Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбеглыя», «нацысты», «бандыты». Чаму абвастрылася мова варожасьці ў паведамленьнях дзяржаўных ведамстваў?


(Зьлева направа) Кіраўнік Сьледчага камітэту Беларусі Дзьмітры Гара (унізе), прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз (уверсе), дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, аналітык і былы дыплямат Павал Сьлюнкін, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
(Зьлева направа) Кіраўнік Сьледчага камітэту Беларусі Дзьмітры Гара (унізе), прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз (уверсе), дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, аналітык і былы дыплямат Павал Сьлюнкін, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Пасьля 2020 году дзяржаўныя ведамствы Беларусі пачалі дазваляць сабе ў афіцыйных паведамленьнях абразьлівы тон і мову варожасьці. «Зьбеглыя», «найміты ў форме», «нацысты» — такія словы дазваляюць сабе сілавікі і чыноўнікі. Чаму так адбываецца?

«Зьбеглыя», «бандыты» і «здраднікі»

Мову варожасьці актыўна выкарыстоўвае Сьледчы камітэт Беларусі. Апанэнтаў Лукашэнкі і прыхільнікаў ідэі дэмакратычных зьменаў у Беларусі сьледчыя называюць «бандытамі», «здраднікамі», «здраднікамі Радзімы». Вымушаных палітычных эмігрантаў — «зьбеглымі». Сьвятлану Ціханоўскую яны ў кастрычніку назвалі «намінальным партнэрам тэрарыстычных і экстрэмісцкіх фармаваньняў». Прадстаўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэта Вольгу Гарбунову, якая ладзіла маратон салідарнасьці з палітвязьнямі, — «ініцыятарам „сеткавай каруселі данатаў“».

Каардынацыйную раду, ByPol, BelPol, «НАУ» ў Сьледчым камітэце акрэсьлілі як «самаабвешчаныя экстрэмісцкія і тэрарыстычныя арганізацыі».

«Яны паспрабавалі вярнуць у нашую краіну паўнавартасную арганізаваную злачыннасьць», — пераконваюць чытачоў у ведамстве.

Абразы і мову варожасьці можна ўбачыць і ў паведамленьнях Генпракуратуры Беларусі. Так, Раду БНР пракуроры называлі «пранацысцкім экстрэмісцкім фармаваньнем». Ёй прыпісвалі «рэабілітацыю нацызму і калябарацыянізму», «прапаганду экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці».

«Найміты ў форме», «эўрафашызм» і «нацызм»

Адна з уразьлівых тэмаў для сілавікоў у гэтым сэнсе — мігранцкі крызіс. СК Беларусі абвінавачвае суседнія краіны, якія не пускаюць мігрантаў на сваю тэрыторыю, у жорсткасьці і бесчалавечнасьці.

Супрацоўнікаў памежнай службы краінаў Эўразьвязу яны называюць «найміты» ці «найміты ў форме», дзеяньні суседзяў акрэсьліваюць як «эўрафашызм», «вар’яцтва», «сыстэма, пабудаваная на прынцыпах нацызму».

«Латвія б’е рэкорды ў памежным эўрафашызьме. Тры іншаземцы загінулі ад дзеяньняў наймітаў на мяжы. Ідэі зьнішчэньня людзей на аснове расавых і рэлігійных забабонаў працягваюць набіраць абароты. Найміты ў форме перайшлі на сыстэму „масавага зьнішчэньня бежанцаў“», — заявілі ў Сьледчым камітэце сёлета ў кастрычніку, калі ў памежнай зоне знайшлі целы мігрантаў.

«Польскія сілавікі з маўклівай ухвалы эўрапейскіх клеркаў, адчуваючы беспакаранасьць і ўсёдазволенасьць, працягваюць тварыць варʼяцтва ў дачыненьні да мігрантаў», — заяўляў СК Беларусі ў іншым паведамленьні ў кастрычніку.

«Бязьлітаснасьць дзеяньняў „вартавых межаў“, для якіх жыцьці мігрантаў нічога ня вартыя, дакладна б удастоілі пахвалы ідэолягі фашызму», — заяўлялі сьледчыя ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.

«Прасекчы жыцьцёва важны для нас калідор сілай зброі»

Востра ведамствы Лукашэнкі рэагуюць і на санкцыі Захаду супраць беларускай эканомікі.

У адказ на санкцыі Захаду ўрад Беларусі ў 2022 годзе ўвёў у карыстаньне тэрмін «недружалюбныя дзяржавы» і прыняў адпаведны закон. У пералік «недружалюбных» увайшлі: Аўстралія, дзяржавы Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія і Паўночная Ірляндыя, ЗША, Чарнагорыя, Швайцарыя.

Першы намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Павел Муравейка заявіў, што Беларусь мае ўсе падставы «прабіць калідор» для транзыту тавараў празь Літву. Пра гэта ён сказаў на сэмінары ў Менгарвыканкаме, напісала газэта «Вячэрні Мінск» у нумары за 24 кастрычніка 2023 году.

«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары празь мяжу. Па ўсіх нормах міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжаньня банальнай лёгікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыцьцёва важны для нас калідор сілай зброі. І ў іншых умовах нас бы ніхто ў сьвеце не асудзіў, сьмею дапусьціць. Але не ў цяперашніх, калі на краіну аказваецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду», — заявіў прадстаўнік Савету бясьпекі Павал Муравейка.

У адказ МЗС Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту.

«Верх цынізму» і «гучныя вэрбальныя ноты»

Пасьля 2020 году МЗС Беларусі пачаў дазваляць сабе абразьлівы тон выказваньняў. Так, МЗС Беларусі рэзка адказаў на крытыку нядаўняга ўказу № 278 аб пашпартах беларусаў з боку ЗША і Эўразьвязу.

«Мы не зьвярталіся да іх з просьбай аб юрыдычнай экспэртызе нашых заканадаўчых актаў... Беларусы, у прынцыпе, выдатна абыходзяцца бязь іхных каштоўных парадаў адносна таго, як ім жыць і будаваць сваю незалежную дзяржаву. Час каштоўных указаньняў для нас сышоў дзесьці яшчэ зь Білам Клінтанам», — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Пры гэтым ён ускосна абвінаваціў апанэнтаў.

«Нашы контрапартнэры выказалі здагадку, што прыняцьце ўказу нібыта наносіць шкоду тысячам беларусаў. Але пры гэтым хітра змаўчалі, якую шкоду іх дзеяньні наносяць мільёнам нашых суайчыньнікаў», — дадаў прэс-сакратар МЗС.

Глаз прыгадаў санкцыі Захаду супраць беларускай эканомікі, спыненьне авіязносінаў зь Беларусьсю і назваў заявы Дзярждэпу пра клопат аб беларускіх грамадзянах «верхам цынізму».

Калі супрацоўнікі памежнай службы Літвы зафіксавалі парушэньне мяжы беларускім памежнікам 12 красавіка 2023 году, а прадстаўнік амбасады Беларусі ў Літве атрымаў ноту ў сувязі з гэтым выпадкам, Глаз адрэагаваў таксама зьняважліва. Ён выказаўся, што літоўскі бок «скаланае паветра гучнымі вэрбальнымі нотамі без сур’ёзных прычын... Так што, як і ў любым іншым выпадку, лепш адразу думаць, а потым рабіць».

Сьвятлану Ціханоўскую ён таксама, як і калегі зь іншых ведамстваў, называў «экстрэмісткай», калі яе запрасілі на саміт Рады Эўропы ў Рэйк’явік у траўні 2023 году.

«Гэта стратэгія, на гэта быў дазвол»

Былы дыплямат МЗС Беларусі, аналітык Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павал Сьлюнкін пракамэнтаваў Свабодзе, што зьмена рыторыкі дзяржаўных органаў і прапаганды зьвязаная з падзеямі 2020 году. Людзі, якія працавалі па старых схемах, звальняліся зь дзяржаўных органаў. На зьмену ім прывезьлі кансультантаў з расейскай прапаганды.

«Яны, як мне здаецца, перафарматавалі стыль, у якім працуе дзяржаўная прапаганда. Яны працуюць па вызначаных зьверху правілах. Гэта пачалося ў верасьні 2020 году, але градус не адразу быў такі. Азаронак стаў не адразу пагражаць забойствамі людзей, мова варожасьці дадавалася туды паступова», — тлумачыць Сьлюнкін.

Паводле яго, пасьля верасьня 2020 году шмат заяваў беларускага МЗС былі ў «найгоршым захараўскім стылі» (Марыя Захарава, прэс-сакратарка МЗС Расеі. — РС).

«Я думаю, гэта стратэгія, на гэта быў дазвол. Думаю, іх рыхтавалі і прасілі, каб іхныя выказваньні станавіліся радыкальна больш нэгатыўнымі да апанэнтаў улады. Стратэгія суадносіцца з падыходамі беларускіх уладаў да сваіх апанэнтаў. Чым больш станавілася рэпрэсій, тым больш жорсткай была і прапаганда», — заўважае суразмоўца.

Павал Сьлюнкін мяркуе, што з апанэнтаў Лукашэнкі пасьлядоўна і паступова рабілі «ворагаў».

«Ты вораг — значыць, цябе трэба зьнішчыць. Гэтай стратэгіі прытрымліваюцца ў сэнсе рэпрэсій і ў сэнсе жорсткасьці падыходаў. Як яны затрымліваюць гэтых людзей, якія тэрміны ім сталі даваць, як іх называюць. Маргіналізацыя праціўнікаў улады. Калі ты ня хочаш стаць такім недатыкальным і атрымаць усё, што маюць людзі з такім лэйблам, то нічога не рабі, сядзі моўчкі», — тлумачыць мэту прапаганды ў дзяржаўных мэдыя і ведамствах аналітык.

Ён мяркуе, што такая прапаганда мае свой эфэкт. Яна пасьлядоўна ўзьдзейнічае і на мысьленьне, і на эмоцыі. Паступова абразьлівую тэрміналёгію дзяржаўнай прапаганды пераймаюць людзі зь неакрэсьленай палітычнай пазыцыяй.

«Прапаганда — гэта сродак, які дае эфэкт у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Яны ўжо тры гады гэтым займаюцца», — камэнтуе Сьлюнкін.

Ён заўважае, што, паводле апытаньняў беларусаў, апошнім часам можна назіраць пераход часткі людзей з апазыцыянэраў у нэўтральную пазыцыю да ўладаў. Сьлюнкін мяркуе, што гэта вынік, сярод іншага, і прапаганды.

Што да МЗС Беларусі, то ў іхнай рыторыцы былы дыплямат не назірае мовы варожасьці, а хутчэй «зьняважлівы, недыпляматычны, непрафэсійны тон у дачыненьні да сваіх апанэнтаў». Ён мяркуе, што прычына такога тону ў слабасьці аргумэнтаў, таму трэба «павышаць голас».

Сьлюнкін заўважае, што з прыходам на пасаду міністра замежных спраў Сяргея Алейніка ў ведамстве зьменшылі нэгатыўную рыторыку, сталі трымацца больш прафэсійнага, дыпляматычнага стылю камунікацыі. Ён мяркуе, што гэтае месца заняў прафэсійны дыплямат, а не русафіл ці сілавік, бо цяперашняя задача рэжыму Лукашэнкі — дамаўляцца і аднаўляць добрыя зносіны, у тым ліку з Захадам.

«У яго (Алейніка. — РС) ня так шмат інструмэнтаў, ён ня можа выпусьціць палітвязьняў, але можа зрабіць заявы МЗС больш адэкватнымі, прафэсійнымі. Алейнік працуе з тымі рэчамі, якімі можна паказаць, што ёсьць людзі ў дзяржаўным апараце, якія прытрымліваюцца асноўнай лініі, але зь якімі размаўляць прасьцей», — мяркуе экспэрт.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG