Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 жніўня: год турмы за чатыры падабайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку


Андрэй Халупка
Андрэй Халупка

У Беларусі працягваецца перасьлед па дыфамацыйных артыкулах, таксама рэгулярна адпраўляюць у турму або прызначаюць іншыя пакараньні людзям за «абразу Лукашэнкі».

Турма за чатыры падабайкі

Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 16 жніўня вынес прысуд 45-гадоваму Андрэю Халупку, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Судовы працэс вяла судзьдзя Вікторыя Пакунова, піша «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Андрэй Халупка з дапамогай мабільнага тэлефона ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» у 2020, 2021 і 2023 годзе паставіў чатыры падабайкі пад карыкатурнымі выявамі Аляксандра Лукашэнкі, на якіх ён быў паказаны ў выглядзе клоўна, малпы, а таксама разам з Уладзімірам Пуціным у катлаване. Тым самым мужчына «публічна, у адкрытым доступе» нібыта абразіў Лукашэнку.

На судзе Халупка паказаў, што, ставячы падабайкі, ня думаў, што гэтым дапускае абразу, дадаў, што за гэта яму грошай ніхто не плаціў і дзейнічаў ён імпульсіўна.

Суд прызнаў Андрэя Халупку вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленьнем волі тэрмінам на адзін год у калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Баранавічах апошнім часам адбываецца ўсё болей і болей судоў за абразу Лукашэнкі: на мінулым тыдні адбылося адразу тры працэсы па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. 21 жніўня судзяць Паўла Зелянко, а на 22 жніўня прызначаныя суды над Аляксандрам Пабяржыным і Іванам Норкам. 23 жніўня чакаецца суд над Вольгай Казлоўскай, якая, апрача абразы Лукашэнкі, абвінавачваецца і ў абразе прадстаўніка ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG