Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды за даўгі, арышт гаспадароў: Што вядома пра сетку крамаў «Востраў чысьціні і смаку»


Скрыншот з сайту «Востраў чысьціні і смаку»
Скрыншот з сайту «Востраў чысьціні і смаку»

У беларускай сеткі «Востраў чысьціні і смаку» перастала працаваць дастаўка. Раней заснавальнікаў затрымлівалі сілавікі. Паглядзелі, што адбываецца зь сеткай.

Напрыканцы кастрычніка перастала працаваць дастаўка гандлёвай сеткі «Востраў чысьціні і смаку». На сайце онлайн-крамы, дзе раней можна было аформіць дастаўку, паведамілі пра «тэхнічныя працы», а пасьля апублікавалі абвестку, што з 30 кастрычніка інтэрнэт-крама прыпыняе працу.

У верасьні 2022 году ўладальнікаў «Вострава чысьціні і смаку» затрымлівалі. Паглядзелі, што цяпер з гэтай кампаніяй.

Што такое «Востраў чысьціні»

Сетка крамаў «Востраў чысьціні і смаку» ўваходзіць у групу кампаній «Ромакс», якая працуе на беларускім рынку з 1998 году. Фабрыка «Ромакс» па вытворчасьці побытавай і прамысловай хіміі зьявілася ў 2005 годзе. Цяпер там вырабляюць таксама парфумы і касмэтыку.

Крамы «Востраў чысьціні» (ранейшая назва сеткі) пачалі працу ў Беларусі ў 2010 годзе з продажаў бытавой хіміі і гаспадарчых тавараў. Цяпер сетка налічвае больш за 600 крамаў у 110 гарадах Беларусі. Апроч крамаў «Востраў чысьціні і смаку», пад брэндам кампаніі таксама працуе сетка крамаў «Тры ласі», якая займаецца продажам алькаголю, сетка аптэк «Востраў здароўя», сетка заакрамаў «Zoo востраў». Да нядаўняга часу таксама працавала інтэрнэт-крама з дастаўкай, але цяпер сэрвіс недаступны. Ва ўсёй групе кампаній працуе да 7 тысяч чалавек.

Уладальнікі сеткі крамаў — сужэнцы Віктар і Аксана Рамукі. Галоўны бэнэфіцыяр групы кампаній «Ромакс» — Ёсіф Рамук, бацька Віктара Рамука. 22 верасьня 2022 году ў кампанію «Ромакс» зь ператрусам прыйшлі сілавікі і затрымалі Віктара і Аксану Рамукоў. У чым іх вінавацілі, невядома. Летась у сьнежні Рамукі выйшлі на свабоду.

Сеткай крамаў «Востраў чысьціні і смаку» кіруюць тры юрыдычныя асобы: «ЗахадХімГандаль», «ЗахадХімСэрвіс», «ЗахадХімІнвест». У жніўні мінулага году «ЗахадХімГандаль» аштрафавалі на 15 899 рублёў за павышэньне цэнаў, якое зафіксавала Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

Што цяпер зь сеткай крамаў

Згодна са зьвесткамі сэрвісу праверкі контрагентаў kartoteka.by, у «ЗахадХімГандлю» з 2021 году пачаліся праблемы з даўгамі. Цяпер ён вінен 41 кампаніі, сума даўгоў толькі за апошнія паўгода склала 907 тысяч рублёў, за ўвесь час — каля 3 мільёнаў (з улікам і старых даўгоў, якія складаюць нязначную частку запазычанасьці).

Толькі ў кастрычніку 15 кампаній зьвярнуліся ў суд, каб спагнаць з «Вострава чысьціні» свае даўгі — за арэнду, натарыяльныя ды іншыя паслугі.

Кампанія часта выступала пастаўшчыком санітарных вырабаў для дзяржаўных устаноў, у тым ліку мэдычных. Апошні тэндэр датаваны чэрвенем мінулага году — гэта пастаўкі падгузьнікаў для Віцебскага абласнога клінічнага анкалягічнага дыспансэра на суму 487 рублёў. Таксама, паводле сэрвісу kartoteka.by, кампанія мае даўгі перад бюджэтам.

У мінулым годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі «ЗахадХімГандлю» вырасла на 2,8% — да 588 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак — 158 тысяч рублёў.

Нягледзячы на даўгі, кампанія «ЗахадХімГандаль» дзейная, яна не знаходзіцца ні ў стадыі санацыі, ні ў стадыі банкруцтва.

«ЗахадХімІнвест» таксама мае 9 судовых пазоваў на вяртаньне даўгоў.

«ЗахадХімСэрвіс» вінен 16 кампаніям, агулам даўгі за апошнія паўгода — больш за 40 тысяч рублёў. У асноўным перад арандадаўцамі.

Сёлета ў ліпені асабістыя дадзеныя карыстальнікаў інтэрнэт-крамы «Востраў чысьціні і смаку» выцеклі ў інтэрнэт. Пра гэта паведаміў Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных дадзеных. Выцек адбыўся ў выніку несанкцыянаванага доступу да інфармацыйнай сыстэмы кампаніі «ЗахадХімГандаль».

«Калі дзяржава не ўліе грошы, такі бізнэс шмат не працягне»

Свабода паразмаўляла з чалавекам, які працаваў у беларускім рытэйле больш за 10 гадоў і ведае, чаму зьявіліся праблемы ў «Вострава чысьціні і смаку». Паводле нашай крыніцы, найбольш ударыла рэгуляваньне цэнаў і праблема з эўрапейскім імпартам.

«Проста цяпер у іх грошай няма. Увесь гандаль у Беларусі моцна напружыўся пасьля рэгуляваньня цэнаў, але найбольш гэта ўдарыла па „Востраве чысьціні“ і „Бусьліку“. Яны шмат працавалі зь імпартам з Эўропы. А цяпер ускладніліся лягістычныя ланцужкі, вазіць адтуль стала нашмат складаней. На польскай фуры нельга прывезьці тавары ў Менск, трэба разгружацца пад Берасьцем. Нават харчовы раздроб сябе дрэнна адчувае.

У „Вострава чысьціні і смаку“ заўжды стаўка была на танныя тавары і аб’ём: шмат продажаў і невялікая выручка. Калі дзяржава не ўліе грошы, то такі бізнэс цяпер няшмат працягне», — кажа суразмоўца.

Сёлета ў Беларусі закрылася сетка крамаў «Віталюр». У студзені свае грошы зь «Віталюра» хацелі спагнаць больш як тры дзясяткі кампаній. Толькі за 6 месяцаў мінулага году пастаўшчыкі спрабавалі атрымаць ад уласьнікаў «Віталюра» звыш 21 мільёна рублёў. У адным лістападзе 2022-га пазоваў было больш як на 2,5 мільёна рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG