Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 лістапада: магіляўчанку затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў па вяртаньні з Польшчы


Сілавікі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Перасьлед беларусаў з палітычных матываў працягваецца.

Менчука з псыхічным захворваньнем асудзілі за «шматлікія абразы»

Да чатырох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь асудзілі жыхара Менску, прамоўтара Ўладзіслава Мураўскага паводле шэрагу «пратэставых» артыкулаў. Судовы працэс у судзе Ленінскага раёну Менску вяла судзьдзя Юлія Шчоткіна, паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Уладзіслаў нібыта неаднаразова публічна абражаў прадстаўнікоў улады ў тэлеграм-каналах і чатах («Каратели Беларуси», «Чат-Партизан», «Мая краіна Беларусь»), а таксама агалошваў іх асабістыя зьвесткі.

Сярод пацярпелых — участковы інспэктар міліцыі УУС адміністрацыі Заводзкага раёну Менску, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, сьледчы з Заводзкага раёну Менску, камандзір АМАП зь Менску, начальнік аддзелу ГУУС, а таксама тройчы — Аляксандар Лукашэнка.

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Уладзіслаў Мураўскі таксама нібыта выказваў пагрозы гвалтам у дачыненьні да судзьдзі Фрунзэнскага раёну Менску. Па гэтым эпізодзе, у ходзе судовага працэсу, першапачатковае абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) перакваліфікавалі на пагрозы гвалту ў дачыненьні да судзьдзі (арт. 389 КК).

Мураўскі падчас допыту ў судзе не прызнаў сябе вінаватым. Ён спаслаўся на тое, што ў сувязі з псыхічным захворваньнем у форме зьмяшанага разладу асобы нічога ня памятае ні наконт камэнтароў у інтэрнэце, ні наконт сваіх паказаньняў, пасьля чаго адмовіўся даваць якія-небудзь тлумачэньні. Ягоная маці ў судзе пацьвердзіла, што ў сына ёсьць псыхічнае захворваньне. Але агучылі заключэньне экспэрта, якое нібыта абвяргае ўплыў ягонага псыхічнага захворваньня на магчымасьць запамінаць падзеі і інфармацыю.

Па выніках суду Мураўскаму прызначылі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін чатыры гады са штрафам у памеры 100 базавых велічынь на суму 3700 рублёў.

Жыхарку Магілёва затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў пасьля вяртаньня з Польшчы

Мяркуючы па старонцы затрыманай «УКантакце», яе клічуць Валерыя Стахоўская, піша «Медиазона».

У відэа, зьнятым сілавікамі і апублікаваным у адным з праўладных каналаў, дзяўчына расказвае, што з 2021 па 2022 год працавала майстрам па манікюры і пэдыкюры ў Варшаве.

На камэру Валерыя кажа, што дырэктарка аднаго з салёнаў нібыта «пад пагрозай звальненьня» прымушала яе «разьмяшчаць экстрэмісцкія дзеяньні» і «пісаць пасты ў падтрымку Ўкраіны», а таксама ўдзельнічаць у валянтэрскай дзейнасьці. Дзяўчына дадала, што ў тэлеграме ў яе ёсьць канал з фота і відэа, на якіх ёсьць бел-чырвона-белая сымболіка.

Аўтары канала заяўляюць, што ў затрыманай канфіскавалі тэлефон.

Віцебскага прадпрымальніка аштрафавалі за «экстрэмісцкія» рэпосты

Суд аштрафаваў віцебскага прадпрымальніка Сяргея Канцавога на 1110 рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (частка 2 артыкула 19.11 КаАП). Рашэньне суду заўважыў канал «Витебск, я гуляю».

З дакумэнту вынікае, што Сяргей перапосьціў у тэлеграм-канал некалькі запісаў каналаў, якія пасьля прызналі «экстрэмісцкімі». Судзьдзя Натальля Карабліна прызнала яго вінаватым.

Паводле інфармацыі каналу, Сяргей Канцавы — шматдзетны бацька. Ён займаецца ўсталёўваньнем вокнаў і шкленьнем бальконаў.

У Глыбокім за «распаўсюд экстрэмізму» асудзілі начальніка гаспадарчага аддзелу кадастравага агенцтва

Суд у Глыбокім 30 кастрычніка арыштаваў на 10 дзён начальніка гаспадарчага аддзелу кадастравага агенцтва Сяргея Троцкага, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя Аляксандар Аляксеенка прызнаў Троцкага вінаватым у распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Нагодай для адміністрацыйнай справы стаў пост з «экстрэмісцкім матэрыялам» і спасылка на «экстрэмісцкі» ютуб-канал у «Одноклассниках».

У судзе Троцкі часткова прызнаў віну. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго звольнілі з пасады начальніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG