Прыхільніца Лукашэнкі трапіла ў ІЧУ пасьля скаргі на міліцыю
Як даведалася выданьне «Флагшток», увесну 2023 году Жлобінскі раённы суд прызначыў адміністрацыйны штраф прыхільніцы Лукашэнкі. Да суда пэнсіянэрку ўтрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня як палітычную правапарушальніцу. Падрабязнасьці здарэньня выданьню расказала жыхарка Жлобіна Аліна, якая апынулася ў адной камэры з пэнсіянэркай вясной 2023 году.
«Да нас пасадзілі бабулю 70 гадоў — Еву. Яна распавяла, што назвала ў сваім відэа на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы нашага былога начальніка міліцыі службовым злачынцам, таму што ён ніяк не рэагаваў на яе звароты. Ёй патэлефанавалі з пракуратуры пад маркай падпісаць нейкія дакумэнты. Нібыта яны разабраліся. Бабуля прыйшла і яе затрымалі», — расказвае Аліна.
У працэсе размовы высьветлілася, што пэнсіянэрка зьяўляецца прыхільніцай Лукашэнкі. Бабуля расказвала: «Я ж вельмі моцна люблю Лукашэнку. Я прымала ўсе папраўкі, якія былі. Як так мяне маглі пасадзіць да суда?»
Пэнсіянэрцы, як і іншым «палітычным», давялося спаць у камэры без матраца. Яе разам з Алінай вадзілі ў кайданках і скручвалі ластаўкай тварам у падлогу. Сьвятло ў камэры не выключалі.
Флагшток знайшоў відэазвароты жлобінскай пэнсіянэркі, якія сталі прычынай затрыманьня. Затрыманай аказалася жыхарка Жлобіна Ева Піскун.
Зь відэа можна зразумець, што гісторыя пачалася ўлетку 2022 году, калі жанчына прыехала ў Гомель на аздараўленьне. У адной з паездак у гарадзкім транспарце ёй упершыню трапіўся аўтобус без кандуктара. Купіўшы білет у кіроўцы, яна ня ведала, што яго трэба кампаставаць. Кантролер, які зайшоў у аўтобус, выпісаў ёй штраф. Пэнсіянэрка аплаціла штраф, але на яе думку штраф выпісалі неправамоцна, таму яна зьвярнулася з патрабаваньнем вярнуць грошы. У студзені 2023 году Ева Піскун запісала відэазварот, у якім сказала, што супрацоўнікі міліцыі ня хочуць яе слухаць.
«Валакіта і бюракратызм, непісьменнасьць. У нас Лукашэнка патрабуе: не выкручвайце рукі людзям, стаўцеся сур’ёзна да складаньня ўсіх дакумэнтаў, усіх працэдур, адміністрацыйных у тым ліку. Лукашэнка працуе асобна, а ўсе астатнія службы працуюць асобна», — сказала яна ў відэа.
Таксама яна заявіла, што кіраўнік Жлобінскага РАУС Генадзь Мельнік «хаваецца ад людзей», і што пры яго маўклівай згодзе «складаюцца фіктыўныя адміністрацыйныя пратаколы, спыняюцца адміністрацыйныя матэрыялы», і заклікала да кадравых чыстак у структуры раённага РАУС. У сваіх відэазваротах жанчына падкрэсьлівала, што сказанае адрасуецца Лукашэнку.
Флагшток пагаварыў са знаёмым пэнсіянэркі. На ўмовах ананімнасьці ён паведаміў, што пасьля зьдзекаў у ізалятары Ева Піскун знаходзіцца ў шоку. Суд прызначыў ёй вялізны штраф, які яна ня ведае, як выплаціць.
Генадзь Мельнік больш не ўзначальвае Жлобінскі РАУС — ён атрымаў павышэньне ў Сьледчым камітэце ў Гомлі.
У Віцебску затрымалі загадчыка аддзяленьня абласной лякарні
11 кастрычніка затрымалі загадчыка аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандра Ганчарова, даведаўся ад сваіх крыніц тэлеграм-канал мэдыцынскай ініцыятывы «Белыя халаты».
13 кастрычніка над Ганчаровым адбыўся суд. Паводле непацьверджанай інфармацыі, доктару-рэаніматолягу далі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, дадалі «Белыя халаты». Паводле якога артыкулу яго судзілі, ініцыятыве невядома.
Сілавікі затрымалі паэта і прымусілі яго напісаць і прачытаць на камэру верш пра ГУБАЗіК
Сілавікі затрымалі паэта Сяргея Суконнага. Яго «пакаяльнае» відэа разьмясьціў 13 кастрычніка набліжаны да ГУБАЗіК рэсурс, заўважыла «Зеркало». На камэру мужчыну прымусілі сказаць, што ён вёў перапіску ў прызнаных «экстрэмісцкімі» чат-ботах, а 11 ліпеня апублікаваў у тэлеграм-канале «свой вершык» пра Аляксандра Лукашэнку.
Сілавікі таксама сьцьвярджаюць, што затрыманы нібыта адміністраваў тэлеграм-канал і 16 суполак у Facebook, сярод якіх «Арт-календарь», «Государство и человек», «Да это просто смех», «Живите в радости», «Живите здорово и долго» і іншыя. Набліжаны да ГУБАЗіК рэсурс заявіў, што Сяргей Суконны нібыта публікаваў «фэйкі», заклікаў да забастовак, а яго грамадзка-палітычныя вершы «суправаджаліся распальваньнем нянавісьці і злачыннымі выявамі».
Сілавікі таксама прымусілі паэта напісаць верш пра сваё затрыманьне і пра супрацоўнікаў ГУБАЗіК ды зачытаць тэкст на камэру.