Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хімічная і біялягічная зброя: што гэта такое і хто яе выкарыстоўваў


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Расейская прапаганда абвінавачвае Ўкраіну ў распрацоўцы хімічнай і біялягічнай зброі. Тлумачым, чым адна адрозьніваецца ад другой, калі і хто яе выкарыстоўваў у сьвеце і дзе яна ёсьць дагэтуль.

Калі сьцісла, хімічная зброя — гэта зброя, якая ўзьдзейнічае ў першую чаргу пры дапамозе таксічных і хімічных рэчываў. У біялягічнай зброі для зьнішчэньня ў асноўным выкарыстоўваюцца мікраарганізмы або вірусы. І тое, і другое забаронена міжнароднымі дамовамі. Абедзьве ёсьць зброяй масавага зьнішчэньня.

Што такое хімічная зброя

Хімічная зброя часта бывае ў выглядзе атрутных газаў або аэразоляў. У такім выглядзе яе шырока выкарыстоўвалі на франтах Першай сусьветнай вайны. Аднак гісторыя хімічнай зброі значна старэйшая. Яшчэ ў старажытнасьці былі вядомыя атручаныя стрэлы або прымітыўныя запальныя рэчы.

Сёньня атрутныя баявыя рэчывы падзяляюць на некалькі тыпаў — задушлівыя рэчывы (напрыклад, цыяністы вадарод, які выкарыстоўвалі ў нямецкіх нацысцкіх канцлягерах і лягерах сьмерці пад назвай Цыклён Б), пякучыя рэчывы (напрыклад, іпрыт), задушлівыя рэчывы (у тым ліку хлёр і фасген) , паралітычна-сутаргавыя (напрыклад, зарын, табун) і галюцынагенныя і анэстэтычныя (у гэтай ролі можа быць выкарыстаны, напрыклад, ЛСД).

Таксама існуе катэгорыя баявых дапаможных сродкаў, якія, у адрозьненьне ад ядаў, можна выкарыстоўваць легальна. Гэта, напрыклад, запальныя рэчывы (найбольш вядомы напалм), злучэньні для стварэньня дымавых заслонаў, дэфаліянты, найбольш вядомы зь якіх Agent Orange, які амэрыканцы выкарыстоўвалі для зьнішчэньня джунгляў падчас вайны ў Віетнаме. Гэтая група таксама ўключае лякі, зь якімі многія з нас, магчыма, кантактавалі, напрыклад, бо да іх адносяцца сьлезацечны газ і пярцовы балёнчык.

Што такое біялягічная зброя

Біялягічная зброя таксама мае доўгую гісторыю. Ёсьць зьвесткі пра атрутных зьмеяў або пчолаў, якіх кідалі на варожыя караблі або на ворагаў.
Найбольш інтэнсіўна праца зь біялягічнай зброяй вялася ў гады Другой сусьветнай і Халоднай вайны. У якасьці зброі спрабавалі выкарыстоўваць патагенныя мікраарганізмы, якія выклікаюць такія захворваньні, як сібірская язва, чума, воспа, вірусная гемарагічная ліхаманка, а таксама cальманэлёз. Таксама распрацоўвалі баявое выкарыстаньне такіх прыродных рэчываў, як рыцына і батулятаксін.

Зброя масавага зьнішчэньня

І хімічная, і біялягічная зброя разам зь ядзернай зброяй клясыфікуюцца як зброя масавага зьнішчэньня, то бо зброя, якая можа нанесьці шкоду людзям і іншым арганізмам у вельмі вялікіх маштабах. Хімічную зброю (ваенныя газы) ужывалі на франтах Першай сусьветнай вайны, а сёньня — падчас ірана-ірацкай вайны і грамадзянскай вайны ў Сырыі.

Іншыя віды гэтай зброі могуць выкарыстоўвацца для невялікіх нападаў на асобных людзей. Прыклады такога выкарыстаньня біялягічнай зброі — паштовыя адпраўленьні зь сібірскай язвай, а хімічнай — спробы расейцаў атруціць былога шпіёна Сяргея Скрыпаля і яго дачку, а таксама апазыцыянэра Аляксея Навальнага. У абодвух выпадках выкарыстаны атрутны сродак групы «Новичок».

Хімічная і біялягічная зброя — забароненыя

Канвэнцыя аб біялягічнай зброі падпісаная ў 1972 годзе і ўступіла ў сілу праз тры гады. Яна забараняе дасьледаваньні, вытворчасьць, збор, набыцьцё або захоўваньне біялягічных сродкаў і таксінаў, а таксама зброі і прыладаў для іх пераносу. Канвэнцыя таксама абавязвае зьнішчыць або перапрацаваць у мірных мэтах усю наяўную біялягічную зброю.

Канвэнцыя аб хімічнай зброі падпісаная ў 1993 годзе і дзейнічае з 1997 году. Яна таксама забараняе распрацоўваць, вырабляць, захоўваць, перадаваць, набываць і выкарыстоўваць хімічную зброю. Створаная Арганізацыя забароны хімічнай зброі, якая забясьпечвае выкананьне палажэньняў пагадненьня. Яе штаб-кватэра ў Гаазе.

Пераважная большасьць краін сьвету далучыліся да абедзьвюх канвэнцыяў, уключаючы ўсе эўрапейскія краіны, у тым ліку Расею і Ўкраіну.

Але ёсьць нюанс

У 2013 годзе Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт прысудзіў Нобэлеўскую прэмію міру Міжнароднай арганізацыі забароны хімічнай зброі. Гэта можа сьведчыць аб тым, што яна добра выконвае свае абавязаньні і кантралюе, каб гэты тып зброі не выраблялі і не ўжывалі.

Праблема ў тым, што з усіх тыпаў зброі масавага зьнішчэньня хімічная зброя — самая простая для вытворчасьці, захоўваньня і выкарыстаньня. Дастаткова звычайнага заводу мінэральных угнаеньняў. Таксама неабавязкова мець сродак для пераносу хімічнай зброі, трэба проста вызваліць яе ў патрэбным месцы і распыліць. На шчасьце, гэты тып арсэналу выкарыстоўвалі ўсяго некалькі разоў за апошнія дзесяцігодзьдзі. Ірак зрабіў гэта падчас вайны з Іранам, а таксама падчас атакі на курдаў у Халабджы. Нападнікі ўжылі зарын у такійскім мэтро. Гэтае рэчыва таксама выкарыстоўвалася ў Гуце (Сырыя) у 2013 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG