Міністэрства замежных спраў Літвы выклікала 14 красавіка прадстаўніка амбасады Беларусі ў Вільні, каб уручыць ноту пратэсту ў сувязі зь неаднаразовымі фактамі парушэньня дзяржаўнай мяжы Літвы.
Цяпер ноту ўручылі ў сувязі з парушэньнем дзяржаўнай мяжы Літвы супрацоўнікам памежнай службы Беларусі, якое было зафіксавана 12 красавіка 2023 году ў зоне дзеяньня памежнага пункту пропуску ў Сьвянцянскім раёне Віленскага памежнага атраду.
МЗС Літвы патрабуе ад беларускага боку тэрмінова патлумачыць інцыдэнт і зрабіць усе захады, каб не дапусьціць паўтарэньня падобных выпадкаў у будучыні.
МЗС Беларусі пракамэнтаваў ноту Літвы аб парушэньні мяжы
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пацьвердзіў, што прадстаўнік амбасады Беларусі ў Літве атрымаў ноту аб парушэньні мяжы беларускім памежнікам, і сказаў, што МЗС Беларусі яе разгледзіць.
«Але гэта той выпадак, калі літоўскі бок адразу ініцыятыўна згортвае ўсё памежнае супрацоўніцтва з суседняй краінай, выходзіць з дамоваў па памежных пытаньнях, уключаючы пратакол аб абмене інфармацыяй паміж Дзяржаўным памежным камітэтам Беларусі і Службай аховы дзяржаўнай мяжы Літвы або пагадненьне аб асноўных прынцыпах трансгранічнага супрацоўніцтва, а потым зьдзіўляецца і скалынае паветра гучнымі вэрбальнымі нотамі без сур’ёзных прычын», — дадаў Анатоль Глаз.
Парушэньне беларускімі памежнікамі дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавалі з дапамогай відэаназіраньня ў другой палове дня 12 красавіка ў Сьвянцянскім раёне.
У сувязі зь незаконным перасячэньнем дзяржаўнай мяжы ў аддзяленьні памежнай паліцыі Вільні пачалі дасудовае расьсьледаваньне.
Літоўскія памежнікі назіралі за беларускім патрулём, які ішоў уздоўж мяжы па тэрыторыі Беларусі. Адзін з памежнікаў ненадоўга зайшоў на тэрыторыю Літвы на глыбіню каля аднаго мэтра і, не спыняючыся, вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Далей беларускі патруль працягнуў рух ужо па сваім баку.