Пасьля абвяшчэньня аб гэтым рашэньні на сустрэчы ў Вільні Крыстына Юганэсан расказала Свабодзе аб сваіх прыярытэтах на новай пасадзе.
— Спадарыня амбасадарка, скажыце, калі ласка, чым будзе адрозьнівацца вашая праца ў Менску ад працы на новай пасадзе, якія ў вас пляны?
— Вядома ж, гэта вялікая розьніца. У Менску я працавала на месцы, была амбасадаркай Швэцыі. Цяпер я буду працаваць разам з дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасьцю, якая знаходзіцца за межамі Беларусі. Нашая амбасада працягвае працаваць у Менску, выконвае там важную працу, а вось я буду дапаўняць іх дзейнасьць тым, што я магу быць кантактнай асобай для тых, хто знаходзіцца за межамі.
— Што б вы лічылі сваім посьпехам на вашай новай пасадзе?
— Ведаеце, столькі ўсяго хочацца зрабіць карыснага. Але ўсё будзе залежаць ад таго, што наагул адбываецца як у Беларусі, так і за яе межамі, у Эўропе. Але я ўпэўненая, што мы зможам напрацаваць нейкія канкрэтныя ідэі ўжо хутка. Мы ведаем, што ёсьць інтарэс з боку грамадзянскай супольнасьці больш працаваць над такімі пытаньнямі, як культура, мова, нацыянальная ідэнтычнасьць. Такія тэмы мне падаюцца вельмі цікавымі. Я з задавальненьнем буду гаварыць пра гэта як са швэдзкімі інстытутамі, якія падтрымліваюць падобныя ініцыятывы, так і зь іншымі арганізацыямі ў Швэцыі, каб паглядзець, чым мы можам быць карыснымі. А так я буду кантактнай асобай і буду адказваць за нашыя дзеяньні.
— Ці зможаце вы часам у Менск прыяжджаць?
— У гэтым я не зусім упэўненая. Калісьці, я спадзяюся, што змагу яшчэ вярнуцца ў Менск, у горад, які мне вельмі падабаецца. А пакуль я буду знаходзіцца ў Стакгольме, але буду часта езьдзіць як у Вільню, так і ў Варшаву і іншыя гарады, дзе сёньня знаходзяцца беларусы ў эміграцыі.
Раней сваіх дыпляматычных прадстаўнікоў па сувязях зь беларускай дэмакратычнай супольнасьцю за мяжой заявілі Францыя (Віялен дэ Вільмёр), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Камплімаа).