«Шмат баевікоў уварваліся ў гарады»
Беларуска Дар’я зь Менску жыве ў Ізраілі 6 гадоў. Мае ізраільскае грамадзянства. Ёй 29 гадоў, яна замужам за грамадзянінам Ізраілю. Сям’я жыве ў горадзе Ашкелон, за сем кілямэтраў ад Газы. Горад ужо часткова разбураны баевікамі ХАМАС.
«Вельмі шмат дарог каля майго дому ў ракетах або ў сьлядах ад ракет. Адна ракета трапіла ў дом маіх бацькоў, у суседні пад’езд. Слава Богу, усе жывыя, аднаго мужчыну забралі ў шпіталь з аскепачным раненьнем», – кажа Дар’я.
Яна прачнулася ранкам у суботу 7 кастрычніка ад сырэн паветранай трывогі. Даведалася, што баевікі прарваліся празь мяжу, што ў паўднёвай частцы краіны каля гораду Сдэрот праходзіў моладзевы фэстываль, куды ўварваліся тэрарысты і расстралялі моладзь.
«Шмат баевікоў уварваліся ў гарады. Нам сказалі зачыніць усе дзьверы, бальконы і сядзець дома. Мой знаёмы служыць у арміі. У іх была інфармацыя, што тэрарысты праніклі і ў Ашкелон», — расказвае Дар’я.
Яна можа паглядзець у вакно. У ейным раёне не відаць вайскоўцаў. Яны хадзілі ў цэнтры горада, каля шпіталя, адміністрацыйных будынкаў, паліцэйскіх участкаў.
«Прыяжджала браняваная машына, уся ў сьлядах ад куль, з выбітым шклом. Хлопцы, хутчэй за ўсё, прыехалі ў шпіталь, бо былі параненыя. У наш шпіталь прывезьлі вельмі шмат параненых. Учора ўвечары было 200 чалавек», — кажа Дар’я.
Ейны муж працуе ў шпіталі, займаецца тэхнічнай падтрымкай апаратаў. Калі здараюцца такія атакі, то ён мае заўсёды быць на сувязі, гатовы ехаць. Яны з калегамі працуюць па чарзе круглыя суткі.
Грамадзкі транспарт працуе, са словаў суразмоўцы, але кепска. Мала аўтобусаў, цягнікоў няма. Езьдзяць рэдкія машыны.
«Амаль увесь Ізраіль цяпер, асабліва хто служыў у баявых войсках, прызваныя ісьці ваяваць. Жанчыны засталіся зь дзецьмі, усе садкі і школы закрытыя. На поўдні амаль ніхто не працуе. Мне адмянілі працу на адзін дзень. Што далей, невядома. Працуюць толькі прадуктовыя крамы і шпіталі», — расказвае Дар’я.
Зь ейных словаў, на трасе паміж Ашкелонам і Ашдодам злавілі тэрарыстаў на машыне, іх забілі. За чатыры кілямэтры ад сэктара Газа пачалі эвакуаваць жыхароў.
«Бамбіць ХАМАС цяпер праблемна, бо там знаходзяцца закладнікі. Казалі, што іх можа быць каля 100 чалавек. Да таго ж грамадзяне Ізраіля жывуць у дамах, дзе знаходзяцца склады ХАМАС. Таму армія (Ізраілю) дзейнічае вельмі асьцярожна», — кажа суразмоўца.
Ранкам нядзелі ракета трапіла ў шпіталь, у мост паміж будынкамі, ніхто не пацярпеў.
«У Ашкелоне было вельмі шмат сырэн. Многія ракеты ня зьбілі. Былі прамыя пападаньні ў дамы, трапіла ў дом побач, насупраць дом на першы паверх трапіла, на паркоўку ўпала ракета. Такога на маёй памяці не было. Стралялі вельмі моцна. Жалезны купал ня мог зьбіваць усе ракеты, бо стралялі па ўсёй тэрыторыі залпам, без перапынку», — кажа яна.
Ёсьць тры тыпы сховішчаў. У шматкватэрным доме Дар’і браняваны пакой ёсьць у кожнай кватэры. У больш старых шмапавярховіках такі вялікі пакой ёсьць на першым паверсе і разьлічаны на цэлы пад’езд. Яны лічацца найбольш абароненымі. Для жыхароў прыватных дамоў, у якіх няма сховішча, мэрыя Ашкелона паставіла асобныя сховішчы побач з аўтобуснымі прыпынкамі.
Са словаў Дар’і, шмат хто ў апошнія два дні выгульваюць сабак, але блізка ад дамоў. Многія пэнсіянэры выходзяць пасядзець на лавачцы побач з домам. Ейны бацька працуе ў краме, кажа, што досыць шмат чалавек прыходзілі па прадукты, бо не пасьпелі закупіцца. Многія малыя крамы не адкрыліся, але вялікія працуюць. Дастаўкі ежы цяпер няма.
«Я цяпер чую, што ў нас грыміць. У Ашкелоне пакуль ціха, гэта або Сдэрот, або мяжа з Газай. Я чую ўсе гэтыя бумы. Прывыкнуць цяжка, бо гэта заўжды вельмі моцны стрэс, асабліва для тых, хто не нарадзіўся ў Ізраілі. Вельмі страшна, калі сырэна гучыць у тваім горадзе, тваім раёне», — апісвае Дар’я.
Ейны муж служыў у баявых войсках на мяжы з Газай, у яго большы імунітэт да гуку выбухаў.
У суботу, кажа Дар’я, кожную хвіліну-паўтары гучалі сырэны. Схадзіць у прыбіральню і памыцца можна было толькі вельмі хутка, таксама ўзяць нешта паесьці і бегчы назад у пакой бясьпекі. Ноччу яна спала ў пакоі бясьпекі, чула выбухі, атрымалася паспаць чатыры гадзіны. У нядзелю яна ўжо можа выйсьці ў іншыя пакоі, спакойна паесьці, прыбраць.
Беларуска жыве з катом. Кажа, што ў сховішчы заўсёды ёсьць запас ежы для ката. Ён перажывае выбухі спакойна. У ейных знаёмых жывёлы зьбягалі ад шуму, хтосьці паводзіў сябе вельмі нэрвова.
Толькі ў ейным атачэньні ёсьць некалькі чалавек, каго мабілізавалі ўчора ў войска. У аднаго са знаёмых шмат сяброў загінулі на мяжы з Газай падчас нападу баевікоў ранкам у суботу.
«Гэта ўсё вельмі сумна, бо ты ведаеш шмат знаёмых знаёмых, якія пацярпелі. Маці адпраўляюць сваіх маладых дзяцей на вайну. Гэта рэальнасьці Ізраілю. Ёсьць і добраахвотнікі. Гэта ў крыві. Людзі зь дзяцінства разумеюць, што калі здараецца ваеннае становішча, то маладыя хлопцы зьбіраюцца і ідуць ваяваць за сваю краіну. Тут мала хто ўхіляецца, бо гэта не прынята ў грамадзтве. Увесь Ізраіль — гэта армія», — кажа яна.
Яна кажа, што ніхто зь ейных знаёмых, хто даўно жыве ў Ізраілі, не разумеюць, як баевікі маглі прарвацца праз плот на мяжы, а таксама па моры, а дзяржава пра гэта ня ведала і не была падрыхтаваная.
«Цяпер у Ізраілі разумеюць, што не на гэтым трэба акцэнтаваць увагу. Цяпер трэба абараняць краіну, але да гэтага пытаньня трэба будзе вярнуцца», — кажа яна.
«Большасьць раненьняў агнястрэльныя»
Беларус Віктар таксама жыве ў Ашкелоне. Працуе псыхіятрам у шпіталі. Кажа, што ў горадзе сёньня нічога не працуе.
«У Здэроце за тры кілямэтры ад Газы яшчэ сёньня ранкам былі баі, людзі ў лужынах крыві, былі выкраданьні, нападзеньне на паліцэйскі ўчастак. Самая грандыёзная атака за 50 гадоў, гэта не перабольшваньне», — кажа ён.
У Ашкелоне цяпер няма абстрэлаў, працягвае суразмоўца. Ёсьць гул паветраных сілаў Ізраілю, самалётаў і гелікоптэраў. Зь ягоных словаў, у іхні шпіталь прывезьлі 80 целаў загінулых.
«Я бачыў недзе 18 целаў. Сярод іх ёсьць вайскоўцы, але большасьць мірных жыхароў. У загінулых траўмы перадусім агнястрэльныя. Хіба толькі ў пяці былі аскепачныя раненьні ад ракет. Прывозілі забітых з моладзевага фэстывалю побач са Здэротам. Канкрэтна я іх правяраў», — кажа лекар.
У суботу, 7 кастрычніка, ён застаўся на яшчэ адно дзяжурства пасьля працы ў пятніцу. На зьмену выйшлі амаль усе супрацоўнікі псыхіятрычнай службы.
«Я цэлы дзень слухаў людзей з панічнымі атакамі, у каго сын ці яшчэ хтосьці ў арміі, у каго перад вачыма загрэў хтосьці ці цела і рукі-ногі асобна. Наплыў будзе заўтра-пасьлязаўтра. За зьмену я прыняў 15-17 чалавек, уся псыхіятрычная службы прыняла 35-40 чалавек за дзень. Амаль усе зьвярнуліся ў сувязі з пачаткам вайны», – кажа псыхіятар.
У нядзелю ранкам ракета трапіла ў шпіталь у Ашкелёне, у пераход паміж карпусамі. У гэты момант Віктар знаходзіўся на другім паверсе. Яшчэ адна ракета ўпала на тэрыторыі шпіталя. Па словах Віктара, страху ў гэтай сытуацыі ён не адчуваў, толькі думаў, што трэба будзе дапамагаць людзям.
«Адчуваў злосьць на кіраўніцтва краіны, якія нічога не зрабілі, на Байдэна, якія мільярдаў даляраў размарозілі Ірану, а Іран фінансуе ХАМАС, і на Пуціна злосьць», — кажа суразмоўца.
Мэдык расказаў, як варта гаварыць зь дзецьмі пра вайну.
«Ня трэба казаць пра «чарнуху», колькі літраў крыві страцілі, якія раны. Але трэба казаць, што ёсьць ХАМАС, які хоча нас зьнішчыць глябальна», — тлумачыць ён.
Бацькам варта казаць дзецям пра свае эмоцыі: «Мне страшна».
«Бо дзіця бачыць бачыць, што з татам нешта ня так, ён шмат курыць, бегае туды-сюды, а кажа, што ўсё нармальна. У такога дзіцяці потым будзе дэпрэсія, бо ён бачыць адно, а адчувае іншае», — тлумачыць мэдык.
Паводле яго, варта казаць, што сытуацыя страшная, але дарослыя побач, прыдумаюць рашэньне.
«Дзіця больш ўбірае ў сябеа не рэальныя падзеі, а тое, як рэагуюць на гэта бацькі. Дзіця разумее, маці ў трывозе ці не і паесьці яму далі ці не», — расказвае Віктар.
Паводле ягоных назіраньняў, у гэты пэрыяд пагаршаецца стаўленьне да арабаў у Ізраілі. Іх жыве ў краіне каля 1,5 мільёна. Да іх кепскае стаўленьне з абодвух бакоў.
«Адзін з калегаў сказаў: я, відаць, застануся ў шпіталі начаваць, чым дадому паеду. Мне тут больш бясьпечна», — пераказвае мэдык.
«Я адчуваю сябе пры бомбах больш бясьпечна, чым у Беларусі»
Беларуска Ганна* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. – РС) жыве за 15-20 кілямэтраў ад Газы. Яна прачнулася а 6-й ранку ад гуку выбухаў. Кажа, што сыстэма жалезнага купала, якая зьбівае ракеты праціўніка, не спрацавала адразу. Сырэна, са словаў суразмоўцы, загучала таксама з апазьненьнем, толькі праз 10 хвілін. Былі прамыя пападаньні ў дамы.
«На суседняй вуліцы разарвалася ракета. Калі ўчора сядзелі ў бомбасховішчы, то дзьверы трэсьліся ад выбуху ракеты. З 11-й гадзіны вечара суботы да абеду нядзелі ў нас ціха. Гэта падазрона, бо так бывае перад моцнымі залпамі», — расказвае суразмоўца.
Паўдня яна правяла ў агульным бомбасховішчы ў іхнім доме.
«Там ты сустракаесься з усімі суседзямі. Першы раз, калі мы ўсе выскачылі, хтосьці яшчэ спаў, не прачнуўся. Ты выбягаеш у піжаме, не разумееш, што адбываецца», — кажа Ганна.
Калі суседзі сустрэліся ў сховішчы апоўдні, то чалавек, які адслужыў у арміі і знаходзіўся ў рэзэрве, ужо стаяў у форме, потым ён знаходзіўся там ужо са зброяй на вачах у дзяцей. Калі яму прыйшло паведамленьне, па яго прыехалі і ён пайшоў, кажа суразмоўца.
У розных мясцовасьцях у залежнасьці ад дыстанцыі ад мяжы, вызначаны розны час, за які трэба дабегчы да бомбасховішча ад пачатку сырэны. У іхным горадзе гэта паўтары хвіліны. Дзьверы ў бомбасховішчы былі адчыненыя, каб кожны мог схавацца.
«Было страшна трымаць іх адкрытымі. Тэрарысты былі і ў нашым горадзе, яны прыйшлі і па моры. Я іх ня бачыла, але пра іх казалі. Пра тэрарыстаў у горадзе людзі даведваюцца не ад уладаў, а ад сяброў, з групаў у сацыяльных сетках. Хтосьці піша: у мяне ў двары машына гарыць, хтосьці піша, што каля пляжа гарыць дом», — расказвае яна.
Тэрарысты, са словаў Ганны, калі ходзяць па горадзе, то не хаваюцца, не маскуюцца. Ходзяць у чорнай форме са зброяй. Цывільныя машыны езьдзяць, іх ня так шмат, езьдзяць паліцэйскія патрулі. Закрытыя школы, адміністрацыйныя будынкі. На вуліцы цішыня, але чуваць верталёты і самалёты.
«Учора быў шабат, машын амаль не было. З учора па ўсёй краіне ўвялі надзвычайнае становішча, мала хто выходзіў на вуліцу. Я бачыла, як некалькі рэлігійных габрэяў хадзілі маліцца ў сынагогу», — кажа Ганна.
Двое сяброў ейнай сяброўкі не вярнуліся з фэстывалю каля Здэрота.
«Некаторых людзей расстралялі, калі яны ўжо селі ў машыну або выбягалі з машыны. Кагосьці ўзялі ў палон», — тлумачыць суразмоўца.
Паводле жанчыны, дзяцей рыхтуюць да такіх абвастрэньняў у школе, паказваюць відэа. Сям’я перажыла чатыры падобныя атакі за час жыцьця ў Ізраілі, але цяперашняя самая моцная.
«Мы кажам дзецям праўду, што ёсьць ракеты, якія прылятаюць на гэтую дзяржаву, але ёсьць купал, які нас абараняе. Вучым, што заўсёды, калі празьвініць сырэна, то трэба бегчы ў мамад (сховішча). Калі не пасьпяваеш, то на лесьвічную пляцоўку і спусьціцца на некалькі паверхаў ніжэй. Дзеці гэта вывучылі добра. Калі празьвінела сырэна, то сын сонны выскачыў на лесьвічную пляцоўку», — расказвае суразмоўца.
Яна адзначае, што калі здараюцца выбухі, то ў дзяцей пачынаецца паніка, яны плачуць, прапануюць зьехаць. У вачах страх.
«Мы гаворым зь дзецьмі, тлумачым свае дзеяньні, тлумачым, што варта рабіць. Галоўнае не глядзець пры дзецях навіны і не паказваць ім відэа, якія могуць іх шакаваць. Адцягваць увагу дзяцей любымі спосабамі», – кажа яна.
У нядзелю настаўнікі праводзілі сустрэчу онлайн для дзяцей, каб падтрымаць іх. Перапісваюцца зь дзецьмі ў чаце онлайн.
Ганна мяркуе, што вайна можа прымусіць некаторых выехаць з краіны, асабліва, хто нядаўна прыехаў. Яна сама не зьбіраецца выяжджаць.
«Я тут сябе адчуваю пры бомбах больш бясьпечна, чым там (у Беларусі. – РС), дзе мой дом, двор, дзе я жыла і гуляла зь дзецьмі, акружалі людзі ў балаклавах, але не тэрарысты, а тыя, хто нібыта павінен абараняць. Мне тады было больш страшна», — успамінае беларуска.
Яна кажа, што ў войска цяпер ідуць шмат добраахвотнікаў. Таксама шмат валянтэраў, якія хочуць здаць кроў для параненых, у шпіталі не хапае месцаў для іх. У групах у сацыяльных сетках шмат прапановаў дапамогі: прыняць у сябе дома, завезьці кудысьці кагосьці. Шмат інфармацыі, што людзі шукаюць сваіх родных. Адкрытыя пункты пошуку пацярпелых.
Яна таксама адзначае, што людзі не задаволеныя дзеяньнямі ўраду. Толькі каля 8-9 ранку зьявілася інфармацыя пра напад, хаця бамбіць пачалі ў 6:30.
«Гэта вельмі дзіўна. У Ізраілі ніколі такога не было. Хто жыве тут вельмі даўно, кажуць, што ніколі такога на тэрыторыі Ізраіля не было, каб так ціха ўварваліся і каб не было папярэджаньня пра магчымыя спробы атакі. Калі шок прайшоў, людзі пачынаюць абурацца, дзе вы былі з самай моцнай абаронай? Хто вінаваты, будуць разьбірацца пазьней».
На думку суразмоўцы, магчымая прычына ў такім уварваньні можа быць у тым, што вайскоўцы расслабіліся. Перад нападам прайшлі тры важныя сьвяты Ізраіля: Новы год, Судны дзень, зь пятніцы на суботу 7 кастрычніка было сьвята збору ўраджаю, потым шабат.
«Кажуць, што гэта рыхтавалася загадзя. Тэрарыстычныя акты тут часта адбываецца ў знакавыя сьвяты для ізраільскага народу», — кажа Ганна.