Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ЭЗ выступілі з заявай напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю


З нагоды Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю 12 лістапада краіны Эўразьвязу выступілі з супольнай заявай па Беларусі.

Заява апублікаваная на сайце Рады Эўропы. Да яе таксама далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Рэспубліка Малдова, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвэгія і Ўкраіна.

У дакумэнце краіны ЭЗ рашуча асудзілі

  • «штучна створаны міграцыйны ціск» на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ,
  • удзел рэжыму Лукашэнкі «ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны і яго ўдзел у распаўсюджваньні прапаганды і дэзынфармацыі»,
  • любы ўдзел і дапамогу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей,
  • працяг пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, «усе акты гвалту, фізычнага або псыхалягічнага, у дачыненьні да цывільнага насельніцтва з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама перасьлед груп нацыянальных меншасьцяў»,
  • працяг ужываньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, якое «ўяўляе сабой парушэньне неад’емнага права на жыцьцё і поўнае адмаўленьне чалавечай годнасьці».

У кантэксьце падрыхтоўкі да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць у лютым 2024 і 2025 гадоў, улады Беларусі заклікаюць да свабодных і справядлівых выбараў «без умяшаньня, запалохваньня і страху перасьледу ў поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі».

Таксама ў ЭЗ заявілі, што «па-ранейшаму адданыя пастаяннай падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл».

«ЭЗ пацьвярджае гатоўнасьць працягваць сумесную працу з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ў рамках нядаўна створанай Кансультатыўнай групы, і вітае працяг працы Кантактнай групы па Беларусі Рады Эўропы, а таксама Беларускай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства», — гаворыцца ў заяве ЭЗ.

У заяве таксама падкрэсьлілі неабходнасьць «абароны правоў дэмакратычна настроеных грамадзян», згадаўшы іх права на пражываньне ў краінах, куды яны былі вымушаныя ўцякаць.

Акрамя гэтага, краіны ЭЗ зноў заклікалі рэжым Лукашэнкі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG