Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць гандлёвай сеткі «Віталюр» падалі больш за 20 пазоваў


Лягатып кампаніі «Віталюр»
Лягатып кампаніі «Віталюр»

Звыш 20 пасяджэньняў паводле пазоваў супраць кампаніі «Віталюр» прызначаны ў эканамічных судах Менску і Менскай вобласьці на канец жніўня і верасень 2023 году. Некалькі пазоваў да «Віталюру» разглядаюцца цяпер у расейскіх судах.

У пазовах, паводле інфармацыі з картатэкі Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, пазоўнікі, заяўнікі і спаганяльнікі скардзяцца на «невыкананьне або неналежнае выкананьне абавязаньняў паводле дамоваў», настойваюць на «выдачы выканаўчага дакумэнту на прымусовае выкананьне мэдыятыўнага пагадненьня» і судзяцца за «адтэрміноўку або растэрміноўку выкананьня судовай пастановы».

Як высьветліла газэта «Белорусы и рынок», прэтэнзіі да «Віталюру», у прыватнасьці, выставілі такія вядомыя кампаніі як «Машхарчпрад», «Контэ Спа», КФК «Сула», Мясакамбінат «Славянский», «Монтбрук», «Сіпто», «БСБ Банк» і іншыя.

Некалькі пазоваў да «Віталюру» разглядаюць цяпер і ў расейскіх судах. У мінулым месяцы, напрыклад, пералік пазоўнікаў у Расеі папоўніў Гандлёвы дом «Камчатка».

Што адбылося зь «Віталюрам»?

Праблемы з разьлікамі з пастаўшчыкамі ўзьніклі ў кампаніі «Віталюр», якая спэцыялізавалася на імпарце і перапрацоўцы рыбнай прадукцыі і разьвіцьці аднайменнай раздробнай сеткі, у 2021 годзе. У канцы 2022 году яе ўладальнікі, каб пагасіць дэбіторскую запазычанасьць і палепшыць фінансавае становішча, перадалі большасьць гандлёвых пунктаў у арэнду «Санта Рытэйл». Таксама «Санта» выкупіла абсталяваньне і рэшткі тавару.

«Рух і закрыцьцё даўгоў перад пастаўшчыкамі будзе адбывацца пад кантролем кампаніі „Санта Рытэйл“», — паведамляў у канцы 2022 году генэральны дырэктар «Віталюр» Аляксандар Калесьнікаў.

Фактычнае паглынаньне «Віталюру» дазволіла «Санта Рытэйл», якая ўваходзіць у Групу кампаній «Санта» бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага, увайсьці ў тройку найбуйнейшых рэтэйлераў на беларускім рынку. Другі ж удзельнік угоды працягвае высьвятляць адносіны з крэдыторамі.

«Віталюр» працаваў з 1995 году, але ў канцы лютага 2023 году заявіў пра спыненьне дзейнасьці.

«Пачынаючы з аднаго невялікага гандлёвага павільёна, за 27 гадоў „Віталюр“ вырас у адну з найбуйнейшых гандлёвых сетак Беларусі, стаўшы лідэрам у многіх галінах і прыкладам для іншых», — напісала сетка ў свой апошні дзень працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG