сакавіку 2023 году апублікаваў у сваім ТыкТок-акаўнце з крыху больш як тысячай падпісчыкаў відэаролік у падтрымку Ўкраіны, у якім у рэзкай форме скрытыкаваў нязьменнага кіраўніка Беларусі. Цяпер відэаролік недаступны.

Дзьмітрыя Пашына затрымалі ў жніўні. Судзьдзя Натальля Панасенка прызнала яго вінаватым у злачынстве паводле ч. 1 арт. 368 КК РБ і вынесла прысуд — 2 гады пазбаўленьня волі.

Пра мужчыну вядома, што ён у разводзе, працуе аўтамэханікам.

Мужчыну асудзілі на паўтара года зьняволеньня за камэнтар

Праваабаронцам стала вядома, што 12 верасьня 2023 году на 1,5 года пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 28-гадовага Руслана Казакевіча.

Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Руслана судзілі за камэнтар у тэлеграм-канале, які нібыта схіляў удзельнічаць у Маршах.

Вядома, што мужчыну затрымалі на мяжы з Расеяй, час і абставіны невядомыя. Да затрыманьня ён працаваў тэхнікам-мэханікам.

Экс-палітзьняволеную з Паставаў Ірыну Паляніну арыштавалі на 7 сутак

17 лістапада суд Пастаўскага раёну арыштаваў актывістку Ірыну Паляніну на 7 сутак за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (частка 2 артыкула 19.11 КаАП). Пра гэта «Медыязоне» паведаміў знаёмы актывісткі.

Паляніну прызналі вінаватай у тым, што яна ў «Аднаклясьніках» зрабіла рэпост публікацыі «Белсату», «Хартыі-97», каналаў Nexta і «Рэальная Беларусь».

Ірына Паляніна – экс-палітзьняволеная. У красавіку 2021 году актывістку асудзілі на 2 гады калёніі па артыкулах аб абразе прадстаўніка ўлады і незаконных дзеяньнях у дачыненьні да зброі (артыкулы 369 і 295 КК).

13 лістапада суд падоўжыў Палянінай прэвэнтыўны нагляд яшчэ на 2 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG