У Слоніме асудзілі дэфэктоляга з 20-гадовым стажам. Яна спрабавала прадаць старую кнігу — тая аказалася «экстрэмісцкай»
Дэфэктоляг са Слоніма ў 2018 годзе купіла кнігу Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст». У 2023-м знайшла яе дома і вырашыла прадаць. Гэта не ўдалося, таму жанчына здала яе ў макулятуру. У выніку яе судзілі па арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў — за гэты час кнігу прызналі «экстрэмісцкай», паведамляе Hrodna.Life.
Жанчына расказала ў судзе, што купіла кнігу ў адной з кнігарняў Горадні для дачкі-школьніцы. Дачка паступіла ва ўнівэрсытэт. Улетку 2023 году слонімчанка наводзіла парадкі ў кватэры і знайшла кнігу ў добрым стане. Вырашыла яе прадаць праз інтэрнэт-краму.
Аб’ява вісела два месяцы. Кнігу ніхто не набыў, і слонімчанка здала яе ў макулятуру. Пра тое, што яе прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам», жанчына не падазравала. Яна адзначыла ў судзе, што зьяўляецца пэдагогам з 20-гадовым стажам і ніколі ня ўдзельнічала ні ў якой пратэставай дзейнасьці. У яе ёсьць малалетняя дачка.
Кнігу прызналі «экстрэмісцкай» па рашэньні суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 12 верасьня 2022 году. Падзеі гісторыі аўтар у ёй паказвае з нацыянальнага пункту гледжаньня. Ён расказаў пра гісторыю ад узьнікненьня старажытных плямёнаў да незалежнасьці Беларусі, абвергнуўшы пры гэтым многія міты і памылкі.
Суд Слонімскага раёна вырашыў пакараць жанчыну штрафам у 10 базавых велічыняў — 370 рублёў — і канфіскацыяй кампутара, зь якога яна разьмяшчала абʼяву.
Гарадзенца асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня за «арганізацыю масавых беспарадкаў»
Суд Кастрычніцкага раёна Горадні вынес прысуд піцаёлу гарадзенскай піцэрыі Сяргею Ботвічу, абвінаваціўшы яго ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў судзьдзя Ўладзімер Пазьняк, прадстаўнік абвінавачаньня — Краўчук, паведамляе «Вясна».
Судовы працэс пачаўся яшчэ 16 траўня і доўжыўся да 25 жніўня. Прысуд стаў вядомы праваабаронцам толькі цяпер.
Ботвіча затрымалі напачатку студзеня 2023 году і зьмясьцілі ў СІЗА. Тады ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, зьявіўся ролік з затрыманьнем супрацоўнікамі ГУБАЗіК і АМАП жыхара Горадні, які нібы адміністраваў дваровыя чаты, сярод якіх «Гродно Центр 97%»; удзельнічаў у пратэстных мітынгах і заклікаў іншых удзельнічаць у іх, а таксама ўжываць гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў, даслоўна, «паліць аўтазакі».
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Сяргей Ботвіч, у мэсэнджары «Telegram», будучы актыўным удзельнікам чата «Гародня 97%», «з мэтай арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваючы ў карыстальнікаў мэсэнджара „Telegram“ рашучасьць удзелу ў масавых беспарадках... ажыцьцяўляў перапіску ў асабістым чаце зь неўстаноўленым карыстальнікам аб неабходнасьці ўдзелу ў масавых беспарадках», пры гэтым ён «не давёў свой злачынны намер, накіраваны на арганізацыю масавых беспарадкаў да канца», гаворыцца ў абвінавачаньні.
Сяргей у судзе сваю віну прызнаў часткова, а вось прадстаўнік лінгвістычнай экспэртызы — дацэнт катэдры рускай філялёгіі мясцовага ўнівэрсытэта А. патлумачыла суду, што пакінутыя ім камэнтары ў сукупнасьці з камэнтарамі, разьмешчанымі да і пасьля складзеных ім тэставых паведамленьняў, падахвочваюць да новых відаў пратэсту, грубага і жорсткага сілавога іх вырашэньня.
Суд прызначыў Ботвічу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін пяць гадоў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.