У судзе Савецкага раёну Менску вынесены прысуд 38-гадоваму індывідуальнаму прадпрымальніку Аляксандру Ёкшу, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў неснкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Менску восеньню 2020 году (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала судзьдзя Вольга Емяльянчанка, піша «Вясна».
Аляксандр Ёкша — бацька дваіх непаўналетніх дзяцей, займаецца рамонтнымі і будаўнічымі работамі. Да суду знаходзіўся пад вартай.
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Аляксандар Ёкша ў Менску прыняў удзел у маршы пратэсту ў 2020 годзе, пры гэтым «публічна выкрыкваў лёзунгі, зьдзяйсьняў гучныя воплескі рукамі, ажыцьцяўляў блякаваньне руху транспарту шляхам перакрыцьця праезнай часткі шляхам сумеснага выхаду зь іншымі неўстаноўленымі грамадзянамі на палосы руху праезнай часткі, што пацягнула парушэньне працы грамадзкага транспарту і нанясеньня яму матэрыяльнай шкоды на суму 33 771 рубель 63 капейкі».
Суд, які адбыўся 16 жніўня, прызначыў Ёкшу пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў.
Горадзенцу прысудзілі «хатнюю хімію» за ўдзел у шэсьці падчас пратэстаў 2020 году
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 5 кастрычніка вынесьлі прысуд 37-гадоваму кіроўцу Дзянісу Цярэшку. Судзьдзя Віталь Лабоцкі абвінаваціў яго арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Да затрыманьня Дзяніс Цярэшка працаваў кіроўцам у літоўскай транспартнай кампаніі, мае на ўтрыманьні непаўналетняе дзіця.
Па матэрыялах абвінавачаньня, Цярэшка ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у шэсьці па вуліцах Горадні.
Сваю віну Дзяніс прызнаў толькі часткова, адмовіўшыся ад таго, што ён замінаў працы грамадзкага транспарту.
Суд прызначыў Цярэшку пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год і 6 месяцаў. Матэрыяльную прэтэнзію аўтапарку ён аплаціў падчас сьледзтва.
Ахоўніка крамы «Білд» у Оршы арыштавалі чатыры разы запар
Аршанца Сяргея Вальковіча затрымалі 3 кастрычніка на працоўным месцы. На яго склалі адразу 5 адміністрацыйных пратаколаў за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы (арт. 19.11 КаАП), паведамляюць праваабаронцы.
Вядома, што Сяргей — былы супрацоўнік міліцыі.
Першы суд над мужчынам адбыўся 4 кастрычніка. Тады бацьку непаўналетняга дзіцяці асудзілі на 7 дзён арышту. Ужо праз два дні яго зноў арыштавалі на 10 дзён. Трэці раз Вальковічу прызначылі 5 дзён арышту за падпіску на «Хартыю» ў «Аднаклясьніках».
Чацьвёрты суд над Сяргеем адбыўся 12 кастрычніка. Гэтым разам яго абвінавацілі ў падпісках на «Мая краіна Беларусь», «Радыё Свабода» і «Белсат». Судзьдзя Святлана Кузьмічонак арыштавала яго яшчэ на 15 дзён. Агульны тэрмін арышту склаў 37 дзён.