Францускія судзьдзі выдалі ордэры на арышт прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада, ягонага брата Махера аль-Асада і двух іншых высокапастаўленых чыноўнікаў па абвінавачваньні ў выкарыстаньні забароненай хімічнай зброі супраць цывільных асобаў у Сырыі, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу ў судзе.
Ордэры на арышт у сувязі з абвінавачваньнямі ў саўдзеле ў злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах, выдалі пасьля крымінальнага расьсьледаваньня хімічных атак у сырыйскім горадзе Дума і акрузе Ўсходняя Гута ў жніўні 2013 году, у выніку якіх загінулі больш за 1000 чалавек.
Гэта першы раз, калі міжнародныя ордэры на арышт былі выдадзеныя ў сувязі з атакай з выкарыстаньнем хімічнай зброі ў Гуце ў 2013 годзе, кажа Мазэн Дарвіш, юрыст і заснавальнік Сырыйскага цэнтру СМІ і свабоды слова (SCM).
Сырыя адмаўляе выкарыстаньне хімічнай зброі, але папярэдняе сумеснае расьсьледаваньне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Арганізацыі па забароне хімічнай зброі паказала, што сырыйскі ўрад выкарыстаў нэрвова-паралітычнае рэчыва зарын у атацы ў красавіку 2017 году і неаднаразова выкарыстоўваў хлёр у якасьці зброі.
Прэзыдэнт Сырыі і Міністэрства інфармацыі краіны пакуль не пракамэнтавалі СМІ інфармацыю.
- У верасьні 2017 году Камісія ААН па расьсьледаваньні хімічных атак у Сырыі паведаміла, што ў ходзе сырыйскага канфлікту 33 разы ўжывалася хімічная зброя, 27 разоў хімічную зброю ўжывалі сілы рэжыму Башара Асада.
- Канвэнцыя аб хімічнай зброі падпісаная ў 1993 годзе і дзейнічае з 1997 году. Яна таксама забараняе распрацоўваць, вырабляць, захоўваць, перадаваць, набываць і выкарыстоўваць хімічную зброю. Створаная Арганізацыя забароны хімічнай зброі, якая забясьпечвае выкананьне палажэньняў пагадненьня. Яе штаб-кватэра ў Гаазе.
- Пераважная большасьць краін сьвету далучыліся да абедзьвюх канвэнцыяў, уключаючы ўсе эўрапейскія краіны, у тым ліку Расею і Ўкраіну.