Сілавікі паведламілі аб затрыманьні як мінімум 9 чалавек у Петрыкаве, Жыткавічах і Тураве.
Праўладны тэлеграм-канал «Ближе к звёздам» апублікаваў відэа з кадрамі затрыманьняў, піша «Медиазона». На іх сілавікі выбіваюць дзьверы ў кватэры і заломваюць рукі затрыманым. Некаторых кладуць тварам у падлогу, а аднаго затрыманага выцягваюць з ложка.
У роліку сілавікі паказваюць дзевяць чалавек, усе яны кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» групы і каналы ў сацсетках. Затрыманым пагражае крымінальная і адміністрацыйная адказнасьць.
У Жлобіне зноў судзілі 70-гадовую прыхільніцу Лукашэнкі
24 кастрычніка ў раённым судзе Жлобіна судзьдзя Сьвятлана Рубахава разглядала адміністрацыйную справу супраць Евы Піскун па ч. 2 арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вынік суду праваабаронцам пакуль не вядомы, піша «Гомельская Вясна».
16 траўня 2023 году у судзе Жлобінскага раёна разглядалі крымінальную справу, заведзеную па артыкуле 188 Крымінальнага кодэксу Беларусі (паклёп) у дачыненьні да Евы Піскун. У кастрычніку стала вядома, што 70-гадовую жанчыну да суда ўтрымлівалі ў ІЧУ г. Жлобіна і пасьля прысудзілі вялікі штраф.
Жанчына раней заяўляла, што яна шчырая прыхільніца Лукашэнкі.
Рэсурсы палку імя Каліноўскага і рэгіянальныя СМІ трапілі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Міністэрства інфармацыі зноў папоўніла рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды ўнесьлі некалькі рэсурсаў палку імя Каліноўскага, а таксама рэгіянальных СМІ.
Так, у «экстрэмісцкі сьпіс» трапілі сайт палку, ягоны акаўнт у TikTok, старонка ў Х (былы Twitter), ютуб-канал, чат-бот у тэлеграме «Беларусы за Ўкраіну bot», а таксама «візуальны матэрыял, тэкст „Polk Kalinouskaha“, „Полк Каліноўскага“, у тым ліку зь якімі-небудзь надпісамі».
У пералік Мінінфарму, акрамя таго, дадалі:
- старонку Instagram «365real.reels»,
- тэлеграм-канал «Раковское шоссе»,
- суполку ў Instagram «Вольныя» (ініцыятывы дапамогі вольным палітвязьням Беларусі),
- сайт «Рагачоў Online», яго суполкі ў сетцы «ЎКантакце», мэсэнджары Viber і старонка ў «Аднаклясьніках»,
- старонка ў Facebook «Сьвятлана Ціханоўская»,
- тэлеграм-канал «Столін ТуТ»,
- тэлеграм-канал «Беларускi праваслаўны прыход у Вiльнi»,
- тэлеграм-канал «Кірылюк Notes Жыве Беларусь»,
- акаўнт у TikTok пад назвай «Беларуска з-пад Магілёва»,
- акаўнт у TikTok пад назвай «АндрэйGhost»,
- тэлеграм-канал «EX-PRESS.LIVE»
Новы суд за ўдзел у пратэстах
У Менскім гарадзкім судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы 40-гадовага палітзьняволенага Аляксея Краснагіра, піша «Вясна».
Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК), закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (арт. 361 КК) і фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня (арт. 361-2 КК). Разглядаць справу будзе Cьвятлана Чарапанава.
Аляксея затрымалі 15 сакавіка і зьмясьцілі ў СІЗА ў Менску.
Сілавікі затрымалі айцішніка за камэнтары ў тэлеграм-чатах
Гарадзенцу Вадзіму Вашчэнку 39 гадоў. Раней Вадзім працаваў на прадпрыемствах, але ў апошнія некалькі гадоў перабраўся ў IT-сфэру, піша «Наша Ніва».
Мужчыну затрымалі за камэнтары ў тэлеграм-чатах. Вядома, што канал сілавікоў, які называецца «Поступи по совести», выкладаў пэрсанальныя зьвесткі мужчыны з прапановай самому прыйсьці ў ГУБАЗіК.