У судзе Фрунзэнскага раёну Менску вынесьлі прысуд сямейнай пары са Смалявічаў Кірылу і Вікторыі Пракопавым, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту восеньню 2020 года (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядала судзьдзя Ала Скуратовіч.
Да суду сужэнцы, якія выхоўваюць непаўналетняе дзіця, знаходзіліся пад вялікім закладам — 7 400 і 3 700 рублёў адпаведна.
Суд, які адбыўся 2 лістапада, пастанавіў прызначыць ім пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў кожнаму.
У Горадні за «арганізацыю масавых беспарадкаў» судзяць 18-гадовага хлопца
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 17 лістапада распачаўся суд над 18-гадовым Арцёмам Янкоўскім. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), паведамляюць праваабаронцы. Пасьля затрыманьня Арцёма сілавікі апублікавалі відэа, дзе ён казаў, што ў 2020 годзе прапаноўваў закідваць супрацоўнікаў міліцыі «кактэйлямі Молатава» і слаў інструкцыю па іх вырабе сябрам. Справу разглядае судзьдзя Віталь Лабоцкі.
Арцёму падчас масавых пратэстаў было толькі 15 гадоў. Хлопца затрымалі 13 жніўня гэтага года паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкай дзейнасьці», празь некалькі месяцаў, як яму споўнілася 18 гадоў. Пасьля гэтага на яго завялі крымінальную справу. Цяпер Арцёму пагражае ад 5 да 15 гадоў калёніі.
КДБ унёс Арцёма Янкоўскага ў «сьпіс тэрарыстаў» 2 лістапада, яшчэ да пачатку суду.