Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) абвесьціць пра сваё рашэньне наконт далейшага сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) на пачатку сьнежня, паведаміла «Позірку» мэнэджарка па камунікацыях Міжнароднай фэдэрацыі ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі Коры Батлер.
«Як гаварылася ў нашай кастрычніцкай заяве, мы далі Беларускаму Чырвонаму Крыжу час да 30 лістапада, каб прыняць рашэньне аб вызваленьні спадара Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара, — адзначыла яна. — Калі БЧК ня зробіць неабходных захадаў для адхіленьня дзейнага генсакратара, сяброўскія правы арганізацыі 30 лістапада 2023 году будуць аўтаматычна прыпыненыя».
- Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі на фоне ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.
- Сёлета на пачатку кастрычніка Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці генсакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас. Расьсьледаваньне паказала, што Шаўцоў «парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблем і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП».
- Па выніках расьсьледаваньня Міжнародная фэдэрацыя Чырвонага Крыжа ўжыла да Шаўцова абмежавальныя захады, забараніўшы яму займаць якія-небудзь кіроўныя пасады ў МФТЧКіЧП да далейшага апавяшчэньня, і заклікала Беларускі Чырвоны Крыж вызваліць Шаўцова ад пасады не пазьней за 30 лістапада 2023 году. Калі гэта ня будзе зроблена, БЧК пазбавіцца сяброўскіх правоў, фінансаваньня, ня зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а значыць, і галасаваць на ёй, ды інш.
- 7 верасьня XXVI Зьезд Беларускага Чырвонага Крыжа прыняў аднагалоснае рашэньне аб працягу працы Дзьмітрыя Шаўцова на займанай ім пасадзе генэральнага сакратара.
- За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмсілы дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, бо ўкраінскіх дзяцей вывозяць і ў Беларусь. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.