Як стала вядома Свабодзе, сваякі Ўладзімера Гундара дакладна ня ведаюць, дзе яго трымаюць цяпер: у ШЫЗА, ПКТ ці ў атрадзе калёніі.
«Сёньня 57 дзён, як ад яго няма ні лістоў, ні званкоў, і вярнулася бандэроль, якую яму дасылалі. Днямі ў сваякоў была сустрэча з адказным супрацоўнікам калёніі, але ўцямнага адказу, дзе ён, атрымаць не ўдалося. Кажуць, што ў калёніі, а яшчэ кажуць, што зь ім усё нармальна, нібыта даюць яму патрэбныя лекі», — расказала крыніца, якая кантактуе з сваякамі палітвязьня.
Яшчэ на волі Ўладзімер Гундар у выніку хваробы страціў нагу вышэй калена і ў паўсядзённым жыцьці карыстаўся пратэзам. Аднак у СІЗА пратэз у палітвязьня адабралі, і з таго часу ён перасоўваецца на мыліцах. Паводле сваякоў, у калёніі ў часе паміж шыхтаваньнем ён у асноўным сядзеў на лавачцы і дыхаў сьвежым паветрам. Ці можа ён у штрафным ізалятары ці ў памяшканьні камэрнага тыпу выходзіць на прагулкі, сваякі ня ведаюць.
Другой праблемай са здароўем у палітвязьня стала частковая страта слыху. Улетку Ўладзімер Гундар расказаў сваякам, што быў аглух на адно вуха, але пазьней слых часткова аднавіўся. Што цяпер са слыхам у Ўладзімера Гундара, сваякам невядома.
«Забаранілі спатканьне. Чытае і гуляе ў шахматы»
У жніўні ўжо трэці дзень народзінаў адзначыла ў няволі былая прадпрымальніца зь Берасьця Ірына Мерхель, якая праходзіла разам з Уладзімерам Гундарам па адной справе аб тэрарызьме і атрымала ад суду 17 гадоў зьняволеньня. З траўня жанчыну трымаюць у гомельскай калёніі № 4.
Сваякі непакояцца найперш за здароўе палітзьняволенай, якой споўнілася ўжо 68 гадоў. Сьпіс хвароб, ад якіх пакутуе жанчына, немалы. Пры гэтым сваякі кажуць, што ў калёніі ёй не перадаюць усіх лекаў, якія яны ёй дасылаюць.
«Разьлічвала на доўгатэрміновае спатканьне, але не дазволілі. А вось на ліставаньне не наракае, і відэазванок далі. Пасьля відэазванку сваякі кажуць, што заўважна схуднела. Пра сябе паведаміла, што шмат чытае, ды яшчэ бавіць вольны час тым, што гуляе ў шахматы», — паведаміў сваяк пра палітзьняволеную Ірыну Мельхер.
Акрамя абвінавачаньня ў тэрарызьме, Ірына Мельхер была асуджаная паводле 342 артыкула за ўдзел у вядомым карагодзе, які адбыўся ў Берасьці 13 верасьня 2020 году на знак пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. Пратэстоўцаў тады ўпершыню разагналі вадамётам. Паводле праваабаронцаў, пазьней да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у карагодзе прыцягнулі 81 чалавека, у тым ліку прадпрымальніцу Ірыну Мельхер.
«Паўла рыхтуюць да „крытай турмы“»
Па справе аб тэрарызьме ўсяго было асуджана 11 чалавек. Сярод іх — сям’я Разановічаў зь Берасьця: Любоў, Сяргей і іх сын Павал. Сяргей Разановіч — праваслаўны сьвятар, які служыў у Жабінкаўскім раёне, Любоў — былая ўладальніца службы таксі, а Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня аднаго з раёнаў Берасьця. Паводле прысуду, Разановічы дапамагалі асуджанаму за тэрарызм праваабаронцу Мікалаю Аўтуховічу, зь якім былі знаёмыя. Крыніца, зьвязаная з сваякамі Разановічаў, расказала апошнія навіны пра іх знаходжаньне ў вязьніцах.
«Любоў адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі. Была ўжо ў ШЫЗА, цяпер лісты даходзяць, але не рэгулярна. Кажа, што ёй цяжка пісаць, бо рука нямее. Сяргея, былога сьвятара, трымаюць у калёніі № 15 пад Магілёвам. Ён пагадзіўся працаваць, хоць мае інваліднасьць. Такі чалавек — калі трэба, дык трэба. А вось іх сын Павал — у шклоўскай калёніі. Нібыта зазнаў ШЫЗА, а цяпер адправілі ў ПКТ. Ёсьць небясьпека, што трапіць у крытую турму, бо мае шмат пакараньняў», — паведаміла крыніца пра сям’ю сьвятара Сяргея Разановіча.
Паводле прысуду Сяргей і ягоны сын Павал пакараны кожны 16 гадамі зьняволеньня, Любоў Разановіч асуджаная на 15 гадоў.