Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 кастрычніка: у Магілёве затрымалі навукоўца і краязнаўца Ігара Шаруху


Сілавікі ў Менску, 2020
Сілавікі ў Менску, 2020

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

За верасень па «пратэставых» крымінальных справах асудзілі сама меней 54 чалавекі

У верасьні 2023 году судовая сыстэма, паводле зьвестак, якія маюць праваабаронцы, магла рэпрэсаваць каля 139 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Па рэгіёнах лічбы выглядаюць наступным чынам: Менск — 77; Менская вобласьць — 8; Берасьцейская — 13; Гомельская — 15; Магілёўская — 10; Віцебская — 12; Горадзенская — 4.

За верасень у Беларусі па крымінальных справах, заведзеных за пратэсты ў 2020 годзе, асудзілі 54 чалавекі, у тым ліку 22 жанчын.

У Магілёве затрымалі кандыдата пэдагагічных навук Ігара Шаруху

Пра затрыманьне 10 кастрычніка ў Магілёве навукоўца і краязнаўцы Ігара Шарухі паведаміла праваабарончая ініцыятыва MAYDAY TEAM.

Імаверная прычына затрыманьня — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).

Паводле не пацьверджанай пакуль інфармацыі, навукоўца асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Ігар Шаруха — кандыдат пэдагагічных навук, вядомы ў Магілёве географ і краязнаўца. Доўгі час ён працаваў у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Аркадзя Куляшова, кіраваў катэдрай прыродазнаўства, але ў 2021 годзе быў вымушаны сысьці з ВНУ.

Затрымалі жанчыну, якая ў 2020 годзе сьпявала ля менскай філярмоніі гімн «Магутны Божа»

У Менску затрымалі жанчыну, якая ў 2020 годзе ў складзе хору выканала на прыступках Беларускай дзяржаўнай філярмоніі гімн «Магутны Божа», піша сайт «Зеркало».

Відэа зь ёю апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал. У роліку жанчыну прымусілі прызнацца, што яна ўдзельнічала ў акцыях пратэстаў, перакрывала дарогу на праспэкце Незалежнасьці.

Прапагандысцкія рэсурсы сьцьвярджаюць, што на жанчыну завялі крымінальную справу.

Паводле Nashaniva.com, затрымалі Кацярыну Шапавалаву, у 2020-м яна працавала ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі і была там у Камэрным хоры. Частка супрацоўнікаў філярмоніі тады, каб падтрымаць людзей у руху за свабодныя выбары і супраць гвалту, 13 жніўня сьпявала гімн «Магутны Божа» на прыступках будынку.

Верш «Малітва» («Магутны Божа...») напісала ў 1943 годзе паэтка Натальля Арсеньнева. У 1947-м кампазытар Мікалай Равенскі напісаў да яго музыку, твор стаў папулярным рэлігійным гімнам беларусаў, яго выконвалі рэлігійныя грамады і на сьвецкіх урачыстасьцях.

«Абражаў не прэзыдэнта, а Лукашэнку»: паўтара гады калёніі жыхару Берасьця

Суд Маскоўскага раёну Берасьця вынес прысуд Паўлу Каралевічу, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК. Справу разглядаў судзьдзя Яўген Брэган, піша «Вясна».

Паводле абвінавачаньня, Павел 18 ліпеня 2021 году «ў суполцы пад назвай «Онлайн Брест» у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» разьмясьціў паведамленьне, якое „прынізіла гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі і зьяўляецца для яго абразьлівым. Таксама 11 жніўня 2021 году ў той жа суполцы разьмясьціў яшчэ адно паведамленьне абразьлівага зьместу».

У судзе Каралевіч вінаватым сябе прызнаў часткова, бо камэнтары ён пакінуў у дачыненьні канкрэтна Лукашэнкі, а не ў дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з выкананьнем ім сваіх службовых абавязкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG