Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абвінавацілі заходніх дыпляматаў у нежаданьні разьбірацца ў сытуацыі з вывазам украінскіх дзяцей у Беларусь


Дзеці з акупаванай Расеяй Данецкай вобласьці Ўкраіны наведалі брыгаду спэцыяльнага прызначэньня МУС у Менску. Архіўнае фота
Дзеці з акупаванай Расеяй Данецкай вобласьці Ўкраіны наведалі брыгаду спэцыяльнага прызначэньня МУС у Менску. Архіўнае фота

Украінскіх дыпляматаў да вывезеных украінскіх дзяцей беларускі МЗС у гэтую паездку і не запрашаў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што 18 акрэдытаваных у Менску замежных амбасадараў наведалі Наваполацк і азнаёміліся з умовамі знаходжаньня ўкраінскіх дзяцей у беларускіх аздараўленчых цэнтрах.

Дыпляматы заходніх краін ад гэтай паездкі адмовіліся і выказалі зьдзіўленьне. што беларускі бок не запрасіў украінскіх дыпляматаў, якія самыя зацікаўленыя ў праблеме.

«Замежныя дыпляматы смаглі самі пераканацца ў шчырасьці і выключна добрых намерах беларускага боку ў памкненьні надаць усебаковае гуманітарнае садзейнічаньне дзецям з пацярпелых раёнаў. Дыпляматычнаму корпусу надалі падрабязную інфармацыю аб дэталях знаходжаньня дзяцей у Беларусі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Беларусі.

Паводле МЗС, замежныя дыпляматы змаглі паразмаўляць зь дзецьмі, наведаць адукацыйную ўстанову, дзе яны навучаюцца разам зь беларускімі дзецьмі, а таксама Наваполацкую цэнтральную лякарню, дзе яны праходзілі абсьледаваньне.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі падкрэсьлілі, што «прыезд кожнага дзіцяці ў Беларусь магчымы выключна пры наяўнасьці пісьмовай згоды ягоных бацькоў або законных прадстаўнікоў і ажыцьцяўляецца ў суправаджэньні дарослых упаўнаважаных».

«Адмова дыпляматаў шэрагу краін ад наведваньня Наваполацка толькі пацьвердзіла палітычна матываваны і неабгрунтаваны характар чутак, домыслаў і абвінавачаньняў у гвалтоўным характары знаходжаньня або перамяшчэньня дзяцей у Беларусі, а таксама адсутнасьць найменшага жаданьня аб’ектыўна разабрацца ў сытуацыі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Менск у чарговы раз катэгарычна адкінуў усе абвінавачаньні ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

У якасьці пацьвярджэньня добраахвотнага знаходжаньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусі дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала рэпартаж аб знаходжаньні ўкраінскіх дзяцей у Наваполацку і іхныя выказваньні аб тым, як ім падабаецца ў Беларусі.

У МЗС Беларусі не ўдакладнілі краіны, дыпляматы якіх наведалі Наваполацк. Вядома, што эўрапейскія дыпляматы адмовіліся ад паездкі да ўкраінскіх дзяцей, якіх прывезьлі ў Беларусь з часова акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.

У Кіеве гэтую паездку дыпляматаў расцанілі як жаданьне Беларусі легалізаваць незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных Расеяй тэрыторый.

  • У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, у пэрыяд зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.
  • 18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.
  • Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
  • 19 ліпеня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова.
  • 27 ліпеня ў Радзе Бясьпекі ААН заявілі, што Расея вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» 3 тысячы ўкраінскіх дзяцей. Сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісьліца заявіў, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Расея толькі з Данецкай і Луганскай абласьцей вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» тры тысячы ўкраінскіх дзяцей.
  • 13 верасьня Эўрапарлямэнт заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Аб дачыненьнях зь Беларусьсю», якая прызнае Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне. У рэзалюцыі адзначаецца, што, «дазволіўшы неапраўданую агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам злачынстваў, што прадугледжвае адказнасьць за разбурэньні і шкоду, прычыненую Ўкраіне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG